“Хто хоча рабіць, той усюды будзе жыць. І жыць добра!”
Так гавораць жыхары прыгранічнай вёскі на Гродзеншчыне -- беларускія палякі
З Пятром Акуновічам, старшынёй Падлабенскага сельсавета Гродзенскага раёна, едзем ў прыгранічную з Польшчай зону. Каб пазнаеміцца з этнічнымі палякамі, якія на ўсё жыццё “прапісаліся” ў нашай сінявокай краіне. Іх у раёне жыве ого колькі!
-- А ці ведаеце, што тут у нас некаторыя вёскі і цалкам польскія? -- пытаецца старшыня ў мяне, пакуль мы дабіраемся да патрэбнага месца. -- Нічога дзіўнага! У той бок пятнаццаць кіламетраў -- Ліпск, у той трыццаць пяць -- Аўгустова. І лес, вунь, што відаць, таксама ўжо польскі. А людзі самі раскажуць, як ім жывецца. Ніхто ж лепш за іх гэтага не ведае.
Канцавым прыпынкам нашага невялічкага падарожжа па рэгіёне стала вёска Навасёлкі, што акурат, па словах мясцовых жыхароў, “у Польшч упіраецца”. Так і ёсць. Размясцілася вёсачка ў маляўнічым кутку паміж дзвюма пагранічнымі заставамі: 2-й “Сафіёва” і 3-й “Бяляны”.
-- Дзень добры! Дзень добры! -- ветліва вітаюцца з намі гаспадары дагледжанай цаглянай сядзібы. -- Прошэ ў хату! Праходзьце!
З такой незвычайна сардэчнай сустрэчы і ўсмешак пачалося знаёмства з парай Касцюшкаў. Генрых Казіміравіч і Тэрэза Зыгмундаўна ахвотна ўключыліся ў дыялог:
-- Мы -- перасяленцы, -- распачаў свой аповед гаспадар. -- Я з польскага хутара Ліпшчаны. А калі граніцу пачалі рабіць, у “васьмісотку” тую і папалі (800-метровая пагранічная закрытая зона, жахары якой былі ў свой час выселены. -- Аўт.)…
-- Ты папаў, я -- не. Мая хата -- вось! -- смяецца Тэрэза Зыгмундаўна і далучаецца да агульных успамінаў. -- Я з мясцовых карэнных жыхароў. Да вайны, як не было граніцы, усе сваякі разам жылі. Памятаю, маленькая была, з мамай і цёцяй хадзілі мы на польскі бок у госці. Дык там жа думалі, што мы тут пухнем з голаду. А паглядзелі -- дзіву даліся: “Але вунь, вы тут добра жывяце…”
Фармальна лічылася, што адны “там”, а другія “тут”. Бачыліся мы часта. Так і з мужам пазнаёміліся. А потым некаторыя прынцыпова засталіся жыць у Навасёлках. Хоць і была магчымасць у Польшчу з'ехаць -- не паехалі. Як пакінуць зямлю родную? На якой нарадзіліся і сталі на ногі, працавалі да сёмага поту. Якую любілі і якая адказвала ўзаемнасцю: карміла, паіла, ратавала…
Родных у Генрыха і Тэрэзы Касцюшкаў з таго боку мяжы нямала.
-- Крыўдна, што цяпер бачымся рэдка, -- аб адным шкадуюць мае субяседнікі. Нядаўна яшчэ для нас спрошчаны пераход праз граніцу дзейнічаў -- вядома ж, лепш было! Візы так хутка не робяцца, тым больш складана нам, старэнькім, на вёсцы жывучы, займацца гэтымі справамі. Але жывём паціху, дзенькуе пану Богу!
Даўно прывыклі мясцовыя жыхары да суседства з пагранічнікамі -- з 1946 года дзейнічае тут застава. І адносіны склаліся ў іх, так бы мовіць, дзелавыя.
