Сеем грошы, а збіраем страты

Источник материала:  
«Сельская газета» надрукавала іх 22 ліпеня. Яны накіраваны на вырашэнне праблемных пытанняў у аграпрамысловым комплексе, стварэнне эканамічных і прававых асноў для эфектыўнага гаспадарання. Па самым вялікім рахунку гэта задача сёння — галоўная для аграменеджменту краіны. Амаль усюды на нашай зямлі можна дабівацца станоўчых эканамічных вынікаў. Калі на гэтай зямлі ёсць гаспадар і яму не перашкаджаюць працаваць па-гаспадарску. Амаль усюды. Але ж мы ведаем, што ёсць у разрэзе раёнаў пэўныя тэрыторыі, і нават цэлыя гаспадаркі, дзе і сапраўдны гаспадар не зможа атрымаць ад земляробства анічога, акрамя страт. Вялікіх страт. І колькі б ён ні стараўся, колькі б дзяржава ні ўкладвала ў гэтыя землі сродкаў, усё ідзе прахам. Калі крыху прыдаць вобразнасці гэтай безнадзейнай справе, то выходзіць: сеем у глебу вялікія і жывыя грошы, а збіраем такія ж вялікія і змярцвелыя страты. Ёсць таму прыклады ўсюды па краіне. Ёсць яны і на Віцебшчыне. Напрыклад, па заключэнні вучоных Інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАН, частка Браслаўскага раёна непрыдатная для земляробства. Так размеркавала прырода. Як ні стараюцца сяляне і кіраўнікі-аграрыі, у іх ніяк не атрымліваецца перамагчы саму прыроду. Падкрэсліваем: як ні стараюцца! Што рабіць і ці ёсць выхад? Думаецца, цяпер, пасля выхаду ў свет прэзідэнцкіх указаў, самы час сур’ёзна прааналізаваць і гэту праблему.

Гадуем ураджай для дзікоў?

Землі ААТ «Мяжаны» пачынаюцца ад самага Браслава, ад славутага возера Дрывяты і заканчваюцца ля возера Дрысвяты, на самай мяжы з Літвой і Латвіяй. І нездарма цэнтр гаспадаркі носіць назву Мяжаны. Паабапал гра- війнай дарогі да Мяжан, а гэта дзесьці паўтара дзясятка кіламетраў, трапляюцца вёсачкі з лірычнымі назвамі: Бужаны, Усяны, Зарачча, Братняя Гара... Назва апошняй якраз адпавядае пейзажу, бо тут, як па ланцужку, адна ўзвышанасць змяняе другую. А яшчэ навокал — стажкі парыжэлага сена на пойменных лугах, дубровы і сярод іх — невялікія лапікі палёў.

Галоўны эканаміст гаспадаркі Марыя Абаровіч намалявала ў лічбах незайздросную эканамічную кар- ціну: ураджай зерневых у мінулым годзе склаў 12,6 цэнтнера з гектара, надой ад каровы — 1857 кілаграмаў. Рэнтабельнасць ад рэалізацыі прадукцыі — мінус 44,7 працэнта.

Гэты невясёлы «рэбус» лічбаў расшыфроўвае га- лоўны аграном «Мяжан» Уладзімір Сайкоўскі:

— У нас пасля далучэння дзвюх гаспадарак стала 5515 гектараў сельгасугоддзяў. Бал глебы — адзін з самых нізкіх у раёне — 17,8. Вучоныя не рэкамендуюць у такім разе займацца наогул земляробствам. У дадатак да гэтага — малая контурнасць палёў: 3,9 гектара. Як на такім кавалачку прымяніць высокапрадукцыйную энергетычную тэхніку? Маем тры магутных трактары «МТЗ-3022», але на поўную сілу іх скарыстаць не можам. У выніку заканчваем пасяўную апошнімі.

Ну а тое, што ўдалося вырасціць нават пры такіх неверагодных умовах, падчышчаюць дзікі. Уладзімір Сайкоўскі паказаў 15-гектарнае поле азімай пшаніцы ці не для самых Мяжан, якое поўнасцю здратавалі парнакапытныя. Убіраць тут фактычна няма чаго.

Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» спрабуе выправіць сітуацыю, агароджваецца, знішчае дзікоў. Але ж зусім побач — мяжа. Дзікі яе не прызнаюць і ахвотна ласуюцца не толькі мяжанскай пша ніцай, але і аўсамі, і кукурузай.

Няма ў мяжанцаў прадукцыі — няма і належнай зарплаты. І вандруюць яны туды, дзе з гэтым лепш. У той жа Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» падаліся лепшыя механізатары гаспадаркі Анатоль Шылін, Яўген Глушакоў, Леанід Шаркель, бацька і сын — Леанід і Барыс Шумскія і іншыя. За два апошнія гады Мяжаны пакінула 10 механізатараў, і засталося іх на тры былых гаспадаркі ўсяго... 18 чалавек!

У ААТ «Мяжаны» ў выніку ад гаспадарчай дзейнасці не даходы, а толькі страты. Летась ад рэалізацыі прадукцыі мінус склаў 3,3 мільярда рублёў. Дзякуючы дапамозе дзяржавы ён зменшаны да 1,6 мільярда. А толькі за крэдыты і даўгі трэба штогод выплачваць звыш 5 мільярдаў рублёў. На стале ў Абаровіч цэлы стос папер з гаспадарчага суда па спагнанні даўгоў банкам, энергетыкам, аграсэрвісу і гэтак далей. Агульная сума ўсіх даўгоў пераваліла за 33 мільярды... І з кожным годам яны не змяншаюцца, а, наадварот — павялічваюцца.

На наш погляд, тут рашэнне можа быць адно: трэба мяняць накірунак гаспадарчай дзейнасці. Якія варыянты?

Трусінае мяса заменіць свіное

І ўсё ж у мяжанцаў ёсць перспектыва, і, мо, нават куды лепшая за аграэкатурызм. Гэта — трусагадоўля.

Яшчэ ў савецкія часы, каля трох дзясяткаў год таму назад, у гаспадарцы была пабудавана звераферма па вырошчванні пясца і чорна-бурай лісіцы. Падсобны промысел даваў неблагія дывідэнды. Яго планавалі пашырыць, для чаго нават быў устаноўлены халадзільнік, каб захоўваць мяса для звяроў. Але пасля распаду Саюза ўсё прыйшло ў заняпад. Ферму закрылі.

І толькі сем год таму чалавек-энтузіяст Іосіф Варанецкі, які, дарэчы, закладваў і звераферму, выступіў з ініцыятывай вярнуцца да зверафермы. Толькі гадаваць не пясцоў, якім патрабуецца шмат мяса, а трусоў. З ім пагадзіліся. Матачнае пагалоўе з дапамогай суседняй Латвіі закупілі ў Еўрасаюзе. А для ўтрымання трусоў прыстасавалі клеткі, у якіх раней гадаваліся пясцы і лісы.

Усяго прыдбалі 14 парод трусоў: такіх вядомых, як бургундскі, бельгійскі фландэр, французскі баран, вялікая шыншыла, чэшскі альбінос, цюрынскі, новазеландскі, сальдэр і іншыя. Ферма з часам разраслася, і новыя насельнікі запоўнілі ўсе ранейшыя памяшканні. Часам іх колькасць дасягае да 5 тысяч. Праз 3—4 месяцы ўтрымання іх можна рэалізаваць. Мяса каштоўнае, дыетычнае. Яго ахвотна бяруць як грамадзяне асабіста, так і сталічныя кафэ, рэстараны па 88 рублёў за кілаграм.

Але яшчэ выгадней прадаваць для развядзення. Напрыклад, кошт аднаго кілаграма жывой вагі таго ж французкага барана ці бельгійскага фландэра — 110 тысяч рублёў, а набіраюць масу прадстаўнікі гэтых парод за год да пуда, за паўгода — 8—9 кілаграмаў. Вось і няцяжка падлічыць, колькі можна ўзяць грошай толькі за адну асобіну.

Між тым увесну за іх набыццём утвараецца вялікая чарга, пакупнікі прыязджаюць не толькі з Беларусі, але і з Масквы, Пяцярбурга, Калінінграда. Трусаводаў з Мяжан добра ведаюць — яны штогод удзельнічаюць ў выставе «Белагра».

Разам з Іосіфам Варанецкім заходзім на тэрыторыю фермы. Доўгія адкрытыя навесы пад пацямнелым шыферам з радамі клетак унутры.

— Вось тут я ў 1986 годзе пачынаў будаваць усё гэта, — гаворыць трусавод. — З той пары не забіта ніводнага цвіка. А нам вельмі патрэбна закрытае памяшканне для матачнага пагалоўя, бо зімой не ўсе нованароджаныя трусяняты выжываюць.

Яшчэ адна праблема — ручная праца: і ваду даводзіцца разносіць у вёдрах, і — кармы. А гэта адкладвае адбітак на рэнтабельнасці, хаця і так яна немаленькая — 12 працэнтаў.

Ёсць сэнс вярнуцца да рэканструкцыі фермы. Попыт на трусінае мяса будзе ўзрастаць і па той прычыне, што ў падсобных гаспадарках насельніцтва ў многіх месцах ліквідаваны свінні з-за АЧС.

Маякі таксама ёсць

Старшыня Браслаўскага райвыканкама Сяргей Шматаў заўважае, што раён па прыродных умовах падзелены на некалькі частак: там, дзе цалкам можна займацца менавіта земляробствам, і там, дзе сэнсу ў гэтым не многа. Яскравы прыклад добрага гаспадарання нават на ўзроўні вобласці і рэспублікі — СВК «Маяк Браслаўскі». Пры сярэднім бале глебы 23,6 тут атрымліваюць ураджаі ад 30 да 42 цэнтнераў на круг, гадавы надой ад каровы прыблізіўся да 7 тысяч кілаграмаў, а па сярэднесутачнаму прыбаўленню ў вазе на свінакомплексе, 651 грам, маякоўцы уваходзяць у сямёрку лепшых па рэспубліцы. Гаспадарка дае трэць валавай прадукцыі раёна, маючы пры гэтым усяго дзясятую частку яго сельгасугоддзяў. Побач у гэтым радзе: ААТ «Агравідзы», у якога бал глебы 27,4, комплекс з шасцітысячным статкам буйной рагатай жывёлы. Толькі за першае паўгоддзе прададзена адсюль паўтысячы тон мяса. Набірае ранейшую моц ААТ «Друйскі», да якога было прылучана адстаючае ААТ «Плісавіца».

А вось у ААТ «Мяжаны», пра якое мы ўжо казалі, сітуацыя супрацьлеглая. Сяргей Шматаў верыць у добрую перспектыву трусагадоўлі ў гэтай гаспадарцы. Напачатку, як ён лічыць, мае сэнс пашырыць ферму, пабудаваць хаця б два памяшканні для матачнага пагалоўя. Месца ёсць. Патрэбны толькі сродкі. Якія з часам абавязкова акупяцца.

Што ж, можна зразумець кіраўніцтва Браслаўскага раёна. Нават пры ўсёй зразумелай асцярожнасці, з якой яно выказваецца па закранутай газетай праблеме. Але відаць, што праблема набалела ўжо ўсім: і сялянам, і раённым аграменеджарам, і нават абласным. Што адкажа цяпер, у некалькі новых абставінах, на гэта сталіца?..

На Браслаўшчыне землі пераважна бедныя, камяністыя, гарыстыя. Каля 2/3 іх засмечана каменнем, 16 працэнтаў глебы мае бал ніжэй дваццаці, і гэты клін Інстытут глебазнаўства і аграхіміі Акадэміі навук РБ рэкамендаваў наогул вывесці з севазвароту. Вучоныя вызначылі таксама, што 50 працэнтаў плошчаў з адмоўным нарматыўным чыстым даходам.

Сёння — самы час зразумець гэта ўсім. Сінявокая Браслаўшчына падорана нам самім небам. І калі больш разумна скарыстаць гэты дар, аддача будзе на некаторых яе тэрыторыях нават большая, чым ад сельгаспрадукцыі.

Ужо сёння, згодна з інфармацыяй намесніка начальніка адукацыі, спорту і турызму Людмілы Шукель, Браслаўшчыну за год наведвае 35 тысяч турыстаў, або амаль у паўтара разы больш, чым насельніцтва раёна. Тут прымаюць наведвальнікаў з розных краін свету 206 аграсядзіб, 14 баз адпачынку і гасцініц.

Такое трэба толькі вітаць. Аднак гэта ўсё-такі пераважна прыватны бізнес. У той час, як у Мяжанах не ведаюць, як расплаціцца з мільярднымі даўгамі, камерсанты «стрыгуць» валюту на «беднай» браслаўскай зямлі.

Браслаўскі райвыканкам распрацаваў цэлы комплекс па развіцці базы адпачынку, турызму ў краі. Назавём толькі некаторыя з намечаных аб’ектаў: будаўніцтва культурна-забаўляльнага цэнтра з аквапаркам, лыжаролернай трасы, комплексу для водных відаў спорту, новага буданку гісторыка-краязнаўчага музея. Запланаваны капітальны рамонт аўтамабільных дарог Опса — Богіна — Відзы і Браслаў — Плюсы — Слабодка з асфальтавым пакрыццём, аўтастаянкамі.

Словам, арыенціры для дзейнасці ёсць. Застаецца толькі ісці і дайсці да іх!

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

←«Сельское хозяйство должно стать сферой агробизнеса»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика