Сімвал духоўнасці і згоды. Ім па-ранейшаму з'яўляецца кніга

Источник материала:  
Сімвал духоўнасці і згоды.
Ім па-ранейшаму з'яўляецца кніга

Гэта пацвярджае міжнародная выстава, якая адкрылася ў Мінску.

Учора ў сталіцы адбылося афіцыйнае адкрыццё XVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставыкірмашу. Сёлета ў ёй бярэ ўдзел рэкордная колькасць экспанентаў – звыш 600. Гэта прадстаўнікі дваццаці трох дзяржаў, сярод якіх Расія, Украіна, Арменія, Азербайджан, Германія, Францыя, Венесуэла, Індыя, Іран, Куба, Літва, ЗША, Швецыя... Завітаўшы на беларускі кніжны форум, наведвальнікі могуць пазнаёміцца з усім найлепшым, што толькі існуе ў сусветным кнігавыдавецтве.

— Ужо стала добрай традыцыяй праводзіць у гэтыя дні міжнародную кніжную выставу. Яна, без сумненняў, займае ганаровае месца не толькі ў Еўропе, але і ў іншых краінах свету, — падкрэсліў, вітаючы гасцей і ўдзельнікаў імпрэзы, міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі. — У нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа” прадстаўлены як друкаваныя выданні, так і сучасныя носьбіты інфармацыі. Аднак я перакананы, што кніга, якая пахне фарбай, будзе заўжды запатрабаваная і любімая.Нармальны адукацыйны працэс не можа існаваць без жывых зносін і кнігі. Гэту думку падчас адкрыцця выставы выказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Радзькоў. Ён параіў чытаць як мага болей Караткевіча, Багдановіча, Купалу, Талстога, Гёте і іншых класікаў літаратуры. — Іх творы прыносяць у наша жыццё духоўнасць і згоду, а таксама спрыяюць фарміраванню асобы чалавека, — перакананы Аляксандр Радзькоў. Дарэчы, кніжны форум-2011 мае некалькі асаблівасцей. Ён дае старт акцыі “У падтрымку чытання”, ініцыятарам якой выступіла Міністэрства інфармацыі нашай краіны. Вызначаецца сёлетняя выстава яшчэ і тым, што ўпершыню яе ганаровым госцем з’яўляецца Германія. На сваім стэндзе радзіма друкара і асветніка Іагана Гутэнберга прадставіла больш за 700 кніг з 250 нямецкіх выдавецтваў. Сярод дванаццаці тэматычных калекцый цэнтральнае месца займае літаратура, прысвечаная экалагічнай архітэктуры. Гэта зроблена невыпадкова, бо выкарыстанне альтэрнатыўных крыніц энергіі зараз вельмі актуальнае: каля 50 працэнтаў ад аб’ёму спажывання энергіі ў Еўропе складае менавіта энергаспажыванне будынкаў, таму “зялёная архітэктура” набывае важнае значэнне для нашай будучыні. Наведвальнікі таксама змогуць пазнаёміцца з дзіцячай і мастацкай літаратурай Германіі. Запланаваны і цікавыя сустрэчы. Напрыклад, з лаўрэатам Нямецкай кніжнай прэміі 2009 года Катрын Шмідт, якая прэзентуе свой раман “Ты не памрэш”, перакладзены на беларускую мову. — Запрашэнне Германіі ў якасці ганаровага госця Мінскай міжнароднай кніжнай выставы мы разглядаем як прызнанне шматгадовага супрацоўніцтва і дружбы паміж нашымі краінамі, — перакананы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі Крыстоф Вайль. — Кнігі і сёння застаюцца эфектыўнымі лекамі для падняцця духу, аздараўлення душы, тым правераным інструментам, што дапамагае пераканацца: у нас агульная еўрапейская культурная спадчына.— Мінская кніжная выстава для Германіі — самая важная культурная падзея года. Нам важна наладзіць добрыя сувязі з беларускім бокам, каб у свет выходзіла яшчэ больш нямецкіх кніг, перакладзеных на вашу родную мову. Мы хочам, каб на нашым рынку з’явілася больш беларускай літаратуры, — зазначыла аташэ па пытаннях культуры і прэсы пасольства Германіі Ганна Лаура Гайгер.І Францыя — леташні ганаровы госць выставы, таксама зацікаўлена ў супрацоўніцтве з нашай краінай у літаратурнай сферы.— У нас склаліся добрыя адносіны з беларускімі выдавецтвамі. Нездарма дзейнічае праграма Максіма Багдановіча, у рамках якой мы перакладаем французскія творы на беларускую мову, — распавядае саветнік па супрацоўніцтву і культуры пасольства Францыі ў Беларусі Людавік Руае. — Я ўпэўнены, што роля гэтай выставы вельмі вялікая, бо кожны павінен мець дома добрую бібліятэку. Важна чытаць сапраўдныя кнігі, якія можна патрымаць у руках. Электронныя аналагі іх ніколі не заменяць.А для простых наведвальнікаў выставы кніжны форум — гэта выдатная магчымасць пабачыць літаратурныя навінкі не толькі Беларусі, але і замежных краін.— Я спецыяльна прыехала ў Мінск, каб схадзіць на гэту выставу, — прызнаецца жыхарка Бабруйска Крысціна Слабадчук. — Знайсці ў нашых крамах “свежую” нямецкую літаратуру немагчыма, а мне як перакладчыку абавязкова патрэбна практыка замежнай мовы. Хачу набыць некалькі кніг. — Штогод прыходжу сюды, каб купіць прафесійную літаратуру па дызайну і архітэктуры. Каб развівацца далей, трэба больш чытаць. Так і з’яўляюцца новыя ідэі, — лічыць мінчанка Марыя Маскаліш. — Акрамя таго, у мяне тры ўнукі, таму хачу зараз знайсці для іх добрыя дзіцячыя кніжкі. А тут заўжды выбар вельмі багаты.Нагадаем, што кніжная выстава ў Мінску будзе працаваць па 13 лютага, таму кожны жадаючы зможа яшчэ паглыбіцца ў разнастайны і цікавы свет беларускай і замежнай літаратуры.

Кніжны форум-2011 дае старт акцыі “У падтрымку чытання”, ініцыятарам якой выступіла Міністэрства інфармацыі нашай краіны. Вызначаецца сёлетняя выстава яшчэ і тым, што ўпершыню яе ганаровым госцем з’яўляецца Германія.

←Кіроўцы абыякавыя да п'яных

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика