Нарыхтоўка: здаюць больш і актыўна
Прадпрыемствы спажывецкай кааперацыі распачалі нарыхтоўку брусніц. Праўда, паведамілі ў Белкаапсаюзе, закупляюць гэтую ягаду пакуль толькі ў Брэсцкай вобласці, "на падыходзе" — Гродзенская (тут, як пісала днямі "Звязда", раней, чым у іншых абласцях, быў дадзены дазвол на збор брусніц). Закупачная цана — 8 тысяч рублёў за кілаграм. Аднак яна можа змяняцца ў залежнасці ад попыту на ягаду, паколькі брусніцы пераважна рэалізуюцца на ўнутраным рынку. Збор журавін пачнецца ў першай палове верасня (першай сярод абласцей дазваляе збор Віцебшчына — з 1 верасня).
Затое нарыхтоўка чарніц завяршаецца. Сёлета ад насельніцтва закуплена 3,5 тысячы тон гэтай ягады, што перавышае леташні паказчык на 44 працэнты. Чарніцы пайшлі на лініі глыбокага замарожвання і ў стацыянарныя халадзільныя камеры, якая ёсць у раённых спажывецкіх таварыствах. Чарніцы прадаюцца на ўнутраным рынку, адгружаюцца перапрацоўчым прадпрыемствам, а замарожаныя — яшчэ і экспартуюцца.
З пачатку сезона закуплена таксама 275 тон костачкавых (слівы і алычы), што на 45 працэнтаў больш, чым было летась у аналагічны перыяд. Садовая ягада накіроўваецца пераважна на перапрацоўку на кансервавыя заводы. Сліва і алыча закупляецца па 700—2000 рублёў за кілаграм. Ужо нарыхтавана ад насельніцтва 28,4 тысячы тон яблыкаў новага ўраджаю, што крыху больш за леташні на той жа час. Зараз пераважна прымаюцца ападкі, якія ідуць на перапрацоўку на вінаробчыя прадпрыемствы. Іх закупачны кошт — 500—750 рублёў за кілаграм. Таварныя яблыкі пойдуць пазней, і цана на іх, па словах спецыялістаў, будзе большай.
Закуплена 58 тон чырвонай і 264 тоны чарнаплоднай рабіны, што адпаведна ў 1,7 і 2,9 раза больш, чым было летась. Закупачныя цэны на чырвоную рабіну вагаюцца ад 1 да 3 тысяч рублёў за кілаграм, на чарнаплодную — ад 2 да 3 тысяч рублёў за кілаграм.
Працягваецца і сезон нарыхтоўкі агародніны і бульбы. Агуркоў нарыхтавана 6,1 тысячы тон, што складае 102 працэнты да леташняга. Агуркі набываюць па 1,5-3 тысячы рублёў за кілаграм. Потым пераважна ў свежым выглядзе яны ідуць у рознічны гандаль, а таксама закупляюцца перапрацоўчымі прадпрыемствамі. Бульбы ад насельніцтва закуплена 5,7 тысячы тон, капусты — 6 тысяч тон. Гэта на 5 працэнтаў больш, чым было летась у аналагічны перыяд. Закупачная цана на капусту складае 300—800 рублёў за кілаграм, на бульбу — ад 700 да 1,8 тысячы рублёў. Нарыхтоўваюцца таксама буракі, морква, цыбуля — для іх наступнай рэалізацыі на рынках.
Нарыхтавана 106 тон грыбоў, пераважна лісічак. Іх прымаюць па 10-15 тысяч рублёў за кілаграм. На чарзе асеннія грыбы: маслякі, грузды, чырвонагаловікі, абабкі.
Сяргей РАСОЛЬКА.