Працяг будзе...

Источник материала:  

Тэрэза Голуб. "Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова".

Манаграфія. "Беларуская навука", 2012.

Да беларускай літаратуры часам ёсць прэтэнзіі: старэйшых раздражняе збыткоўная гульнёвасць сучасных тэкстаў, маладых — пафаснасць традыцыі, якая мае гістарычныя тлумачэнні. Беларуская літаратура цягнула воз няўласных функцый, вырашаючы пытанні, звязаныя з рэлігіяй, ідэалогіяй, філасофіяй. Яе класікі былі нібыта кананізаваны, а пакаленні беларусаў гадаваліся ў дагматычнай веры. І ў той момант, калі стала задаваць пытанні "пакаленне імя Фамы нявернага", былі страчаны не столькі "доказы святасці" класічнай літаратуры, колькі звычка размаўляць пра важнае проста.

Працяг будзе...У маладога недаверлівага пакалення, з якім мы, выкладчыкі, штодня сутыкаемся ў аўдыторыях, пры розным стаўленні да праграмнай беларускай літаратуры стала выпрацоўвацца аднолькавая рэакцыя на яе: "Гэта не пра мяне".

Як зрабіць, каб было "пра мяне"? Альбо праз апеляцыю да гісторыі краіны і рызыку збыткоўнага пафасу, альбо праз цікавы аповед пра паспяховага чалавека.

Калі змаўкаюць тэксты, пачынаюць гаварыць біяграфіі. У якіх старэйшае пакаленне павінна расказаць маладзейшаму пра літаратуру, аргументуючы нават тое, што здавалася несумніўным ці нават банальным. А калі не парупіцца своечасова растлумачыць тое нібыта простае, важнае і само сабой зразумелае — перапыніцца пераемнасць. Зачараванае кола.

А мост, які з'яднае два бакі, павінен будавацца, і манаграфія "Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова" — заўважны ўнёсак у гэты працэс. У Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі ў пачатку 1980-х пачалася работа па зборы звестак для "Летапісу...", але яна не была завершана. Толькі цяпер атрымалася сабраць у адно інфармацыю з сямейных і музейных архіваў, з прыжыццёвых перыядычных выданняў, даследчых прац.

І Аркадзь Куляшоў паўстаў зноў: вундэркінд, франтавік, пісьменнік, перакладчык, кінематаграфіст, грамадскі дзеяч, сын, муж, бацька... У "Летапісе..." сабрана інфармацыя пра першапублікацыі твораў, пра пераклады на замежныя мовы, пра тое, што мы б цяпер назвалі кар'ерным ростам, пра ўзаемаўплывы і ўзаемасувязі ў літаратурным асяродку.

Распісанае па тыднях ці нават днях жыццё класіка ажывае за бездакорна навуковымі фармулёўкамі "Летапісу...". 30-я гады: жаніцьба з Аксанай Вечар, сястра якой была замужам за Платонам Галавачом; арышт П. Галавача; назіранне за сям'ёй Куляшовых летам 1937 года і сказанае А. Куляшовым цяжарнай жонцы: "Давай развітвацца, Ксаня!". Умяшальніцтва П.К. Панамарэнкі — і развітвацца не прыйшлося, але карціна эпохі ствараецца вычарпальная.

Сяброўства з Ю. Таўбіным і З. Астапенкам, з А. Твардоўскім, сваяцтва з П. Галавачом... Куляшову пашчасціла ў традыцыйна нешчаслівым для беларускіх пісьменнікаў пытанні: досыць закрытай у нас з'яўляецца інфармацыя пра тое, хто з кім у беларускім літаратурным працэсе сябраваў і варагаваў, інфармацыя, без якой немагчыма напісаць літаратурную біяграфію.

Фотаздымкі маладога, неверагодна прыгожага Аркадзя Куляшова дапоўнілі ўспаміны сучаснікаў: малы, шэранькі, "не паказаўся", але спакойны, разважлівы, мудры, з аргументаванай крытыкай твораў.

З "Летапісу..." відаць, як шмат Аркадзь Куляшоў працаваў, якія адказныя пасады займаў (галоўны рэдактар кінастудыі "Беларусьфільм", член праўлення Саюза кінематаграфістаў БССР, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР многіх скліканняў), як часам некалькі дзён запар удзельнічаў у адказных мерапрыемствах, і вытлумачальнымі становяцца яго шматлікія інфаркты і інваліднасць (уражвае, што пасля інфаркту ён праз некаторы час ехаў на сустрэчу з выбаршчыкамі і фактычна насустрач наступнаму інфаркту).

І хаця "Летапіс..." складзены без разліку на недасведчанага чытача, некаторыя факты знаходзяць сваё тлумачэнне: так, расказваецца, што ў СССР творы спачатку павінны былі друкавацца на мове арыгіналу, а толькі потым — у перакладзе на рускую мову.

Манаграфія складае 300 старонак, і відавочна, што для апісання (нават не асэнсавання) жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова такога аб'ёму мала, у чым прызнаецца і аўтар манаграфіі Тэрэза Голуб. Сапраўды, цікавая інфармацыя пра сямейнае жыццё Куляшовых, ужо надрукаваная дачкой пісьменніка, не ўвайшла ў выданне. Можна было б западозрыць, што згадкі пісьменніка пра яго раннюю жаніцьбу ці звесткі пра яго нявернасць свядома абміналіся, але ў кнізе смела напісана пра развод бацькоў пісьменніка, пра тое, што маці была беспадстаўна абвінавачана ў аказанні "жаночых паслуг", пра тое, як бацька 40 дзён быў старастам пад акупацыяй. Так што можна сцвярджаць, што аўтар манаграфіі была аб'ектыўнай, але яе, на жаль, абмяжоўваў аб'ём.

На сёння грунтоўны "Летапіс..." — самы поўны збор біяграфічных звестак пра Аркадзя Куляшова і — хочацца верыць — фундамент для яшчэ больш важкай работы.

Аксана Бязлепкіна

Кніга прадастаўлена Домам кнігі "Светач" (г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11).

←Глыбокае рыхтуецца да свята

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика