Пагаворым пра далейшыя крокі...
Беларусь зацікаўлена ў новай праграме супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам. Аб гэтым заявіў учора прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з прадстаўнікамі МВФ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Хацелася б пагаварыць аб далейшых кроках, у тым ліку, як і раней мы абмяркоўвалі з панам Джарвісам, аб выхадзе на праграму", — заявіў кіраўнік урада. Ён адзначыў, што з боку МВФ Беларусь у мінулым годзе не атрымала адпаведнай падтрымкі, на якую разлічвала. "Нашы дзеянні ў мінулым няпростым годзе былі разлічаны на ўласныя сілы, у першую чаргу канкурэнтнасць эканомікі, стабільнасць грамадзянскай супольнасці і узгодненую і адказную работу ўлады", — падкрэсліў ён.
Беларусь удзячная сваім стратэгічным партнёрам па ЕўрАзЭС, якія ў няпросты час аказалі неабходную падтрымку і ў галіне структурных пераўтварэнняў і стабілізацыйных фондаў. "Асабліва мы ўдзячныя кіраўніцтву Расійскай Федэрацыі і асабіста Уладзіміру Пуціну і Дзмітрыю Мядзведзеву", — сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Ён прапанаваў прадстаўнікам МВФ абмеркаваць далейшыя канструктыўныя захады, якія былі б у інтарэсах нацыянальнай эканомікі Беларусі і разам з гэтым улічвалі б працэсы глабальнай эканомікі. "Мы таксама лічым, што з боку МВФ і іншых фінансавых інстытутаў павінна прадастаўляцца краінам-членам аб'ектыўная і актуальная інфармацыя аб сярэднетэрміновай перспектыве развіцця глабальнай і рэгіянальнай эканомік і магчымых захадах, якія трэба было б зрабіць у гэты няпросты час", — адзначыў прэм'ер-міністр. Па гэтых пытаннях няма адпаведных рэкамендацый. "Гэта дрэнна, і мы вымушаны выкарыстоўваць розныя бессістэмным звесткі. Я маю на ўвазе глабальную эканоміку, тыя працэсы, якія ідуць у зоне еўра", — дадаў ён.
Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, сусветны фінансавы крызіс яшчэ не скончыўся. Разам з тым, з улікам высокага ўзроўню развіцця эканомік, мірнага часу, ёсць магчымасць даволі паспяхова стабілізаваць сітуацыю на сусветным фінансавым рынку. І роля МВФ у гэтай сітуацыі магла б быць вызначальнай, упэўнены прэм'ер-міністр.
У сваю чаргу намеснік начальніка паўночна-ўсходняга аддзела Еўрапейскага дэпартамента МВФ, кіраўнік місіі МВФ па Рэспубліцы Беларусь Дэвід Хофман адзначыў, што з уступленнем яго на новую пасаду ён разлічвае прадоўжыць тыя добрыя адносіны, якія склаліся з Беларуссю. "Гэта місія ўяўляе сабой місію па перадачы спраў, якая дае магчымасць спадару Джарвісу прадставіць мяне уладам Беларусі, — сказаў ён. — Мы тут ужо два дні працуем, праводзячы сустрэчы, і я застануся тут па панядзелак уключна". Паводле слоў Дэвіда Хофмана, бягучы візіт разглядаецца ў якасці падрыхтоўчай работы па зборы інфармацыі для больш маштабнай місіі па трэцім постпраграмным маніторынгу, які плануецца правесці ў кастрычніку.