Залатая восень
У няпросты час давядзецца парламентарыям прымаць галоўныя фінансавыя дакументы краіны
З-за цьмянай сітуацыі на валютным рынку фарміраванне бюджэту на будучы год было перанесена на кастрычнік — лістапад. Але ў работу над дакументам парламентарыі ўключыліся яшчэ ў сакавіку. Напрацоўкамі падзяліўся з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы Аляксандр АНТОНЕНКА. Які кошт на газ закладваецца ў праект? Пры распрацоўцы дакумента "часта гучыць лічба 288 долараў за тысячу кубаметраў", распавёў дэпутат, але якім дакладна будзе кошт, сёння яшчэ ніхто не ведае. Бо налета да Беларусі пачнуць прымяняць паніжальны інтэграцыйны каэфіцыент. Чарговы газавы кантракт 2012 — 2014, як чакаюць парламентарыі, падпішуць у лістападзе — снежні. Тады сітуацыя стане больш відавочнай.
Асноўныя артыкулы выдаткаў, паводле інфармацыі спадара Антоненкі, захаваюцца ў будучым бюджэце, і ён застанецца сацыяльна арыентаваным. Народны выбраннік канстатаваў, што на спажывецкім рынку сёння не ўсё стабільна. Але аптымізму не губляе: "Мы разлічваем на спыненне росту цэн, а магчыма, і зніжэнне", — дзеліцца сваім меркаваннем дэпутат. Падставу для такіх разваг яму дае нядаўняя тэндэнцыя да ўмацавання беларускага рубля. "Мы хацелі б, каб урад больш актыўна ўмешваўся ў працэсы эканомікі", — падкрэслівае парламентарый. У прыватнасці, гэта датычыцца фарміравання цэн.
Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей МАРТЫНАЎ прэзентаваў у Авальнай зале дакументы для ратыфікацыі, якія дазволяць павысіць эфектыўнасць дзейнасці АДКБ, што асабліва актуальна, бо наша краіна якраз старшынствуе ў арганізацыі. Пасля выступлення кіраўнік знешнепалітычнага ведамства пракаментаваў журналістам нядаўнія пасажы з Усходнім партнёрствам. Беларусь не ўзяла ўдзелу ў саміце, але ўдзел ва Усходнім партнёрстве, паводле слоў міністра, захоўваецца. С. Мартынаў адзначыў, што ў праграме ёсць шэраг недахопаў, і галоўны з іх — адсутнасць рэальных, практычных спраў. Беларускі бок настойвае, каб большы акцэнт рабіўся на праектную дзейнасць. Аналагічнага меркавання, паводле слоў кіраўніка МЗС, прытрымліваюцца і іншыя краіны-партнёры. Ён распавёў, што Беларусь прапанавала ўжо больш як 20 праектаў сумесна з Літвой і Украінай. Ідзе сур'ёзная карпатлівая работа на экспертным узроўні па ўзаемадзеянні мытных органаў, супрацоўніцтве ў энергетыцы, барацьбе з карупцыяй, кіберзлачыннасцю, наркатрафікам. Таму, пры ўсіх недахопах, якія знаходзіць Беларусь ва Усходнім партнёрстве, яна бачыць таксама і карысць. У патэнцыяле.
Папярэдзіў міністр і магчымыя інсінуацыі на тэму памілавання Дзмітрыя Уса, асуджанага за ўдзел у акцыі 19 снежня: гэты крок не з'яўляецца пачаткам выканання патрабаванняў, якія вылучае ЕС перад Беларуссю. "Гэта не значыць, што мы займаемся выкананнем чыіх-небудзь патрабаванняў, мы выконваем уласныя законы. У краіне прымаюцца рашэнні, зыходзячы з яе ўласных патрэб".
У першага намесніка міністра фінансаў Уладзіміра АМАРЫНА, які прадстаўляў для ратыфікацыі дакумент, дзякуючы якому павялічыцца права голасу Беларусі ў МВФ, дэпутаты цікавіліся злабадзённым. Сітуацыяй на валютным рынку краіны. Пыталіся, ці ёсць неабходнасць у знешнім запазычанні і якія перспектывы атрымаць яго ў МВФ. Спадар Амарын паведаміў, што ў найбліжэйшы час да нас прыязджае місія Міжнароднага валютнага фонду. Яна будзе працаваць тут з 4 па 18 кастрычніка. "Магчыма, па выніках работы місіі будзе разглядацца пытанне аб новай праграме з МВФ", — кажа першы намеснік міністра. Ён акцэнтаваў, што абавязацельствы па ранейшых пазыках Беларусь выконвае своечасова. Сума новага крэдыту, на які можа разлічваць Беларусь, абмяжоўваецца 7 млрд долараў. У. Амарын не выключае, што новая праграма будзе дастаткова жорсткай ва ўмовах — нават больш жорсткай, чым вылучэнне сродкаў з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Чарговы транш, дарэчы, Беларусь павінна атрымаць да канца месяца, адзначае першы намеснік міністра фінансаў. Сума складзе 440 млн долараў.
Пра фінансы ішла размова і ў верхняй палаце парламента. Дагэтуль у таргах валютай на дадатковай сесіі абыходзілася без уліванняў Нацбанка. Аднак, магчыма, у кастрычніку інтэрвенцыі спатрэбяцца, "каб не даць рэзкага скачку долару ўверх", як заўважыла Надзея ЕРМАКОВА, старшыня праўлення Нацбанка. Яна ўдакладніла, што валютныя інтэрвенцыі магчымы толькі за кошт сродкаў, якія атрымалася назапасіць за два мінулыя месяцы.
Нацбанк пакуль не вызначыўся ў неабходнасці далейшага павышэння стаўкі рэфінансавання. Сёння яна складае 30 адсоткаў. "Стаўка рэфінансавання павінна быць крыху вышэй за інфляцыю, ці як мінімум побач з ёй", — інфармуе старшыня праўлення. Прыблізна ў першай дэкадзе кастрычніка ў распараджэнні Нацбанка будзе статыстыка па інфляцыі, тады сумесна з урадам і будзе прымацца рашэнне.
— У прынцыпе, сёння стаўка рэфінансавання перастала адыгрываць сваю ролю. Адсоткі па ўкладах насельніцтва нашмат вышэйшыя і дасягаюць 40—45%, крэдыты таксама дасягаюць 40%, — тлумачыць кіраўнік галоўнага банка краіны. — Калі мы стаўку будзем павышаць, яна ўсё роўна не дасягне інфляцыі. Калі зрабіць яе 80 адсоткаў, мы можам практычна спыніць эканоміку. У пэўныя перыяды стаўка рэфінансавання не спрацоўвае. Так што пытанне пакуль адкрытае. Але ад цаны пытання залежыць працэнт, пад які Нацбанк будзе падмацоўваць камерцыйныя банкі стандартнымі інструментамі. Штодня ён крэдытуе пад 40 адсоткаў "Беларусбанк" і "Белаграпрамбанк". "Мы такім чынам можам разарыць банкі і страціць эканоміку", — робіць выснову Н.Ермакова. Попыт на крэдыты з боку прадпрыемстваў зніжаецца, але пакуль недастаткова.Магчымасці знешняй пазыкі ёсць: прынцыповая згода атрымана ўжо ад Ірана, паведамляе кіраўнік Нацбанка. Сума складзе 400 млн долараў. Паступленні чакаюцца таксама з Расіі: у памеры 1 млрд долараў. Таму і не дзіўна, што ключавым прынцыпам налета, паводле выразу Надзеі Ермаковай, будзе "жыць па сродках".
Галоўная мэта падначаленай ёй структуры сёння — збліжэнне курса на асноўнай і дадатковай сесіях. Устанаўленне новага афіцыйнага курсу беларускага рубля і адмова ад дадатковай сесіі таргоў не за гарамі, калі верыць прагнозу старшыні Нацбанка. "Неабходны яшчэ месяц, магчыма, паўтара, каб убачыць раўнаважны курс. Мабыць, нам трэба пратрымацца яшчэ два тыдні, каб пераканацца, што курс сапраўды раўнаважны". Такую выснову можна будзе зрабіць у выпадку, калі на працягу двух тыдняў адбудзецца збліжэнне курсу попыту і прапановы. Так ці інакш, любая акрэсленасць у нас цяпер цэніцца на вагу золата.
Зоя ВАРАНЦОВА.