У
Як апавядае паданне, аднойчы пасля цяжкага працоўнага дня Крыштаф адпачываў. Разбудзіў яго голас дзіцяці, якое прасіла, каб яго перанеслі на другі бераг ракі. Крыштаф, які быў вельмі дужы, падхапіўся, узяў у рукі свой кій, які служыў яму падпораю пры пераходзе праз раку, пасадзіў на плячо дзіцятка і ступіў у ваду. Але з кожным крокам ноша станавілася ўсё цяжэйшай. Нарэшце Крыштаф не стрымаўся і спытаў: «Хто ты?». У адказ пачуў: «Я — Езус, твой Збавіцель. Несучы Мяне, ты нясеш увесь свет, бо Я — той, хто яго стварыў. Я з’яўляюся тваім Валадаром, якому ты тут служыш. А каб ты пераканаўся, што ўсё сказанае Мною, — праўда, калі вернешся, убі свой посах у зямлю — ты ўбачыш, як прыгожа ён заквітнее». Менавіта гэтая легенда натхняе мастакоў, якія малююць часцей за ўсё св. Крыштафа з Дзіцяткам Езус на плячах.
Св. Крыштаф лічыцца заступнікам ад неспадзяванай смерці, апекуном кіроўцаў, маракоў, падарожнікаў, пілігрымаў, а таксама дзяцей, атлетаў, шахцёраў, шукальнікаў скарбаў, садоўнікаў, прадаўцоў гародніны; сродкаў камунікацыі;
да яго звяртаюцца пры эпідэміях чумы і іншых заразных хвароб, пры пагрозе стыхіі агню і вады, засухі, буры і граду, пры хваробах вачэй, пры зубным болю, пры раненнях. Святога Крыштафа залічваюць таксама да 14 заступнікаў у цяжкіх жыццёвых абставінах.
Нягледзячы на тое, што ў нашай краіне, згодна з дадзенымі інфармацыйных агенцтваў, назіраецца зніжэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў (у гэтым годзе іх на 13,1% менш, чым у мінулым), на дарогах Беларусі ўсё яшчэ гінуць тысячы чалавек. Каб супрацьстаяць гэтаму, «свецкія і касцёльныя структуры павінны лепш каардынаваць энергію і сродкі, прапагандуючы годнасць чалавека таксама як карыстальніка дарог», — чытаем у дакуменце «Указанні аб душпастырстве вуліцы» (2007 г.) Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў. Дакумент уключае таксама «дэкалог вадзіцеля» — правілы, якімі павінен кіравацца кожны вадзіцель-хрысціянін, сярод якіх — «з любоўю пераконвай вадзіцеляў не сядаць за руль, калі яны не ў стане кіраваць аўтамабілем», «аказвай падтрымку сем’ям ахвяраў дарожна-транспартных здарэнняў», «на дарозе аберагай слабейшага» і інш.
Малітва кіроўцыБожа, дай мне ўпэўненую руку і зоркае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе. Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо прычынаю калецтва тых, каму Ты даў жыццё. Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною. Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і стрымай спакусу празмернай хуткасці. Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды мне спадарожнічалі. Амэн.