У дзіцячым парашку фасфатаў удвая больш. Вынікі даследчай працы
Злева направа ў ніжнім радзе: Ліза Іларыёнава, Вераніка Даўгучыц, Дзяніс Лявошка, Дзіма Кунавіч, Саша Шышко. Злева направа ў верхнім радзе: Ксюша Балгарская, Святлана Ганчар (кіраўніца), Яна Лукошка, Саша Міклуш, Глеб Фіткевіч.
Навучэнцы клуба “Назіранні за рэкамі” правялі даследчую работу на выяўленне шкодных рэчываў у мыйных сродках.Цяпер мыйныя сродкі маюць для нас вялікае значэнне, бо які чалавек сёння не карыстаецца шампунем, мылам, пральнымі парашкамі, сродкамі для мыцця посуду. Яны дапамагаюць у гаспадарцы і быце, вельмі зручныя і эфектыўныя ў сваім выкарыстанні. Але ці карысныя яны для нашага здароўя?
Менавіта адказ на гэта пытанне захацелі знайсці вучні Нарацкай сярэдняй школы Вілейскага раёна. Школьнікі, якія займаюцца ў экалагічным клубе “Назіранні за рэкамі” разам з настаўніцай геаграфіі Святланай Ганчар вырашылі правесці эксперымент: адправіліся ў краму прамысловых тавараў, каб даведацца, якія шкодныя для здароўя рэчывы ёсць у розных мыйных сродках.
Што выявілі?
Як распавяла Святлана Ганчар, за час даследавання праверылі 18 розных мыйных сродкаў. Сярод іх:
- 12 пральных парашкоў,
- 2 кандыцыянеры для бялізны − “Мара” і “Blis»,
- 2 зубныя пасты − “32 жемчужины” і “Dentovit”,
- бальзам для мыцця посуду “Жемчуг”,
- вадкі адбельваючы і дэзінфікуючы сродак “Белизна блеск”.
Падчас працы юныя даследчыкі выявілі, што амаль ва ўсе мыйныя сродкі ў склад уваходзіць вельмі шкоднае рэчыва − трыполіфасфат натрыю або, прасцей кажучы, фасфаты. Іх знайшлі ў наступных сродках: пральныя парашкі “Мара”, “Чайка”, “AOS” , “April”, “Sorti”, “Bonus”.
Колькасць фасфатаў у гэтых пральных парашках – 15%.
− Але гэта яшчэ не ўсё, − адзначае Святлана Ганчар. − Тое, што мы вынайшлі, нас вельмі здзівіла. Высвятляецца, што ў дзіцячым пральным парашку “Ушастый нянь” фасфатаў больш, чым у астатніх мыйных сродках. У ім колькасць іх дасягала 30%. А на самой жа справе, пры дапамозе даведак, мы знайшлі, што колькасць фасфатаў у такіх сродках значна большая – каля 40%.
Чым шкодныя фасфаты?
Навучэнцы клуба, якія вельмі даўно рыхтаваліся да гэтага даследавання, расказалі, што фасфаты дадаюць у розныя мыйныя сродкі, каб “змякчыць” ваду, бо тады яна адмые любы бруд. Але навучэнцы перакананыя, што гэтыя сродкі вельмі небяспечныя як для чалавека, так і для прыроды.
Фасфаты змывайце 10 разоў
Абгрунтавалі сваю думку яны на прыкладзе звычайнага мыцця бялізны:
− Калі мы памылі адзенне парашком, у склад якога ўваходзяць фасфаты, то, каб пазбавіцца ад іх, трэба, як мінімум, 10 разоў прапаласкаць бялізну ў звычайнай вадзе. У адваротным выпадку можа здарыцца так, што шкодныя рэчывы пачнуць рэагаваць са скурай і слізістымі абалонкамі. А гэта прывядзе да алергіі (напрыклад, з’явіцца сып).
Таксама вельмі важна ведаць, што ў склад фасфатаў уваходзяць цяжкія металы і атрутныя рэчывы. Напрыклад, мыш’як.
З-за фасфатаў цвіце вада
І гэта не ўсё. Калі весці размову пра прыроду, то тут ужо справа ідзе не толькі пра сваё жыццё, а пра жыццё ўсяго жывога наогул.
− Справа ў тым, што мыйны сродак, у складзе якога ёсць фасфаты, разам з вадой трапляе ў азёры, рэкі, вадаёмы. І ўся бяда ў тым, што гэтыя шкодныя рэчывы выклікаюць цвіценне раслін, таму што дзейнічаюць як ўгнаенні. А ўсё гэта разам прыводзіць да экалагічнай праблемы, бо цвіценне забірае шмат кіслароду, якога потым не хапае рыбам. І яны пачынаюць гінуць, − тлумачаць вучні.
Пасля правядзення даследчай работы навучэнцы раздалі бацькам і настаўнікам анкету, пры дапамозе якой выявілі галоўную прычыну таго, чаму людзі не задумваюцца, якімі сродкамі карыстаюцца і да якіх экалагічных і жыццёвых праблем яны могуць прывесці.
Як аказалася, з магчымых 100% апытаных толькі 14% звяртаюць увагу на склад таго, што купляюць.
− Напэўна, лепш вярнуцца да звыклых народных метадаў мыцця адзення і посуду. Гаспадарчае мыла куды лепш, чым пральныя парашкі, якія шкодзяць здароўю, − з расчараваннем адзначыла кіраўніца праекта.
Ілона АДАМОВІЧ, школа журналістаў пры рэдакцыі “РГ”.
Фота забяспечана Ілонай Адамовіч.