Каляндар: 75 год Васілю Шаранговічу, 95 Уладзіміру Алоўнікаву
І іншыя даты гэтага тыдня.
12 студзеня. 95 гадоў з дня нараджэння Васіля Хомчанкі (1919 – 1992), беларускага пісьменніка.
***
14 студзеня. 110 гадоў з дня нараджэння Віктара Белага (Аронавіча, 1904 – 1983), кампазітара, музычнага публіцыста, народнага артыста Расіі, заслужанага артыста Беларусі.
***
75 гадоў з дня нараджэння (1939) Васіля Шаранговіча, беларускага графіка, педагога. Заслужаны дзеяч мастатцтваў Беларусі (1978). Заслужаны дзеяч культуры По-льшчы (1986). Народны мастак Беларусі (1991). Прафесар (1981). Нарадзіўся на Мядзельшчыне, у сям’і каваля. Першай настаўніцай жывапісу для Васіля была мама, якая сама марыла стаць мастачкай, ды не мела магчымасці.
Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (БТМІ, 1966) Васіль Шаранговіч працаваў у выдавецтве “Беларусь”, а пасля на працягу 25 гадоў загадчыкам кафедры графікі, прарэктарам па навучальнай працы і рэктарам БТМІ. З 1997 года Васіль Шаранговіч на працягу 12 гадоў займаў пасаду дырэктара Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Сёння кіраўніком гэтага музея з’яўляецца яго дачка, Натальля Васільеўна Шаранговіч.
За больш чым сорак гадоў творчасці мастак праілюстраваў больш за 60 кніг, палова з якіх адзначаная на ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсах, у тым ліку чатырма дыпломамі і медалямі Францішка Скарыны. У станкавай графіцы шырока ўжывае нацыянальныя мастацкія традыцыі. У 1986 за нізку гравюраў “Памяці вогненных вёсак” Васіль Шаранговіч быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі і бронзавым медалём трыянале “Майданэк-85” у По-льшчы. Выставы мастака экспанаваліся ў многіх краінах Еўропы, Азіі і Амерыкі. Ілюстраваў “Маніфест Камуністычнае партыі”, дзіцячую кнігу “Залаты ключык”, выданні паэмаў Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” і Якуба Коласа “Новая зямля”. Літаграфія Леніна, створаная Шаранговічам, прызнаная найлепшай у Савецкім Саюзе.
***
16 студзеня. 95 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Алоўнікава (1919 – 1996), беларускага кампазітара, народнага артыста Беларусі.
Падрыхтавала Марыя БЕРАСНЕВА.
Фота zn.by.