Аснова ўсіх асноў
З 15 мая на Міншчыне распачнецца штогадовая духоўна-асветніцкая праграма «Сям’я — Яднанне — Айчына»
Ужо шмат гадоў яна праводзіцца ў адным з райцэнтраў сталічнай вобласці і з кожным разам набывае ўсё большую папулярнасць. Сёлета цэнтрам духоўна-асветніцкіх мерапрыемстваў стала Мар’іна Горка, што ў Пухавіцкім раёне. Асобую ўвагу праграма канцэнтруе на дэмаграфіі ў рэгіёнах. Па традыцыі яна будуецца так, каб найбольш людзей змаглі дакрануцца да духоўных вытокаў нашага грамадства, далучыцца да адкрытага дыялогу дзяржавы і царквы, развіцця іх партнёрскіх адносін у справе выканання нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі краіны.
На працягу праграмных дзён ладзяцца разнастайныя семінары, круглыя сталы, лекторыі для дзяцей і моладзі, прэзентацыі навінак літаратуры духоўна-маральнага зместу, кіналекторыі і выстава духоўна-асветніцкай прадукцыі Беларускага экзархата. Адметна, што менавіта гэтымі днямі стануць вядомы вынікі конкурсу сацыяльных тэхналогій у абарону традыцыйных каштоўнасцей «За жыццё», які праведзены ў вобласці ўпершыню.
У час мерапрыемстваў будуць ушанаваны сямейныя пары — залатыя і сярэбраныя юбіляры, а таксама маладажоны. У храме Благавернага князя Аляксандра Неўскага пройдуць Боская літургія і хрэсны ход. Свае тэматычныя экспазіцыі прадставяць 23 раёны вобласці, яны пакажуць, як узаемадзейнічаюць установы адукацыі і культуры з маладзёжнымі і праваслаўнымі рэлігійнымі арганізацыямі дабрачыннасцi Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы.
Мяркуецца, што гэта праграма павінна ўмацаваць сумесную дзейнасць дзяржаўных органаў, грамадскіх і царкоўных арганізацый па падтрымцы традыцыйных духоўна-маральных і сямейных каштоўнасцей, супрацьстаянні ўплыву негатыўных з’яў на моладзь. У ёй прыме ўдзел кіраўніцтва Мінскага аблвыканкама і Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы.