Юрый Глушакоў: «Інакш — не пры Някляеву будзе сказана — усё кату пад хвост»

Источник материала:  
27.10.2010 13:29 — Разное
Ехаць з пустымі рукамі ў госці да кандыдата ад партыі «зялёных» Юрыя Глушакова мы проста не мелі права. Памятаючы пра тое, як яго арганізацыя выступіла супраць рэгістрацыі «забойцы кацяняці», у Гомель мы выправіліся з двума хвастатымі малымі, Мурзікам і Бублікам. Ці прайшоў палітык «каціны тэст», якую жывёлу ў дзяцінстве сам пазбавіў жыцця і чаму пры любым раскладзе на выбарах у яго ёсць нагода для радасці — у чарговым рэпартажы з серыі «У гасцях у кандыдата» (нагадаем, гэта сумесны праект «Салідарнасці» і «Нашай Нівы»).

Тэст для кандыдата

Глушакоў, як і абяцаў, сустрэў нас проста на вакзале.

Заўважыўшы ў маёй руцэ кошык, ён як сапраўдны джэнтльмен тут жа падахвоціўся дапамагчы, нават не падазраючы, які сюрпрыз яго чакае ўнутры. Аднак Мурзіку з Бублікам не цярпелася хутчэй убачыць выратавальніка ўсіх кацянят на свае вочы.

— Што ў вас там? Няўжо кацяня? — насцярожана пацікавіўся Глушакоў, пачуўшы падазронае мяўканне з каша.

— Ну што вы! Лепш, — запэўнілі мы, але пакуль не спяшаліся раскрываць карты.

Аднак кацяняты настойліва патрабавалі сустрэчы з кандыдатам. У выніку вырашана было ўручыць Глушакову падарунак проста на вуліцы.

— Якія прыгожанькія! — Шчыра захапіўся ён.

Радасць, праўда, была нядоўгай. Пачухаўшы патыліцу, Глушакоў заклапочана працягнуў:

— Ведаеце, у мяне ўжо ёсць кацяня…

— Вы не рады нашаму падарунку? — занерваваліся мы.

— Не, што вы, вельмі рады, — запэўніў нас кандыдат. — Вось толькі, баюся, што жонка…

Памятаючы, што Юрый Глушакоў у жніўні гэтага года заключыў шлюб, мы напружыліся, асцерагаючыся незваротных наступстваў для маладой сям’і.

Аднак усе страхі былі марнымі. На парозе кватэры нас сустрэла прыгожая і ветлая маладая жанчына.

— Мая жонка Лена, — прадставіў кандыдат жонку.

Мы пазнаёміліся.

Глушакоў уважліва паглядзеў на жонку і нарэшце адважыўся адкрыць кошык.

— Ой, кацяня! — усклікнула Алена, убачыўшы цікаўную пыску Мурзіка.

— Гэта не ўсё, — папярэдзіў Глушакоў.

— Ой, яшчэ адно! — не змагла схаваць здзіўлення жонка, калі ўслед з’явіўся і Бублік.

На яе крыкі выйшла маладая дзяўчына — як пазней высветлілася, дачка Юрыя ад першага шлюбу (Глушакоў удавец).

— Лера, паглядзі, зараз у нас ва ўсіх будзе па кацяняці! — звярнулася яна да дачкі мужа.

Кацяняты з парогу паспрабавалі заваяваць давер гаспадароў: убачыўшы каціны туалет, Бублік тут жа абнавіў яго, чым выклікаў да сябе вялікую павагу.

Аднак не ўсе былі настроеныя так добразычліва.

Гаспадарская котачка з рамантычным імем Амурка новых жыхароў прызнаваць упарта не хацела. Нягледзячы на тое, што была ненашмат старэйшая, яна ўсім сваім выглядам паказвала, хто ў доме гаспадар (дакладней, гаспадыня) і злосна шыпела на прыхадняў.

— Нічога, прывыкне, — махнула рукой Алена.

— Мусіць, вы ўзялі котку, як толькі пачулі крыважэрнае прызнанне Някляева? — выказалі мы здагадку.

— Не, недзе за тыдзень да гэтага, — азваўся Юрый. — А наогул, я да гэтай заявы не маю наўпростага дачынення. Гэта мае актывісты пастараліся.

— Затое будзе каму кацянят раздаць, каб накіраваць актыўнасць у стваральнае рэчышча, — параілі мы.

— Можа, мы іх яшчэ сабе пакінем, — адгукнулася Алена, пагладжваючы Мурзіка, які нарэшце заснуў пасля катання на фіранцы.

«Каціны тэст» уся сям’я прайшла годна.

Між тым выявілася, што ні дачка, ні жонка Глушакова не належаць да партыі «зялёных».

— Я ж кажу, што я супраць кланавасці, — растлумачыў кандыдат.

Нават ва ўніверсітэце Лера, якая вучыцца на эканаміста, за бацьку агітаваць і не думае.

— Хто ведае, што ён ідзе ў прэзідэнты — падтрымліваюць, астатнім не кажу, — шчыра прызналася дзяўчына.

— Няўжо падтрымліваюць? — падбадзёрыўся Глушакоў.

— Натуральна, — запэўніла Лера.

Махно, сэксолагі і іншыя захапленні

Да нашай вялікай радасці, мы трапілі якраз да абеду.

Яшчэ больш парадавала, што вегетарыянцамі Глушаковы не з’яўляюцца. З задавальненнем упісваючы смажаную курачку, мы вырашылі пацікавіцца, якімі яшчэ прысмакамі радуе жонка кандыдата.

— Я вельмі люблю дранікі, — тут жа азваўся Глушакоў.

— Дык я ж табе іх ніколі не гатавала, — здзівілася Алена.

Дзе кандыдата падкормліваюць дранікамі, мы так і не высветлілі. Затое даведаліся, што Глушакоў зусім не ўжывае спіртнога.

— Шматлікія мае знаёмыя заплацілі за гэта жыццём, — растлумачыў кандыдат. — Народ співаецца. Таму я і заклікаю забараніць выпуск пладова-ягадных вінаў. Я пра гэта казаў, яшчэ калі быў дэпутатам гарсавету. Так што Алесь Міхалевіч, можна сказаць, пазычыў для сваёй праграмы маю ідэю.

Выявілася, што Глушакоў таксама не курыць (ужо шмат гадоў як кінуў) і актыўна займаецца спортам. У пацверджанне ён нават паказаў дыплом, дзе яму прысуджалася першае месца па гіравым спорце на агульнагарадскіх спаборніцтвах.

— Можна, вядома, і падняць, але ж у вас ужо ёсць такі кадр з Рымашэўскім (Гіперспасылка), — прадэманстраваў кандыдат веданне пытання, лёгка круцячы ў руках 24-кілаграмовую гіру. — Давайце я лепш на турніку падцягнуся, калі пайду вас праводзіць.

Мы з радасцю згадзіліся.

Нядаўна ў кватэры Глушакова задумалі рамонт. Жонка самастойна ўзялася распісваць сцяну на кухні — Алена мастак па адукацыі.

Аглядаючы ў куце рулоны новых шпалераў і кацянят, што насіліся міма іх, мы пажадалі гаспадарам поспеху ў рамонце.

Сцяна выявілася не адзіным творам Алены. У пакоі на паліцы красаваўся абраз, які таксама напісала жонка-мастачка.

— А гэты магніцік з кацянём з мульта я прывёз проста з Варонежа, — паказаў на лядоўню Юрый і з гонарам дадаў: — Між іншым, вуліца Лізюкова, на якой, згодна з мультфільмам, жыве кацяня, названая ў гонар гамяльчаніна.

— У Варонежы ёсць яшчэ помнік гэтаму кацяняці. Яго зрабіла мая знаёмая мастачка і скульптар Эльза Пак, — адгукнулася Алена.

Увогуле, недахопу кацянятаў у кватэры Глушакова не назіралася.

А яшчэ мы заўважылі вялікую колькасць кніг. Прычым амаль цэлую паліцу займалі працы, прысвечаныя Нестару Махно,

— яго ідэі з’яўляюцца аб’ектам гістарычных даследаванняў кандыдата.

— А гэта мае кнігі, — паказаў палітык на іншую паліцу.

Працаў уласнага сачынення ў Глушакова (ён, дарэчы, гісторык па адукацыі) таксама набралася прыстойна. Аднак нашу ўвагу на гэтай паліцы забрала кніга па сэксалогіі.

— Я калісьці чытаў кнігу Кона, дзе апавядалася пра эратычныя абрады ў розных народаў свету. Вельмі цікава. Вось нядаўна ўбачыў, купіў — аказалася не тая, — смуткуе кандыдат.

Ад эратычнага фальклору размова плаўна перайшла на палітыку.

— Для мяне самае галоўнае ў гэтай кампаніі — гэта заявіць пра сваю сацыяльную праграму, — растлумачыў Глушакоў. — Мы сацыялісты. І ў адрозненне ад іншых кандыдатаў, у тым ліку і Лукашэнкі, думаем у першую чаргу пра людзей. Мы хочам, каб нас пачулі, звярнулі ўвагу на сацыяльныя і экалагічныя праблемы. Інакш — не пры Някляеву будзе сказана — усё кату пад хвост.

Дарэчы, пры любым раскладзе да выбараў Глушакова чакае вялікая радасць. Акурат у гэты час у сям’і чакаюць прыбытку. Плануецца, што будзе дзяўчынка.

Фотаальбом кандыдата таксама ўразіў. Выявілася, што дзед Глушакова з 1945 па 1947 гг. быў камендантам нямецкага горада Дэсаў. Сам жа Юрый у свой час служыў у ВПС.

Галоўны «пракол» Глушакова

На вакзал мы вярталіся злёгку збянтэжаныя. Глушакоў рабіў уражанне ідэальнага кандыдата. Па дарозе Юрый расказваў, як выратаваў чалавека, які тануў у Сожы, не забыўся і пра сваё абяцанне падцягнуцца на турніку.

— Няўжо ў вашай біяграфіі няма ніводнай цёмнага плямы? — не верылі мы.

— Ёсць! — пасля роздумаў азваўся ён. — Я ў дзяцінстве раздушыў жабу. Ненаўмысна, вядома. Але…

У гэты момант мы заўважылі праз дарогу бел-чырвона-белыя сцягі і сцягі кампаніі «Гавары праўду!». Глушакоў скіраваўся ў іх бок. Як выявілася, актывісты яго партыі спакойна збіраюць подпісы побач з прыхільнікамі Някляева і іншымі кандыдатамі. Быў ужо вечар, таму амаль усе зборшчыкі разышліся.

— Ну, як справы? — пацікавіўся Глушакоў у апошняга актывіста кампаніі «Гавары праўду», які застаўся.

Той радасна прывітаў Глушакова, зрабіўшы справаздачу аб праведзенай працы.

— А гэта журналісты з Мінска, — прадставіў нас Юры. — Вось кацянят у падарунак прывезлі. Табе, дарэчы, не патрэбныя?

— Ты што! У нас жа загад забіваць усіх катоў, якія трапяцца на вочы! — засмяяўся той.

Больш настойліва прапаноўваць кацянят някляеўскім актывістам Глушакоў у нашай прысутнасці, мабыць, не адважыўся. Мы ўздыхнулі з палёгкай.

Па дарозе да вакзала трапіўся нам на вочы і злашчасны віна-гарэлкавы завод, які вырабляе тое самае ненавіснае кандыдату «бырла». На яго сцяне заклікальна значылася: «Выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

На развітанне Глушакоў гасцінна запрасіў нас прыязджаць яшчэ, абяцаючы арганізаваць экскурсію па горадзе. Мы запэўнілі, што як толькі з’явяцца новыя кацяняты — адразу ж да яго. Юрый нервова ўсміхнуўся.

P.S:

На наступны дзень мы, памятаючы неабдуманы ўчынак Глушакова, вырашылі пацікавіцца, як пажываюць нашы пушыстыя гадаванцы.

— Ды гэтак жа, як і нашы кандыдаты, — збянтэжыў нас палітык і растлумачыў: — Ніяк не могуць ужыцца паміж сабой. Ну нічога, думаю, урэшце яны прыйдуць да «адзінага»…

Падзяліцца навіной: 
Настасся Зелянкова, фота Сяргея Балая.

←«Быць беларусам — што гэта значыць?» — адказвае чэмпіён свету па тайскім боксе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика