Арэх
У шматлікіх казках і паданнях арэх (арэхавае дрэва) узгадваецца даволі часта як "месцазнаходжанне" таямнічых багаццяў і нячыстай сілы. Таксама арэх сімвалізуе ўрадлівасць, водную стыхію і мудрасць. У Бібліі святыя кнігі параўноўваюцца з арэхам: шалупа адпавядае гістарычным фактам, ядро — закладзеным у іх сімвалам жыцця.
Арэх — расліна, якая любіць вільгаць і хутка расце. У адным з паданняў распавядаецца: за тое, што Ісус Хрыстос здолеў наталіць свой голад, Бог блаславіў гэтае дрэва.
Арэх у шматлікіх народных культурах сімвалізаваў урадлівасць. Яшчэ ў дахрысціянскія часы існаваў звычай закідваць маладых арэхамі.
На Беларусі паўсюдна існаваў такі звычай: нявеста ў час вянчання павінна была трымаць за пазухай арэх, каб у яе нарадзіліся сыны.
У старажытныя часы перад тым, як легчы спаць, маладыя павінны былі "адкупіцца" арэхамі ад вясёлых гасцей.
Лічыцца, што арэх прыносіць поспех закаханым.
Год, багаты на арэхі, прадказваў нараджэнне доўгачаканых дзяцей.
У той жа час народ заўважаў: не бывае два гады запар ураджаю на арэхі.
Па народных уяўленнях, "той, хто знойдзе і захавае першую кветку арэхавага куста, абавязкова знойдзе клад у купальскую ноч".
Лічылася: калі пры сабе насіць арэхавую кветку, будзеш удачлівым у жыцці, ва ўсім будзе шанцаваць.
Таму, хто знойдзе арэх-спарыш, заўсёды будуць спрыяць поспех, дабрабыт і шчасце.
Арэх заўсёды лічылі магічным дрэвам. Яго галіны выкарыстоўвалі ў рытуальных дзеяннях. З іх выраблялі палачкі для варажбы.
Лічылася, што зрабіць "шчаслівую" вуду можна з арэшыны, якая расце з мурашніка ці побач з ім.
Дзякуючы галіне арэха можна вызначыць дакладнае месцазнаходжанне вады пад зямлёй.
У народзе лічылі: калі карову гнаць галінкай арэшыны, яна будзе даваць больш малака.
Народныя знахары гатавалі адвар і настой з арэхаў, які дапамагаў пры атручванні.
Акрамя гэтага, настой з грэцкіх арэхаў дапамагае пазбавіцца ад алкагалізму.
Паводле старажытных павер'яў нашага народа, цень арэшніка шкодная і небяспечная для чалавека і жывёлы. Навукоўцы пацвердзілі гэты цікавы факт: лісце арэха выдзяляе небяспечную арэхавую атруту.
Па арэхах і іх ураджаі прыкмячалі: шмат арэхаў, мала грыбоў — зіма будзе снежная і лютая.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.