Вялікі дзявочнік
Банцікі, рушачкі і кветачкі — неад'емныя элементы жаночага гардэробу. Шопінг, кар'ера і справы амурныя (у адвольнай паслядоўнасці) — абавязковыя тэмы для гутарак сучасных паненак. А заўсёдныя атрыбуты вячорак для лэдзі — гэта, вядома ж, бесклапотны смех і сардэчныя прызнанні на тэму "ўсе мужыкі ..." за келіхам чаго-небудзь з бурбалкамі.
У прадстаўнікоў моцнай паловы хапае сваіх, "закрытых", зон: на рыбалку, футбол ды ў гараж яны звычайна выпраўляюцца без дам. Героі "Іроніі лёсу" вунь мелі звычай хадзіць у лазню напярэдадні Новага года. А шмат вы чулі пра жаночыя традыцыі? Нашы каляжанкі на Захадзе, напрыклад, штогод святкуюць Дзень сябровак. Першага жніўня яны дружна робяць манікюр, песцяцца ў спа-салоне і перамываюць косці знаёмым. У гэты дзень забараняецца праменьваць даўнюю сяброўку на новага кавалера і займацца нежаночымі справамі. Раз на год жа можна выкраіць час і правесці яго ў кампаніі таварышак!
Такое свята рызыкуе з'явіцца і ў беларусак. Збор подпісаў за яго поўным ходам ідзе на сайце www.dеnроdrug.bу. Аўтар- ка гэтых нататак стала 3760-й. Грэх не папоўніць каляндар яшчэ адным святам! Да жніўня яшчэ далёка, але ж нястомныя беларускі ўжо правялі рэпетыцыю вялікага дзявочніка. Напярэдадні вясны — пары, калі не прыкрытая капелюшамі і кажухамі жаноцкасць абуджаецца ад зімовага сну — прадстаўніцы прыгожай паловы сабраліся ў сталічным Доме кіно на чыста жаночую вечарыну.
На дзявочніку былі заўважаны, напрыклад, спявачкі Іскуі Абалян і Іна Афанасьева, шоу-дзіва і пісьменніца Тамара Лісіцкая. Хто ж упусціць шанц правесці вечар з сяброўкамі?! За келіхам іскрыстага Еvе паненкі атрымалі асалоду ад жывой музыкі, дызайнерскіх калекцыйных рэтраплакатаў пачатку ХХ стагоддзя і, натуральна, усмак нафатаграфаваліся. Які ж дзявочнік без памятных здымкаў? Што яшчэ любяць жанчыны, дык гэта каб усё было, як у кіно! Новая модная стужка Вудзі Алена "Ты сустрэнеш таямнічага незнаёмца" яшчэ раз нагадала ім пра тое, што лепш за горы могуць быць толькі горы, на якіх яшчэ не бываў. У сэнсе, самая жаданая жанчына — тая... на якую глядзіш праз акно. То бок, дамачкі, давайце імкнуцца да новага, не стамляцца здзіўляць сваіх мужчын, асвяжаць адносіны. Тым больш, вясна на дварэ!
Ала МАЧАЛАВА.