Беларускія літаратары вярнуліся з кніжнага кірмаша ў Гётэборгу

Источник материала:  
26.09.2011 17:08 — Новости Культуры


З 22 па 25 верасня ў шведскім горадзе Гётэборг прайшоў адзін з найбуйнешы кніжных кірмашоў у свеце. Актыўны ўдзел у працы кірмаша ўзялі і беларускія творцы, паведамляе прэсавая служба Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Беларускія літаратары вярнуліся з кніжнага кірмаша ў Гётэборгу

Па словах старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алеся Пашкевіча такая шматлікая дэлегацыя беларускіх пісьменнікаў і выдаўцоў на кірмашы ў Гётэборгу была прадстаўленая ўпершыню — як колькасна, так і па маштабнасці ды значнасці прадстаўленых праектаў, літаратурных выступаў, дыскусіяў і семінараў. Да таго ж, упершыню была прадстаўленая па-шведску і такая колькасць кніг беларускіх аўтараў.

Мабыць, адной з галоўных падзеяў беларускага культурнага дэсанту была прэзентацыя анталогіі сучаснай беларускай літаратуры “Språket som svalan bor i dess hjärta”. Так у перакладзе на шведскую гучыць радок “Мова ластаўкай жыве ў сэрцах” з верша Вольгі Іпатавай. Вялікая заслуга ў падрыхтоўцы і выданні анталогіі належыць Марыі Сёдэрберг, ініцыятарцы і натхняльніцы сумесных беларуска-шведскіх “Літаратурных падарожжаў”, што ўжо цягам 10 гадоў адбываюцца падчас Дзён культуры Швецыі ў нашай краіне.

Беларускія літаратары вярнуліся з кніжнага кірмаша ў Гётэборгу

У кнізе ў перакладзе на шведскую прадстаўленыя празаічныя і паэтычныя творы 30 айчынных літаратараў, якія бралі актыўны ўдзел у вандроўках цягам гэтага дзесяцігоддзя. Выданне таксама багата ілюстраванае яркімі фотаздымкамі, выкананымі Марыяй Сёдэрберг.

На беларускім стэндзе ў Гётэборгу былі прадстаўленыя яшчэ тры асобныя выданні айчынных аўтараў — Артура Клінава, Барыса Пятровіча і Андрэя Хадановіча.

Акрамя вышэйзгаданых пісьменнікаў, беларускую літаратурную дэлегацыю ў Швецыі прадставілі Святлана Алексіевіч, Алесь Пашкевіч, Зміцер Вайцюшкевіч, Марыя Мартысевіч, Дзмітры Плакс, Анка Упала, а таксама прадстаўнікі беларускіх незалежных выдавецтваў.

Ганаровым госцем кірмашу сёлета была Нямеччына, а таму нямецкамоўная літаратура ў Гётэборгу была найбольш пашыраная. Але, як адзначыў Алесь Пашкевіч, па маштабнасці сваёй прысутнасці беларуская літаратура смела займала другое месца.

Падводзячы вынікі сёлетняга візіту ў Гётэборг, старшыня СБП сказаў: “Дзякуючы прэзентацыі сучаснай беларускай літаратуры на кірмашы многія шведскія чытачы папросту адкрылі для сябе новую культурную краіну, амаль суседку. Бо даехаць са Стокгольма да Гомеля, як выявілася, нашмат бліжэй, чым са шведскай сталіцы да яе самых паўночных межаў ”.



←Беларускія літаратары вярнуліся з кніжнага кірмаша ў Гётэборгу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика