ШЛЯХ ДА МОВЫ

Источник материала:  

Для чалавека, як прадстаўніка віду hоmо sаріеns, важным і неабходным з'яўляецца мова. Для чалавека, як істоты біялагічнай, — прадаўжэнне роду. Для чалавека ў гістарычным кантэксце — Радзіма.

Радзіма. Дзеці. Мова.

Я не памылюся, калі скажу, што ў наш час не тое, што беларускамоўнае дзіця, а свядомы чалавек, які ў штодзённым жыцці размаўляе па-беларуску, — рэдкасць. У вёсках ды невялічкіх пасёлках віруе трасянка, а ў гарадах шчыльна засела руская мова...

Дзе месца беларускай мовы? У падручніках па літаратуры? Ці сярод "абраных" пластоў насельніцтва?

Месца мовы на Беларусі — сярод звычайных вясковых хацін і шматпавярховых гмахаў, сярод працаўнікоў прадпрыемстваў і міністэрстваў. Яна павінна жыць!

Я ні ў якім разе не адмаўляю рускай мовы і не намагаюся навязаць сваё меркаванне, але вельмі балюча, калі чуеш ад бацькоў: "Маё дзіця будзе размаўляць выключна па-руску!" І мама, і тата, і шматлікае акружэнне ў прысутнасці дзіцяці ламаюць язык. Крыўдна не за іх, дарослых, а за маленькага чалавечка, у якога адабралі магчымасць ведаць родную мову.

Балюча, калі вочы чапляюцца за паведамленне на адным з сайтаў: "Тэрмінова патрабуюцца вучні ў беларускамоўную школу".

Балюча, калі замест "Села кошка на парожку..." вясковае трохгадовае дзіця дэкламуе "Мишка косолапый...". Ёсць столькі цудоўных дзіцячых вершаў айчынных паэтаў!

Балюча было, калі мы з дачкою на Вялікдзень пайшлі збіраць яйкі па вёсцы, у якой жыве мая бабуля, і на адказ малечы "Дзякуй за яйка" жанчына здзівілася:

— А чаму не "спасибо"?

І гэта ў вёсцы!

Чамусьці ў сваёй краіне дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце працвітае. Здаецца, і грамадства ўжо вырасла з цэтлікаў "колхозник", "деревня". Вось толькі позірк, якім цябе адорвае прадавец, ці кандуктар, ці звычайны мінак, у якога цікавішся: "Як прайсці да...", — пранізліва-ацэньваючы і халодны-халодны, ад якога мурашкі паўзуць па спіне.

Напэўна, да гэтага трэба дарасці: хтосьці разумее і ў 18 гадоў, што мова — свая, а хтосьці і ў 50 не памятае наказу Ф. Багушэвіча. Усяму свой час.

Каюся: і я выракалася роднай мовы... Тады, калі правінцыяльнай дзяўчынкай прыехала вучыцца ва ўніверсітэт. Першы год пратрымалася, а пасля, не вытрымаўшы націску, перайшла на рускую, толькі з самымі блізкімі сябрамі размаўляла "па-свойму".

І толькі нараджэнне дзіцяці прымусіла мяне задумацца і на пытанне: "Дзе месца беларускай мовы?" — даць адказ: "У сям'і".

Я выпрацавала звычку замест "пожалуйста" казаць "калі ласка", замест "спокойной ночи" — "дабранач" і канчаткова пераключылася на беларускамоўную літаратуру і перыёдыку. І была такой шчаслівай, калі аднойчы перад сном злавіла сябе на тым, што думаю па-беларуску.

Сваёй дачушцы я чытаю кнігі як на беларускай, так і на рускай мовах — праўда, у аўтарскім перакладзе, таму што кніг на беларускай мове для дзяцей малодшага ўзросту ў кніжных крамах зусім няма. А тыя кнігі, якія можна заказаць праз сеціва, вельмі саступаюць у дызайне і маляўнічасці сваім рускамоўным сабратам.

Мяне радуе, калі Саша, паснедаўшы, кажа мне "дзякуй". І ўчора ўвечары, калі мы шпацыравалі па вуліцы, дачка здзівіла мяне. Заўважыўшы на электрычных правадах птушак, яна пачала махаць рукой і крычаць ім: "Прывет!" Я паправіла: "Кажы — прывітанне!"

Яна — імгненна:

— Прывітанне. Як маешся?

У маёй мове актыўнага ўжывання "маешся" да гэтага часу не было.

Я не ўпэўнена ў тым, што размаўляю па-беларуску на адзнаку "добра", але я вучуся. Мы вучымся — і гэта наш шлях да мовы. Бо я не хачу адбіраць у сваёй дачкі магчымасць ведаць сваю мову з-за прымітыўных стэрэатыпаў. Я не хачу, каб яна, калі падрасце і будзе вучыцца ў горадзе, адчувала сябе "белай варонай" і саромелася беларускай мовы. Я хачу, каб яна ўспрымала беларускамоўнасць як норму, а не як выключэнне. Нават калі пасля яна абярэ для сябе рускую мову, я буду ведаць, што шлях быў недарэмным, бо я змагла ёй даць права выбару.

Алена ГАНУЛІЧ.

Астравецкі раён.

←Читатели против министра

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика