«Быць беларусам — што гэта значыць?» — адказвае чэмпіён свету па тайскім боксе

Источник материала:  
27.10.2010 12:16 — Разное

«Быць беларусам — што гэта значыць?» — адказвае чэмпіён свету па тайскім боксе

Віталь Гуркоў: «Беларусы маюць выключны байцоўскі ген».

«Быць беларусам — што гэта значыць?» — Budzma.org i Tut.by працягваюць праект, у якім вядомыя ў сваіх сферах дзейнасці людзі расказваюць, што для іх значыць быць беларусам. Чарговым на пытанні анкеты «Быць беларусам — што гэта значыць?» адказаў Віталь Гуркоў — шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе. Сёлета ён стаў найлепшым байцом К-1 ва Ўсходняй Еўропе.

— Быць беларусам — што гэта значыць? Якое значэнне вы ўкладаеце ў слова беларус/беларуска?

— Беларус — той, у каго сямейныя карані тэрытарыяльна звязаны з нашай зямлёй.

Нават калі чалавек будзе крычаць, што ён рускі, ён усё адно — беларус, хоць і са згубленай самасвядомасцю. Гісторыя размыта, людзі ёй не цікавяцца, таму і «губляюцца».

Быць беларусам, нармальным, сёння — гэта адраджаць гісторыю, мову, нешта рабіць для Беларусі.

Напрыклад, зборная па тайландскім боксе — гэта беларусы. Мы ездзім па свеце, часта перамагаем, крычым «Беларусь!», апрануўшы нашы «боршч»-касцюмы (яны чырвона-зялёна-белыя, як боршч са смятанай). І многія даведваюцца, што на зямлі ёсць такая тэрыторыя.

— Якія унікальныя беларускія рысы характару і светапогляду ўласцівыя беларусам?

— На жаль, наша ўнікальная рыса — аморфнасць і абыякавасць да сваёй культуры, мовы і гісторыі. Сапраўды ў свеце мала народаў, якія гэтак жа, як беларусы, свядома топчуць тое, чым павінны ганарыцца.

— Назавіце тры/пяць асноўных падзеяў з гісторыі Беларусі, без ведання якіх — беларус не беларус.

— 1. Пераклад Бібліі на беларускую мову Францішкам Скарынам. Гэты знакаміты беларускі дзеяч, дарэчы, даў нашаму народу настаўленне ў кнізе «Юдзіф» пра тое, што перш за ўсё трэба любіць сваю зямлю і сваю мову.

2. Грунвальдская бітва, у якой наша войска (Вялікага Княства Літоўскага) сумесна з палякамі ў 1410 годзе разбіла крыжакоў (самае небяспечнае войска на той час).

3. Кар’ера нашага военачальніка Канстанціна Астрожскага, які пад Воршай разбіў утрая большае маскоўскае войска у 1514 годзе.

4. Падзелы Рэчы Паспалітай. Гэта дзяржаўнае ўтварэнне складалася з дзвюх частак і з’яўлялася канфедэрацыяй Польшчы і Вялікага княства Літоўскага (гістарычная назва Беларусі). У 1795 годзе краіну падзялілі. Землі Вялікага княства адышлі да Расіі, што нанесла па нашай гераічнай гісторыі асноўны ідэалагічны ўдар.

5. Вялікая Айчынная вайна. У гэтай самай крывавай вайне ў гісторыі чалавецтва найбольш пацярпела наша зямля. Танкі з Беларусі не злазілі. І, нягледзячы на гэта, мы вытрымалі і сёння маем патэнцыял і рэзерв абараняць сваю незалежнасць і ўзмацняцца.

— Якія традыцыі павінен ведаць і захоўваць беларус?

— Беларусы павінны паважаць і хрысціянскія, і народныя традыцыі (напрыклад, Купалле). У мяне перад вачыма прыклад — краіна Мексіка. Там хрысціянства і нейкія старажытныя традыцыі і веравызнанні спляліся ў гарманічны сімбіёз. Поўная талерантнасць да СВАЙГО.

— Беларус без ведання беларускай мовы ці беларус?

— На жаль, гісторыя развярнулася так, што не кожны беларус гэтым цікавіцца — наступствы апалячвання, русіфікацыі. І што цяпер, не лічыць яго беларусам? Вядома,

думаючы чалавек павінен разумець — хто ён, адкуль, якую мову ён павінен ужываць, вывучаць, паважаць.

— Чым беларускім вы ганарыцеся?

— Бульбай, чыпсамі, гарэлкай «Бульбаш», хакеем, трактарамі і пераможцамі «Дажынак»:). А калі сур’ёзна, ганаруся гістарычнымі падзеямі, пра якія ўзгадаў вышэй. І тым, што

беларусы патэнцыйна маюць выключны байцоўскі ген, які, праўда, трэба абуджаць. — Што робіць нас беларусаў адметнымі сярод суседзяў?

— Калі каротка, менш за ўсіх выкабеньваемся.

— Што робіць беларусаў адметнымі ва ўсім свеце?

— Агромістая колькасць людзей, якая істотна паўплывала на сусветную гісторыю, — ураджэнцы Беларусі. Першы і сённяшні прэзідэнты Ізраіля (Вейцман і Перэс), шматлікія нобелеўскія лаўрэаты, стваральнікі амерыканскай мафіі (кекс з-пад Бабруйска), нацыянальны герой Чылі (Ігнат Дамейка), род Радзівілаў і гэтак далей…

Як вы бачыце будучыню Беларусі?

— Цяжкае пытанне.

Хацеў бы бачыць свабодны, самадастатковы народ, які мае гонар, які б паважалі ва ўсім свеце.
Падзяліцца навіной: 

←242 аўто на 1 000 чалавек - у Беларусі

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика