Беларускія літаратары вярнуліся з кніжнага кірмаша ў Гётэборгу

Источник материала:  
26.09.2011 16:42 — Новости Культуры

Беларускія літаратары вярнуліся з кніжнага кірмаша ў Гётэборгу


З 22 па 25 верасня ў шведскім горадзе Гётэборг прайшоў адзін з найбуйнешых кніжных кірмашоў у свеце. Актыўны ўдзел у працы кірмаша ўзялі і беларускія творцы, паведамляе прэсавая служба Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Беларускія літаратары вярнуліся з кніжнага кірмаша ў Гётэборгу
 
Па словах старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алеся Пашкевіча, такая шматлікая дэлегацыя беларускіх пісьменнікаў і выдаўцоў на кірмашы ў Гётэборгу была прадстаўленая ўпершыню – як колькасна, так і па маштабнасці ды значнасці прадстаўленых праектаў, літаратурных выступаў, дыскусіяў і семінараў. Да таго ж упершыню была прадстаўленая па-шведску і такая колькасць кніг беларускіх аўтараў.
 
Мабыць, адной з галоўных падзеяў беларускага культурнага дэсанту была прэзентацыя анталогіі сучаснай беларускай літаратуры “Språket som svalan bor i dess hjärta”. Так у перакладзе на шведскую гучыць радок “Мова ластаўкай жыве ў сэрцах” з верша Вольгі Іпатавай. Вялікая заслуга ў падрыхтоўцы і выданні анталогіі належыць Марыі Сёдэрберг, ініцыятарцы і натхняльніцы сумесных беларуска-шведскіх “Літаратурных падарожжаў”, што ўжо цягам 10 гадоў адбываюцца падчас Дзён культуры Швецыі ў нашай краіне.
 
У кнізе ў перакладзе на шведскую прадстаўленыя празаічныя і паэтычныя творы 30 айчынных літаратараў, якія бралі актыўны ўдзел у вандроўках цягам гэтага дзесяцігоддзя. Шыкоўнае выданне таксама багата ілюстраванае яркімі фотаздымкамі, выкананымі Марыяй Сёдэрберг.
 
На беларускім стэндзе ў Гётэборгу былі прадстаўленыя яшчэ тры асобныя выданні айчынных аўтараў – Артура Клінава, Барыса Пятровіча і Андрэя Хадановіча.
 
Акрамя вышэйзгаданых пісьменнікаў, беларускую літаратурную дэлегацыю ў Швецыі прадставілі Святлана Алексіевіч, Алесь Пашкевіч, Зміцер Вайцюшкевіч, Марыя Мартысевіч, Дзмітры Плакс, Анка Упала, а таксама прадстаўнікі беларускіх незалежных выдавецтваў.

Беларускія літаратары вярнуліся з кніжнага кірмаша ў Гётэборгу
 
Ганаровым госцем кірмашу сёлета была Нямеччына, а таму нямецкамоўная літаратура ў Гётэборгу была найбольш пашыраная. Але, як адзначыў Алесь Пашкевіч, па маштабнасці сваёй прысутнасці беларуская літаратура смела займала другое месца.
 
Падводзячы вынікі сёлетняга візіту ў Гётэборг, старшыня СБП сказаў: “Дзякуючы прэзентацыі сучаснай беларускай літаратуры на кірмашы многія шведскія чытачы папросту адкрылі для сябе новую культурную краіну, амаль суседку. Бо даехаць са Стокгольма да Гомеля, як выявілася, нашмат бліжэй, чым са шведскай сталіцы да яе самых паўночных межаў ”.
 
Ад імя Саюза пісьменнікаў Алесь Пашкевіч выказаў удзячнасць за магчымасць беларускага свята ў Гётэборгу Амбасадзе Каралеўства Швецыі ў Беларусі, Шведскаму саюзу пісьменнікаў, Шведскаму ПЭН-клубу і асабіста непасрэднай укладальніцы анталогіі, а таксама арганізатарцы беларускага літаратурнага стэнду на кірмашы – спадарыні Марыі Сёдэрберг.

Беларускія літаратары вярнуліся з кніжнага кірмаша ў Гётэборгу
 
Сваімі ўражаннямі ад Гётэборгскага кірмаша з прэсавай службай СБП падзяліліся і іншыя ўдзельнікі беларускай дэлегацыі.
 
Пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч: “Варта адзначыць, што хоць кірмаш і адбываўся ў Гётэборгу, я сустрэў там вельмі шмат знаёмых пісьменнікаў са Стакгольму і іншых шведскіх гарадоў. Яны бывалі ў Беларусі і падчас кірмаша вельмі годна выступілі на беларускім стэндзе. І хоць мерапрыемствы ішлі па прынцыпе нон-стоп і гледачы ўвесь час змяняліся, цікавасць да нашай літаратуры ўсё роўна была вельмі вялікая”.
 
На пытанне пра водгукі на сваю кнігу “Плошча”, прэзентаваную падчас кірмаша, Б. Пятровіч адказаў: “У Швецы існуе так званы Дзень крытыкі. Праз некаторыя час пасля выхаду новай кнігі ўсе асноўныя шведскія выданні, якія маюць аддзелы культуры ці літаратуры, змяшчаюць рэцэнзіі на яе. Дзень крытыкі новых беларускіх кніг – Артура Клінава, Андрэя Хадановіча і маёй – 29 верасня. Хочацца падкрэсліць, што выбар рэцэнзентаў адвольны і незалежны. І, на маю думку, гэта вельмі важна. Яны самі абіраюць, што рэцэнзаваць і рэкамендаваць чытачам, ніхто над імі не стаіць. А таму паглядзім”.
 
Анка Упала, пісьменніца, перакладчыца: “Больш за ўсё мяне ўразіла, з якой цікавасцю шведы ставяцца да такой падзеі, як кніжны кірмаш. Некаторыя імпрэзы пачыналіся а 9-й гадзіне, але, нягледзячы на ранні час, гледачы на іх прыходзілі. Мне запомнілася мілая шведская бабуля, якая наведвала амаль усе беларускія выступы, не зважаючы на тое, што праз паважаны ўзрост ёй цяжка хадзіць. Яна расказала мне, што калісьці працавала з беларускімі дзецьмі з бедных сем’яў, якія прыязджалі адпачываць у Швецыю, і цяпер заўжды цікавіцца тым, што адбываецца на іх радзіме. Спадарыня нават напісала два вершы і паўдзельнічала ў паэтычным слэме, што праводзіўся на беларускай пляцоўцы!”

Беларускія літаратары вярнуліся з кніжнага кірмаша ў Гётэборгу

Аўтар фотаздымкаў - Анка Упала
 
←Минский цирк начинает продажу VIP-билетов на представления

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика