Каляды: "У нас няма лядовых палацаў і модных стадыёнаў, таму мы кампенсуем гэта простымі чалавечымі зносінамі"

Источник материала:  
10.01.2014 — Разное

Ад Палачанаў да Маладзечна прыкладна 20 кіламетраў. Усяго 20, але прыехаўшы сюды, разумееш,  на якой вялікай адлегласці ад гараджан тыя традыцыі, якія жывуць тут, у звычайнай вёсцы Маладзечанскага раёна.

Кожны год свята аднавяскоўцам і жыхарам навакольных вёсак дораць работнікі Палачанскага Дома культуры мастацкі кіраўнік Людміла Кандратовіч і акампаніятар Віктар Сыракваш.


Дапамагаюць ім энтузіясты Яўген Каткоўскі і Андрэй Афанасенка, асноўная праца якіх не звязаная з культурай: Яўген працуе качагарам, Андрэй – будаўніком.

Звычайна ім дапамагаюць вучні мясцовай школы, але 7 студзеня карэспандэнтаў “РГ” запрасілі прыняць непасрэдны ўдзел у абрадзе, апрануўшы ў касцюмы калядоўшчыкаў.

Сёння ў Палачанах 373 двары. Павіншаваць усіх немагчыма, але людзі крыўдзяцца, калі калядоўшчыкі мінаюць іх дамы. Таму што прыход іх здаўна лічыўся добрым сімвалам, бо нясуць добрыя пажаданні на будучы год. Калі яны прыйшлі да цябе, значыць, цябе паважаюць.

У абрадзе калядавання выпадковых рэчаў няма. Кожнае дзеянне, кожны прадмет мае сваё сімвалічнае значэнне.


Першы сярод калядуючых – гэта чалавек, які нясе калядную зорку. Яна сімвалізуе Віфлеемскую зорку, асноўны сімвал Калядаў.

За ім ідуць Дзед Мароз і Снягурачка, якія сімвалізуюць мароз, надвор’е, характэрнае для гэтага часу года. Праўда, сёлетнія калядоўшчыкі шмат жартавалі: ці не перайменаваць Дзеда Мароза ў Дзеда Адлігу. Ніхто з гаспадароў хат, да якіх мы заходзілі, не мог прыгадаць Каляды без снегу, а тым больш, каб людзі заходзілі ў хаты, мокрыя ад дажджу.

Сярод калядоўшчыкаў абавязкова павінна быць каза. Ёй надавалася асаблівае значэнне – прыцягваць багацце ў хату, садзейнічаць добраму ўраджаю.

100 гадоў не танцавала

У кожнай хаце Каза танцавала з гаспадаром і гаспадыняй.


Калі Каза першая кідалася ў скокі, немагчыма было стаяць на месцы, каб не станцаваць з ёй.

Гаспадыня адной з хат пасля такога гарэзлівага танца прызналася, што 100 гадоў так не танцавала.

Адразу пасля танца каза раптоўна валілася на падлогу і дрыгала нагой.


Калядоўшчыкі прыгаворвалі: “Каза казала, што каб яна ўстала, ёй трэба даць кавалак сала”.

Гаспадары адразу частавалі хто чым: морквай, цукеркай, мандарынамі, кілбасой.

А калі Каза не хацела ўставаць з падлогі, гаспадары запрашалі да стала, які быў багата накрыты ў кожнай хаце. На ім былі традыцыйныя калядныя стравы: аладкі, абаранкі з макам, кісель, дамашні сыр, куцця з гранатавымі зярняткамі і, канешне ж, шмат мясных і рыбных страў.

Звычайна калядоўшчыкі прыходзяць разам з Мядзведзем, які выпрошваў у гаспадароў салодзенькае. Але гэтым разам мядзведзя не было.


Затое быў акампаніятар Віктар Сыракваш, які дарыў гаспадарам віншаванні ў вершах, якія сам напісаў, іграў на гармоніку і спяваў уласныя песні. А калі Віктар найграваў на гармоніку матывы прыпевак, калядоўшчыкі спявалі іх, перабіваючы адзін аднаго. Столькі прыпевак тут ведаюць!

У кампаніі калядоўшчыкаў бываюць персанажы розныя. У нас была цыганка.


У кожнай хаце нас віталі вельмі гасцінна, але чаму так, мы зразумелі толькі ў хаце Ніны Станкевіч, якая адказала на гэтае пытанне вельмі проста:

− У нас няма лядовых палацаў і модных стадыёнаў, таму мы кампенсуем гэта простымі чалавечымі зносінамі. Для нас, вяскоўцаў, чалавек – гэта галоўнае багацце. А вы, гарадскія, забываецеся пра гэта.

Калядная варажба спраўджваецца

Гаспадарам было прыемна прыгадаць, як святкавалі Каляды раней.


І сёння помніцца, як спраўджвалася калядная варажба.

Людміла Кандратовіч прыгадвала, як варажылі па сене, што клалі пад абрус. Хто выцягне самую доўгую травіну, той пражыве даўжэй. Самай простай была варажба па брэху сабакі. У якім баку сабака падасць голас, туды і замуж пойдзеш.

− Так і спраўдзілася. Варажылі мы з сяброўкай. Яна выйшла на ганак і пачула, як сабака забрахаў з боку суседняй вёскі. А я не паспела выйсці за парог, як сабака гаўкнуў. Відаць, рана было думаць пра вяселле, я ж тады школьніцай была.

У той жа калядны вечар мы прыкладалі вуха да зямлі, каб пачуць, што чакае нас у будучыні.


Мая сяброўка першая прыклала вуха і паклікала мяне, каб я пачула тое, што і яна. А ёй падаліся гукі вяселля, быццам шмат людзей спяваюць вясельныя песні. А я чула толькі, як гудуць электрычныя правады, што настылі на марозе. А праз два месяцы ўжо і ладзілі сяброўцы вяселле.

Услед за Людмілай сваю маладосць пачала прыгадваць гаспадыня Ніна Станкевіч.

− А я і без варажбы замуж пайшла ў 17 гадоў. Адразу ж пасля вяселля пайшла жыць да свекрыві, пакуль муж служыў у арміі тры з паловай гады. Усяму таму, што я ўмею рабіць па гаспадарцы навучыла мяне свякроў.


Як адзначалі Каляды

Цяпер не выконваецца і дзясятая частка тых старадаўніх абрадаў, адзначыла Людміла Кандратовіч. Але ўсё ж такія асновы мы ведаць і захоўваць павінны.

Асаблівае месца ў святкаванні Калядаў адводзілася абрадаваму сталу. Стол, вядома, павінен быць багатым, каб у наступным годзе мець добры ўраджай. Пад абрус на стол клалі сена, якое пасля вячэры скормлівалі каровам, гэта павінна было зберагчы іх ад ваўкоў і паспрыяць павелічэнню надояў малака.


У кожнай, нават самай беднай, хаце на Каляды даставалі са схованак мяса ды кілбасы, сала, арэхі, яблыкі, мёд. Ад галоўнай стравы Калядаў – куцці (ячная каша з дадаваннем мёду, арэхаў) – узяла назву абавязковая святочная вячэра.

У першы дзень ладзілася посная куцця – на стале былі стравы з рыбы, гародніны, грыбоў, сушанай садавіны, мёду, і, канешне, тая самая ячная каша-куцця з мёдам.

Алкаголь ужываць забаранялася. На куццю варылі саладуху, асаблівы напой, рэцэпт прыгатавання якога, можна сказаць, сёння страчаны.

Таму што асаблівай умовай яго прыгатавання было тое, што варылі яго ў печы. А сёння, нават у вёсках, замест печаў стаяць мікрахвалевыя печкі. Віктар Сыракваш з сумам успамінаў, што нічога больш смачнага ў сваім жыцці не еў.


На Каляды, асабліва ў першы вечар, прынята было збірацца разам, усёй сям’ёй.

Прычым запрашалі на святкаванне не толькі жывых членаў радзіны, але і продкаў. Лічылася, што яны разам з усімі садзяцца за стол, і, калі спадабаецца ім вячэра, – абавязкова “замовяць слоўца” і дапамогуць жывым ва ўсіх істотных справах.

І дзверы ў хату ніколі не зашчэплівалі. У такое свята чалавек не павінен быць адзін. І калі нехта з адзінокіх суседзяў завітае да цябе, трэба было прыняць яго і пачаставаць. Па тым, хто першы на Каляды пераступіць парог хаты, загадвалі, бычок будзе ў каровы ці цялушка.

Наталля ТУР, Зоя ХРУЦКАЯ.

←Каляндар: 75 год Васілю Шаранговічу, 95 Уладзіміру Алоўнікаву

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика