Ці загавораць кітайцы на мове Коласа?

Источник материала:  
21.02.2012 09:43 — Новости Общества

Ці загавораць кітайцы на мове Коласа?


Для сучаснага чалавека валоданне замежнай мовай — абавязковы "пункцік" яго жыццёвых планаў. Гэта і прафесійны складнік, і проста карыснае захапленне. Сёння вывучыць тую ці іншую мову зусім няцяжка: шматлікія школы і інстытуты прапаноўваюць безліч курсаў і праграм. Англійская ці нямецкая, французская ці італьянская, кітайская ці японская, інданезійская ці кечуа — выбар, як той казаў, на любы густ. А ці задумваўся хто з беларусаў, што для кагосьці наша родная мова з'яўляецца вельмі цяжкай і складанай, нават экзатычнай? Што дзеля таго, каб авалодаць ёю, хтосьці прыкладае шмат сіл і намаганняў? "Хто гэта можа быць?" — спытаеце вы. Дык хоць кітайскія студэнты, якія прыехалі ў Беларусь атрымаць вышэйшую адукацыю!

Юлія Назаранка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Інстытута журналістыкі БДУ, ужо два гады выкладае студэнтам-кітайцам беларускую мову. Справа гэтая як для выкладчыка, так і для студэнтаў-замежнікаў зусім няпростая. Тым не менш, даволі цікавая і плённая. Беларуская і кітайская — дзве розныя, непадобныя адна да адной мовы. Таму навучыць кітайцаў размаўляць па-беларуску — быццам навучыць іх увогуле нанова гаварыць.

— Найперш студэнты знаёмяцца з фанетычным ладам беларускай мовы, прынамсі ў параўнанні з рускай, якой яны больш-менш валодаюць пасля падрыхтоўчага факультэта, — расказвае Юлія Назаранка. — Усе фанетычныя асаблівасці, а менавіта цвёрдае вымаўленне ж, ш, ч, р, фрыкатыўнае г мы разам засвойваем, калі ўзнікаюць памылкі, тут жа іх выпраўляем. Складана, але студэнты шмат пішуць, чытаюць, увесь час паўтараюць. Калі штосьці незразумела па-беларуску, у якасці пасрэдніка карыстаемся рускай мовай.

Заняткі праходзяць у групах па 10-15 чалавек, таму кожнаму хапае ўвагі. Але варта адзначыць, што ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў даволі розны. Некаторыя кітайцы лёгка чытаюць і ўспрымаюць беларускую мову, а для кагосьці формулы вітання — мяжа магчымасцяў. Затое кемлівасці ў іх хапае з лішкам. Калі спытаць у кітайца, якія беларускія словы ведае, ён хуценька дастане праязныя білеты і пачне пералічваць: студзень, люты, сакавік, красавік і г.д.

Каб удасканальваць свае маўленчыя ўменні, многія студэнты вучаць вершы на памяць. Гэта і дзіцячыя чатырохрадкоўі, і сур'ёзныя творы класікаў. Дарэчы, у снежні ў Інстытуце журналістыкі праходзілі чытанні ў гонар 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Сярод іх удзельнікаў былі і студэнты-замежнікі. Плануецца, што да 130-й гадавіны Якуба Коласа яны зноў прадэкламуюць вершы беларускага класіка.

— Я трошкі ведаю беларускую мову. Яна вельмі прыгожая, — адзначае былы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ Пэй Ван. — Нават чытаў некаторыя творы пісьменнікаў Беларусі. Гэта сапраўды вельмі цяжка. Паэзію лягчэй зразумець.

— Я ведаю толькі некалькі беларускіх слоў, — кажа студэнт гуманітарнага факультэта БДУ Ксяо Чэн. — Мне падабаецца беларуская мова, але дасканала авалодаць ёй вельмі цяжка. Бо амаль усе навокал размаўляюць па-руску, з беларускай мовай я сутыкаюся толькі на занятках. Гэтага вельмі мала.

— Прабачце, але я амаль не размаўляю па-беларуску. Зараз я вывучаю толькі рускую мову. Адчуваю, што беларуская мова падобна да рускай: пра штосьці нават магу здагадацца, — распавядае магістрантка філфака БДУ Цзын Ван. — Беларуская мова — нацыянальная мова Беларусі, сімвал яе незалежнасці. Але чамусьці беларусы рэдка на ёй гавораць. Чаму?.. Вось я, напрыклад, з задавальненнем вывучыла б беларускую, хоць мне яна падаецца вельмі экзатычнай.

Той фактар, што студэнты-кітайцы не знаходзяцца ў беларускамоўным асяродку, замінае іх больш лёгкаму навучанню. Так лічыць і Юлія Назаранка. Але як цяжка б ім не прыходзілася, многія замежныя студэнты маюць вялікае жаданне спасцігнуць, адчуць прыгажосць беларускай мовы. Прыкра, што такога жадання не назіраецца сярод многіх беларусаў. Шкада, што родная мова для нас становіцца экзотыкай...

←Может ли мужчина сделать карьеру "за красивые глаза"?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика