Лекавыя расліны

Источник материала:  

Трава сімвалізавала падпарадкаванасць у стасунках паміж людзьмі. Акрамя таго, траву ў народнай культуры лічылі сімвалам ціхага шэпту і малітвы: "чуваць, як трава шапоча". У перыяд з 7 чэрвеня па 7 ліпеня знахары збіралі лекавыя травы (зёлкі). Лічылася, што найбольшай лекавай сілай травы і карэнне валодаюць менавіта ў дні летняга сонцастаяння, калі сонейка аддае ўсю моц матухне-зямельцы, а потым сыходзіць на пакой. У славянскім фальклоры шмат паданняў аб з'яўленні зёлак. Вось адно з іх: "Бог намаляваў на зямлі выяву чалавека і паставіў да яго сабаку і вартаўніка. Да сабакі прыйшоў чорт і стаў спакушаць яго, гаворачы: "Ты пакінь сваю варту, а я табе за гэта дам цёплае футра". Сабака адышоў ад намаляванай выявы, а чорт нанёс "чалавеку" 70 ран. Бог убачыў гэта і стварыў для кожнай раны 70 лекавых раслін".

 У народзе існавала павер'е, згодна з якім можна было навучыцца разумець мову траў, калі злавіць у лесе змяю з каронай на галаве — царыцу лясоў, і з'есці, папярэдне прыгатаваўшы яе пэўным чынам.

 Людзей, якія валодалі майстэрствам лячыць з дапамогай зёлак, звалі знахарамі, траўнікамі, зялейнікамі, трававедамі. Цікава, што ў перакладзе з грэчаскай мовы тэрмін "фармаколаг" азначае "знахар". Знахары перадавалі свае сакрэты з пакалення ў пакаленне, сваім нашчадкам.

 Працаёмкая апрацоўка лекавых раслін (збіранне на досвітку ці ўначы, сушка, вымочванне, пераціранне і г.д.) патрабавала пэўных навыкаў і здольнасцяў, ад якіх залежаў эфект уздзеяння на хворага чалавека.

 Збіранне некаторых чарадзейных траў хавала ў сабе пэўную частку рызыкі. Для гэтага знахары выконвалі пэўныя рытуальныя дзеянні: малявалі вакол сябе кола нейкім прадметам з жалеза ці серабра, чыталі замовы.

 Калі вы звяртаецеся па дапамогу да народных лекараў, трэба ведаць, што знахар ніколі не аддасць вам лекавы сродак (настой ці парашок) у сваім посудзе. Неабходна з сабой прынесці ёмістасць, куды яго можна перасыпаць ці пераліць.

 Лічыцца, што за лекі, атрыманыя ад такога лекара, нельга казаць "дзякуй", інакш іх ужыванне не дасць станоўчых вынікаў

(працяг будзе).

Аксана Катовіч, Янка Крук.

←Нарыхтоўка: здаюць больш і актыўна

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика