Свята за шторкай
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Люблю 8 сакавіка. Напэўна, з таго самага дня, калі мы з татам хавалі за шторамі цюльпаны для маці. Хавалі 7-га, каб падарыць 8-га. Нешта было ў гэтым чароўнае. У нашай з татам тайне, у гэтым да часу схаваным свяце. У здрадніцкіх сонечных прамянях, якія не маглі ўжо ўтрымаць ніякія шторы...
Люблю 8 сакавіка за жоўтыя "савецкія" мімозы, якімі напаўняецца горад і праз дваццаць гадоў пасля такога нядаўняга і такога далёкага "перабудовачнага" юнацтва. Люблю за вялізную колькасць мужчын з букетамі. За ўсмешкі на вуліцах, за шчаслівыя позіркі жанчын.
Люблю за дзетсадаўскія паштоўкі, якія выхавацелькі робяць разам з дзецьмі са скручаных жоўтых сурвэтак.
Люблю за цёплы мамін голас па тэлефоне ў адказ на віншаванне і яе задзірлівае: "А ў нас ужо нарцысы вось-вось зацвітуць!"
Люблю 8 сакавіка за пяшчотна-сарамлівыя пацалункі сыноў, за цукеркі для дачкі, за ўсмешку мужа.
Люблю 8 сакавіка за высокае блакітнае неба, за лужыны ля гурбаў, за сухі, яшчэ белы ад солі, асфальт. За адсутнасць мітусні, за асобаснасць, за адчуванне вясны, якая ўжо прыйшла і якая ўся яшчэ наперадзе.
Будуць чыстыя вуліцы і першацвет, цёплы дождж і старыя ля пад'ездаў пасля доўгага перапынку... Будуць "песні" катоў апоўначы, хваляванні з нагоды школьных іспытаў, абвастрэнні хранічных хвароб, недахоп вітамінаў і недарэчны мокры снег з дажджом...
Вясна яшчэ паспее надакучыць з яе пераменай надвор'я, хранічнай стомленасцю, чэргамі ў магазінах "Насенне", неабходнасцю купляць новы абутак...
Але 8 сакавіка гэта яшчэ не мае ніякага значэння. 8 сакавіка вясне даруеш усе яе недахопы, прымаеш усе нязручнасці, забываеш пра акалічнасці. Самае галоўнае — робіш у гэты дзень тое, што хочаш. Ляжыш у ложку, глядзіш любімы фільм або ідзеш гуляць з дарагімі табе людзьмі ў парк. Дзе шпакі яшчэ не разбіліся на пары, а сядзяць чародкамі на дрэвах, дзе малыя бягуць па дарожцы перад бацькамі, а тыя смяюцца і баяцца, каб маленькія нязграбныя ножкі не спатыкнуліся...
Свята яшчэ не наступіла, а я яго ўжо адчуваю, ужо ўсміхаюся, бо справа не ў назве і не ў гісторыі, а ў нечым асабістым, у нейкім супадзенні тонкай грані стану прыроды і стану душы... І не важна, што сёлета 8 сакавіка прыпадае на другі дзень Вялікага посту. Зрэшты, і пост называюць духоўнай вясной.
Галоўнае — цюльпаны, схаваныя шмат гадоў таму за працятай сонечным святлом шторкай. Да часу. Да заўтра. Як прызнанне ў каханні. Як упэўненасць у адказе. Як святкаванне радасці быць разам. Любіць, кахаць, і нічога не баяцца.