Марыя МІЦКЕВІЧ: «Мае дзядулі – Янка Маўр і Якуб Колас»
(Працяг. Пачатак у нумары за 10 мая.)
— Казалі, што Якуб Колас доўга не ведаў, што яго сын Міхась хоча ажаніцца на дачцэ Янкі Маўра?
— Мой бацька Міхась вельмі любіць жарты. І ён так сказаў маёй маці: «Давай я скажу свайму бацьку, што Наталля Маўра пабралася шлюбам, а ты патэлефануй Маўру і скажы, што Міхась Коласа ажаніўся». Так і зрабілі. Якуб Колас нічога такога не сказаў, а Янка Маўр пачаў дапытвацца ў маёй маці: «Вы ж сустракаліся з Міхасём, а ці не на табе ён ажаніўся?» Маці прызналася, а Якуб Колас нічога не ведаў. І вось Янка Маўр на сустрэчы ў Саюзе пісьменнікаў падышоў да Якуба Коласа і кажа: «Віншую цябе!» — «Дзякуй!» — «А што мы будзем рабіць з нашымі дзецьмі?» — «Твая дачка выйшла замуж, дык ты і рабі!» Маўр пакрыўдзіўся, прыйшоў дамоў і сказаў: «Колас нас не прызнае! Можа, ён незадаволены?»
А Якуб Колас проста нічога не ведаў. Таксама вярнуўся дамоў і кажа хатняй гаспадыні: «Нешта я не зразумеў Маўра». А тая: «А ці не за нашага Міхаська пайшла Наталля — дачка Маўра?» Тады яны патэлефанавалі Міхасю, пра усё даведаліся, і Якуб Колас паехаў у Маскву, узяў пляшку гарэлкі і сказаў: «Нявестка, накрывай на стол!» Так прыехаў мірыцца з Янкам Маўрам (смяецца. — Аўт.). Гэта такі быў цікавы выпадак, пра які ведае ўся наша сям’я.
— Якім вы запомнілі дзеда — Янку Маўра?
— Для мяне, як для дзіцяці, было вельмі цікава з ім размаўляць, таму што ў яго былі энцыклапедычныя веды. І на любое пытанне ён заўсёды знаходзіў адказ. І з ім было вельмі цікава, бо звычайна ж дарослыя кажуць: «Адчапіся!» А вось Янка Маўр як раз быў зусім іншы. Калі было нейкае пытанне, ён абавязкова адкажа ці растлумачыць, дзе знайсці адказ.
Ён быў эсперантыстам — валодаў міжнароднай мовай, якая была штучна створана. З 1904 года пачаў займацца эсперанта. І нават у 1926 годзе на Беларускім радыё Янка Маўр вёў перадачу для эсперантыстаў. Многія дзівяцца, што шмат якія творы Янкі Маўра прысвечаны замежным краінам, хоць ён там не быў. Але ён меў перапіску з рознымі эсперантыстамі свету, якія дасылалі яму матэрыялы. Яны прыязджалі да яго ў госці. Так прынята ў эсперантыстаў, што, калі наведваеш іншую краіну, і там ёсць сябры-эсперантысты, можна зайсці да іх, і яны заўсёды прымуць і накормяць.
Дык вось, прыходзілі да нас лісты з розных краін свету, а на канвертах — маркі. І я ў пяць-шэсць гадоў пачала іх збіраць. Яны былі такія прыгожыя! І Янка Маўр заўсёды мне казаў: «Калі ты бярэш марку, то павінна ведаць, з якой яна краіны, чым тая краіна адметная, што там цікавага ёсць». Так паціху ён прывучаў мяне да ведаў аб розных краінах. Лічу, што гэта было вельмі добра, бо зараз я — намеснік старшыні таварыства «Беларусь — Ірландыя». Я многа ведаю пра Ірландыю, мы святкуем і дні святога Патрыка, і робім вечарыны ў Дзяржаўным літаратурным музеі імя Якуба Коласа… Таму я лічу, што мая зацікаўленасць іншымі краінамі — гэта ад Янкі Маўра.
— І колькі ў вашай калекцыі марак?
— Шмат. Некалькі альбомаў. Збірала іх і калі вучылася ў школе. Уступіла ў клуб філатэлістаў, нават ездзіла ў клуб філатэлістаў у Вільню…
А потым, паколькі марак назбіралася шмат, вырашыла спыніцца на нейкай адной тэме. А для дзяцей самая лепшая тэма — гэта жывёліны і расліны. Так што я пачала збіраць толькі такія маркі.
— І вас падтрымліваў у гэтым захапленні Янка Маўр?
— Так. І мая маці Наталля таксама. Потым, калі ў мяне з’явіліся свае дзеці, я ўжо не збірала маркі, не было часу, але калекцыю не прадавала.
— Цікава, а Янка Маўр размаўляў у сям’і на беларускай мове?
— На розных мовах. Але з дзяцінства мы ўсе размаўлялі па-беларуску. Я ніколі не казала «папа», а толькі «тата».
— Ці помніце, калі прачыталі першую кніжку Янкі Маўра?
— Я навучылася чытаць дзесьці ў пяць гадоў. Справа ў тым, што мой старэйшы брат пайшоў у школу, і калі ён вучыў урокі, я заўсёды пры ім сядзела. І дарослыя не ведалі, што я навучылася чытаць. А потым было так. У мяне быў дваюрадны брат, сын Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча, старэйшага Коласава сына — Андрэй. Ён быў на паўгода малодшы за мяне. Я ўжо пачала вучыць чытаць і яго! І вось аднойчы яго маці прыходзіць дадому, а Андрэй ляжыць на падлозе і чытае: «ма-ма», «ра-ма». «Што ты робіш, Андрэй?» — спыталася ў яго маці. — «А мне Маша ўрок задала!»
Так што ў мяне педагагічны талент з’явіўся ў пяць гадоў (смяецца. — Аўт.).
А дакладна сказаць, якую першую кніжку Янкі Маўра я прачытала, не памятаю. У малым узросце мне больш падабаліся яго аповесці «ТВТ», «Чалавек ідзе», «Сын вады» і іншыя. І творы Якуба Коласа таксама чытала, калі была малая.
— Ці бываў ваш дзед у вёсках?
— Пасля таго як прайшоў знакаміты нелегальны пісьменніцкі з’езд, яго пазбавілі права выкладаць у школе. Таму ён проста ездзіў па вёсках, дзе можна было знайсці працу настаўніка. Недзе яму адмаўлялі, а дзесьці праца і знаходзілася. Так ён ездзіў з месца на месца. А потым яму сказалі, што ён можа ўладкавацца ў адной сям’і хатнім настаўнікам…
— У Янкі Маўра было лецішча?
— Не было. Проста ў вёсцы Беразянка Пухавіцкага раёна калісьці адпачываў Якуб Колас, і таму для майго бацькі Міхася гэта былі родныя мясціны. І мы проста прыязджалі туды ў хату лесніка. І жылі ў яго.
А дача Янкі Маўра знаходзілася ў Гарадзішчах, ён туды мяне браў на летні час. Пакуль мы, дзеці, там бегалі, ён больш працаваў, пісаў творы. У той час я якраз пачала рабіць свае першыя спробы напісаць маленькія вершы. Помню, што Маўр быў маім першым крытыкам. Я яму чытала свае вершы, а ён усміхаўся…
— Якія падарункі дарыў Янка Маўр?
— У дзяцінстве — цукеркі. А потым свае кніжкі, вось засталіся з яго дароўнымі надпісамі.
— А пра жонку Янкі Маўра, вашу бабулю, раскажыце, калі ласка.
— Яе звалі Стэфаніда Аляксандраўна.
Калі Янка Маўр уладкаваўся хатнім настаўнікам у адну сям’ю, яму сказалі, што ёсць мясцовы праваслаўны святар, у якога шмат дзяцей. І Маўра могуць узяць да яго на хатнюю гаспадарку. Так і адбылося. І мой дзед палюбіў дзяцей свайго гаспадара. Але тут святар памёр. І Маўр застаўся жыць з яго ўдавой і дзецьмі. Але тут пайшлі чуткі: маўляў, як гэта так, малады чалавек жыве з удавой. Гэта не вельмі нармальна. І было пастаўлена пытанне: ці ён з’язджае, ці трэба жаніцца. Янка Маўр ажаніўся на гэтай жанчыне. Але як ён сам казаў, што не на ёй, а на яе дзецях, бо ён да іх прывык… А іх было чацвёра. І калі Маўр ажаніўся, у яго нарадзілася яшчэ трое дзетак. А потым яго жонка памерла. І Маўру трэба была дапамога ў даглядзе дзяцей. Прыходзіла адна жанчына дапамагаць, потым яна прывяла і сваю сястру. І вось як раз апошняя і была Стэфаніда, наша бабуля. Дык яны з дзедам потым узялі шлюб. Затым старэйшыя дзеці, якія нарадзіліся не ад Янкі Маўра, ужо выраслі і разышліся. А бабуля гадавала траіх дзяцей ад Маўра, а потым ў іх нарадзілася толькі мая маці Наталля. Але бабуля Стэфаніда большасць свайго часу аддавала якраз не сваім родным дзецям. І яна так казала маёй маці: «Ты мяне зразумееш, ты родная, але больш увагі я павінна аддаваць ім!»
— Марыя Міхайлаўна, якім Янка Маўр быў дома, у сям’і? Які ў яго быў характар, звычкі? Ці меліся нейкія традыцыі ў сям’і?
— Ён вельмі не любіў афіцыйных адносін. Казаў, што яго можна павіншаваць з усімі святамі адзін раз у год. Любіў нармальныя, чалавечыя адносіны, калі можна было пагаварыць аб усім.
А якія былі ў Янкі Маўра звычкі? Ён вельмі любіў каву, у яго былі свае рэцэпты яе прыгатавання. Любіў размаўляць з людзьмі, любіў нейкія прыдумкі. Адзін з яго сыноў зрабіў спецыяльнае крэсла і правёў да яго маторчык, дык калі хтосьці садзіўся на тое крэсла, яно пачынала вібраваць. І Янка Маўр садзіў на тое крэсла сваіх гасцей, уключаў кнопку і глядзеў, што будзе (смяецца. — Аўт.).
Ён яшчэ ў свой час займаўся і спірытызмам. Да гэтай справы была вялікая цікавасць. Збіралася цэлая кампанія, якая выклікала духаў. І Маўр рабіў запісы пра тыя сеансы ў сваіх сшытках, але потым, у сталінскія часы, іх спаліў.
Наогул, дзеда цікавіла нешта новае, незвычайнае. Янка Маўр шмат чытаў. У яго была цікавасць да ўсяго. Ён любіў слухаць радыё. Выпісваў шмат перыёдыкі, і калі ў яго ўзніклі цяжкасці са зрокам, то прасіў нават майго бацьку Міхася пачытаць яму часопісы, напрыклад, «Кракадзіл», газеты…
Між іншым, у дзіцячыя гады на мяне найбольшы ўплыў аказала кніга, якую ён рыхтаваў — «Ніколі не забудзем». Гэта ўспаміны дзяцей пра тое, што яны перажылі падчас вайны. Сабраць звесткі, артыкулы, каб дзеці самі напісалі ўспаміны — гэта была ініцыятыва Янкі Маўра. І калі я чытала тую кнігу, памятаю, была моцна ўраджана, нават і слёзы былі, бо настолькі яна была кранальная.
— Дык усё-такі, які ў Янкі Маўра быў характар?
— Маўр быў з нейкай такой хітрынкай, з гумарам. І вельмі любіў жарты. На з’ездах пісьменнікаў любіў «падкалоць» каго-небудзь.
(Заканчэнне будзе.)
Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»
НА ЗДЫМКАХ: Янка МАЎР і Якуб КОЛАС з унукам; Кніга Янкі МАЎРА.
Фота аўтара