Праспявалi. Што далей?
Адным з лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь стаў аўтарскі калектыў дзіцячага тэлевізійнага музычнага конкурсу «Я спяваю!» АНТ (на здымку). З гэтай нагоды мы сустрэліся з дырэктарам дырэкцыі спецыяльных праектаў канала Анжэлай МІКУЛЬСКАЙ.
— Раскажыце, як праект з’явіўся на АНТ?
— Ён створаны творчай групай канала АНТ. І хоць зроблены ў выглядзе музычнага конкурсу, ён перш за ўсё пра сям’ю. Мы задумаліся, ці зможам уплываць на лёс дзіцяці, змяніць яго? І сёння дзякуючы праекту аб’ядноўваюцца сем’і, бацькі вяртаюцца да дзяцей і г.д. Мы верым, што ўсе памылкі можна выправіць.
Вось адна гісторыя. У жанчыны было трое дзяцей, усе апынуліся ў прытулках, і калі адну з дзяўчынак маці ўбачыла на сцэне, яна зразумела, што хоча забраць іх дамоў. Мы дапамаглі ёй у гэтым. У песнях дзіцяці быў такі боль… Падобныя сітуацыі не могуць пакінуць абыякавым. Атрымліваецца, што праз песню паказваем лёс. Шкада толькі, што мы можам дапамагчы далёка не ўсім.
— Ці шмат жадаючых удзельнічаць у праекце?
— Кожны раз на адбор прыходзяць тысяча-дзве чалавек. Мы былі б не супраць браць і больш дзяцей. Але гэта тэлевізійны праект, фармат якога дазваляе запрашаць толькі дзесяць хлопчыкаў і дзяўчынак. Трэба ўлічваць, што нам даводзіцца шмат працаваць з дзецьмі. Ва ўсіх іх ёсць здольнасці, але педагогам прыходзіцца пачынаць, можна сказаць, з нуля. Мы вучым спяваць правільна, прыгожа трымацца на сцэне і г.д. На гэта патрэбны месяцы.
— Ці сочыце за лёсам дзяцей пасля шоу?
— Абавязкова. Імкнёмся быць побач, дапамагаем, чым можам. Запрашаем у іншыя праекты АНТ, адпраўляем на міжнародныя конкурсы. Прыемна, што многія вырашылі далей займацца музыкай, пайшлі ў спецыялізаваныя школы, некаторыя ўжо сталі салістамі дзіцячых калектываў. Больш таго, часам дапамагаем і ў рашэнні асабістых пытанняў: бацькі і апекуны тэлефануюць нам па розных пытаннях.
— Раскажыце, чаму вядучым праекта быў выбраны Дзмітрый Астрахан?
— Мы хацелі, каб дзеці бачылі ў вядучым бацьку, добрага чалавека. Дзмітрый Хананавіч выдатна падышоў на гэтую ролю. У яго шэсць дзяцей, ён размаўляе з імі на адной мове. Адносіцца да іх пяшчотна. Заўважылі, што часам і ў яго наварочвалася скупая мужчынская сляза? Мы і экспертаў выбіраем толькі са станоўчай энергетыкай. Падходзім да гэтага сур’ёзна, бо працуем з дзецьмі з няпростым лёсам.
— Як думаеце, праект будзе жыць доўга?
— Гледачы ўжо ўбачылі тры сезоны, мы запісалі і чацвёрты. Нас пастаянна просяць, каб мы рабілі праект часцей, чым раз у год. Гэта складана. Цікавасць у гледачоў ёсць. Думаю, што праект будзе жыць доўга.
— Раскажыце, калi ласка, пра людзей, якія ствараюць «Я спяваю!».
— Гэта вялікая каманда. І ўсе яны прафесіяналы, пачынаючы з адміністратараў і заканчваючы творчымі людзьмі: педагогамі па вакале, харэографамі і г.д. Галоўнае ў іх — душэўная дабрыня. За час праекта яны пражываюць жыццё кожнага дзіцяці. Дзякую ім за тое, што не шкадуюць сваіх сіл. Асобна адзначу Алену Лобач, нашага выканаўчага прадзюсара.