Глыбокае рыхтуецца да свята

Источник материала:  

Як вядома, сёлета Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Глыбокім. Па традыцыі святкаванне штогод адбываецца ў першую нядзелю верасня. Сёлета беларусы аддадуць даніну павагі сваёй мове і пісьменству 2 верасня. А вось сам райцэнтр пачаў рыхтавацца да свята даўно.

— Без перабольшання магу сказаць, што жыхары раёна адчуваюць адказнасць і ўдзячнасць за давер. Падрыхтоўку да святкавання мы фактычна пачалі яшчэ летась, — кажа старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат.

Фонд свята папаўняецца на суботніках. У мінулым годзе іх правялі тры, зарабілі каля 562 мільёнаў рублёў. Сёлета прайшлі ўжо два суботнікі. Па выніках першага на спецыяльны банкаўскі рахунак было пералічана звыш 630 мільёнаў рублёў. Гэтыя сродкі мы выкарысталі на выраб цэментных агароджаў і драўляных платоў, зрабілі фантан каля гарадскога дома культуры і іншыя малыя архітэктурныя формы да Дня пісьменства, а таксама добраўпарадкавалі вуліцы горада.

Глыбокае рыхтуецца да свята

Акрамя гэтага, былі арганізаваны і праведзены акцыі па зборы сродкаў на будаўніцтва храма-капліцы ў гонар Святога велікамучаніка Панцеляймона-лекара, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы Глыбоцкай раённай цэнтральнай бальніцы, на рамонт басейна ў гарадской лазні (апошні пацягнуў на 282 мільёны рублёў).

Толькі за мінулы год на добраўпарадкаванне горада Глыбокае жыллёва-камунальнай службай Глыбоцкага раёна затрачана больш за 1,5 мільярда рублёў, а за першыя пяць месяцаў бягучага года — больш за 1,8 мільярда.

Прадпрыемствамі і арганізацыямі горада на вырашэнне пытанняў добраўпарадкавання затрачана каля 1 мільярда рублёў. Добраўпарадкаваны тэрыторыі і будынкі камбікормавага завода, мясакамбіната, малочнакансервавага камбіната і іншыя. Падрыхтаваны і здадзены ў эксплуатацыю комплекс будынкаў сярэдняй школы №1, стаматалагічная паліклініка і танцавальная зала гарадскога дома культуры, працягваецца рэканструкцыя гарадскога стадыёна.

Каб будучая сталіца святкавання Дня беларускага пісьменства была прыгожай у вячэрні і начны час, на асвятленне будынкаў на цэнтральных вуліцах горада выдаткавана 50 мільёнаў рублёў.

У самым цэнтры горада, ля возера Кагальнае, на месцы былога балота, сіламі працоўных калектываў і ЖКГ раёна абсталяваны дзіцячы гарадок. Тут з'явіліся гульнявая пляцоўка, альтанкі і іншыя малыя архітэктурныя формы. На стварэнне гарадка патрацілі больш за 500 мільёнаў рублёў. Паралельна займаюцца далейшым добраўпарадкаваннем зоны адпачынку на берагах азёраў, якія знаходзяцца на тэрыторыі райцэнтра.

У Год кнігі арганізатары свята абяцаюць прыемна здзівіць кнігалюбаў. У прыватнасці, выдадзены шыкоўны фотаальбом, прысвечаны Глыбокаму, сумесна з выдавецтвам "ЛіМ" рыхтуецца да выдання двухтомнік аб раёне. Сабраны інфармацыйны матэрыял для фотаальбома "Памяць вайны". Асобна хочацца адзначыць працу, якую плануецца завяршыць у Год кнігі — выданне "Фальклор Глыбоччыны". Цікава, што фальклорныя матэрыялы сабралі студэнты Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Ганаровыя госці і ўдзельнікі свята павязуць на памяць аб Дні беларускага пісьменства ў Глыбокім сувенірныя медалі. Распрацаваны і эскіз значка "Дзень беларускага пісьменства ў г. Глыбокае", выраблены ў Полацкай друкарні "Спадчына Ф. Скарыны".

Мясцовая ўлада загарэлася ідэяй увекавечыць памяць славутых сыноў і дачок Глыбоцкай зямлі, якія праславілі родны край на ўвесь свет. У прыватнасці, імя выдатнага авіяцыйнага канструктара П. Сухога плануюць прысвоіць сярэдняй школе № 1.

Усяго ў горадзе 104 вуліцы, 32 завулкі і плошча. 11 з іх названы імёнамі вядомых землякоў-глыбачан: заснавальніка тэатра Ігната Буйніцкага, таго ж канструктара Сухога. Дзевяць вуліц носяць імёны беларускіх пісьменнікаў і асветнікаў: Змітрака Бядулі, Максіма Багдановіча, Францыска Скарыны, Якуба Коласа, Янкі Купалы... Глыбоцкая дзіцячая мастацкая школа носіць імя Язэпа Драздовіча, вядомага мастака, фалькларыста, таксама ўраджэнца раёна.

Каб прыцягнуць грамадскасць да актыўнага ўдзелу ў мерапрыемствах па падрыхтоўцы святкавання Дня беларускага пісьменства, у раёне аб'яўлены конкурсы. Сярод іх — "Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак", на лепшы валанцёрскі атрад, "Мой падарунак Глыбоччыне", фотаконкурс "Моладзевы альбом", "У аб'ектыве — роднае Глыбокае", на лепшы сувенір.

Жыхары раёна ахвотна ўдзельнічаюць у конкурсах на лепшае добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі, лепшага кветкавода, лепшае прадпрыемства і ўстанову ўзорнага парадку, лепшае афармленне тэрыторыі і лепшы пад'езд.

Сёння райцэнтр нагадвае вялікую будаўнічую пляцоўку. Паўсюдна рамантуюць, будуюць, фарбуюць... У межах падрыхтоўкі да свята запланавана правядзенне капітальных і бягучых рамонтаў на 86 аб'ектах. Работы вядуцца на 77 з іх.

У агульным і цэлым, аб'ём патрэбных сродкаў складае больш за 160 мільярдаў рублёў. Прапрацоўваюцца пытанні па пошуку дадатковых крыніц фінансавання (гэта могуць быць ведамствы, прадпрыемствы, арганізацыі, банкі, інвестары, спонсары).

Акрамя ўсяго іншага, на адкрыты спецыяльны рахунак прадпрыемствы арганізацыі і грамадзяне пералічылі ўжо больш за 608 мільёнаў рублёў.

Галоўным месцам правядзення святочных мерапрыемстваў вызначана цэнтральная плошча па вуліцы Леніна. Праектам прадугледжана новае пакрыццё з тратуарнай пліткі. Ды і ўвогуле — робіцца ўсё магчымае, каб плошча стала адным з самых прыгожых месцаў у горадзе.

У адпаведнасці з планам частка мерапрыемстваў адбудзецца на плошчы 17 Верасня. Тут пройдзе рэспубліканская навукова-творчая экспедыцыя "Дарога да святыняў" з жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга. Месца гэта ўвогуле ўнікальнае. Тут знаходзіцца помнік гісторыі, культуры і дойлідства ХVІІ стагоддзя — сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. На яго рамонт ужо выдаткавана (пачынаючы з 2000 года) больш за 1,2 мільярда рублёў. Грошы бралі з раённага бюджэту. На кансервацыю трохпавярховай прыбудовы патрабуецца яшчэ 432 мільёны рублёў і 210 мільёнаў на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі з наступным уключэннем гэтага аб'екта ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2013 год за кошт рэспубліканскага бюджэту.

Літаральна на вачах новы выгляд набылі Глыбоцкі гарадскі дом культуры, дзіцячая школа мастацтваў, Дом рамёстваў, гісторыка-этнаграфічны музей... У будынку былой бібліятэкі па вуліцы Леніна пасля капітальнага рамонту адкрыецца выставачная зала.

У райвыканкаме паабяцалі, што зробяць усё магчымае, каб святкаванне Дня пісьменства ў Глыбокім стала адным з самых запамінальных. Свята пройдзе, а новае аблічча горада застанецца для яго жыхароў.

Да сустрэчы ў Глыбокім у верасні!

Аляксандр ПУКШАНСКІ,

Глыбоцкі раён.

←На музей Дуги Струве в Гольшанах выделили 8 тыс. евро

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика