ФАКТ
Крычаў адзначыў свой юбілей: гэтаму раённаму цэнтру споўнілася 875 гадоў.
Гарадское свята адбылося 30 верасня, бо менавіта ў гэты дзень Крычаў вызвалілі ад фашысцкіх войскаў. Павіншаваць крычаўцаў прыехалі госці з суседніх раёнаў Магілёўшчыны, Расіі і Украіны. На падворках ад аграгарадкоў Крычаўскага раёна заклікалі гасцей спяваць і танцаваць пад гармонік, частавацца беларускімі прысмакамі. На гарадскім стадыёне праходзілі канцэрты. Навучэнцы мастацкай школы разгарнулі выставу, народныя майстры прапаноўвалі свае работы. Вялікую цікавасць выклікалі вядомыя ад старажытнасці крычаўскія гліняныя свістулькі.
Ілона Іванова.
Грыбныя галюцынацыіКаля Магілёва тры маладыя чалавекі затрыманы з мяшэчкам "вясёлых" грыбоў.
У міліцыі гавораць, што з падобнымі дарамі лесу яны сутыкаюцца другі год запар: дзіўна, што грыбы, радзімай якіх лічыцца Мексіка і Цэнтральная Амерыка, з'явіліся паблізу абласнога цэнтра. Так ці інакш, але яны ўтрымліваюць рэчыва, якое выклікае галюцынацыі. Збіральнікі грыбоў сцвярджалі, што яны прызначаліся для ўласнага карыстання, але галюцынагену павінна было б хапіць на некалькі соцень доз. Цяпер супраць маладых людзей распачата крымінальная справа.
Алена Казлова.
Бомж- вымагальнікЦяпер, як вядома, ля пад'ездаў начуюць нават нятанныя машыны.
Вось і вырашыў скарыстацца гэтай акалічнасцю адзін брэсцкі бомж. Ён пачаў пагражаць дырэктару сумеснай фірмы, што паб'е яго дарагое аўто, калі той не заплаціць 500 долараў. Дырэктар першы "транш" у памеры 100 долараў перадаў вымагальніку, але звярнуўся ў міліцыю. Бамжа затрымалі і пасадзілі ў камеру папярэдняга зняволення. А можа, "грамадзяніну свету" таго і трэба было: зіма хутка?
Яна СВЕТАВА.