-- Вёска наша аддаленая. Мы мусім самастойна абараняцца ад няпрошаных гасцей. Пагранічнікі -- першыя нам у гэтым памочнікі.
Кожны дзень вайскоўцы патрулююць тэрыторыю. Не спяць у шапку і вяскоўцы. Як толькі ў поле зроку трапляе што-небудзь падазронае, тэлефануюць на заставу неадкладна.
-- А во, у пазатую нядзелю ішоў якісьці. Людзі ўбачылі, пазванілі нашым абаронцам. Калі хто і дэбашырыць бывае, таксама іх на дапамогу клічам…
-- Мы -- каталікі. Ды не толькі мы, уся наша вёска каталіцкая. І традыцый сваіх прытрымліваемся строга. І вось у гэтым мясцовыя ўлады нас добра падтрымліваюць. Як у касцёле, добра нам. Тут і старшыня сельсавета дапамог -- Пётр Іванавіч. Тэрыторыю добраўпарадкавалі, залажылі парк. Такая прыгажосць праз пару гадоў будзе! Пра вечнае не забываецца. Удзячны мы яму за парадак на могілках! Дрымучы ельнік да нядаўняга часу быў, а цяпер…
Мову ведаем, але у нас, у аколіцы, па-польску не гавораць. Не тое, што ў Сапоцкіне, напрыклад… Як у Польшчу прыязджаем -- чуваць адразу, што з Беларусі. Трасянка ў нас польска-беларуская атрымліваецца. Але ўсё ж галоўнае, што разумеем адзін аднаго.
Усё сваё жыццё шчыравалі Касцюшкі на зямлі. Работы ніякай не цураліся. Генрыху Казіміравічу за яго працоўную дзейнасць давялося і ў паляводстве прымяняць набыты вопыт, і ў жывёлагадоўлі. Быў ён і брыгадзірам, і рахункаводам у сельскім Савеце, і загадчыкам фермы 17 гадоў. Тэрэза Зыгмундаўна, па яе шчыраму прызнанню, сапраўдны чысты палявод.
-- Хто хоча рабіць, той усюды будзе жыць. І жыць добра. Хто складвае грошы ў бутэлечку, -- не пражыве! -- агучвае жанчына народную мудрасць. -- Мы ўсё жыццё працавалі. Такою парою, напрыклад, у калгасе рабіць няма чаго -- снег на палях ляжыць, дык мы -- у лясніцтва! Раней у нас тут горы былі пясчаныя. У 62-м пачалі лес саджаць. Той, што за вёскай. Трэці рад -- мой! Час непрыкметна праляцеў -- калі толькі тыя дрэвы павырасталі?.. І вось мы ўжо карыстаемся падарункамі лесу. Некаторыя, пэўна, лічаць, што хлеб з неба сыплецца. Дык не! Каб добра жыць, трэба папацець.
Галоўным прынцыпам быцця, якое вызначае іх славянскую свядомасць, лічаць вяскоўцы, здавалася б, зусім простую рэч: жыць у згодзе. З сабою ды з усімі навокал.
-- Любім мы і газеты пачытаць, і тэлевізар паглядзець -- стараемся быць у курсе таго, што ў Беларусі і ў свеце робіцца. Некаторыя рэчы, якія ў сучасным грамадстве адбываюцца, шчыра кажучы, нам, пажылым, незразумелыя. Іншыя гледжанні, іншыя прынцыпы, ідэалы… Прыйдзе час, і людзі зразумеюць усё ж такі, што не грошы кіруюць светам, і не ў іх колькасці сапраўднае шчасце. Калі міласэрнасці, узаемаразумення, павагі адзін да аднаго, гатоўнасці да кампрамісаў паміж імі не будзе, жыць яны добра таксама не будуць!
Простыя словы, простыя рэчы. Але толькі на першы погляд. Глыбіню гэтых разважанняў трэба зразумець, каб потым ацаніць і пераканацца: вось яна -- праўда жыцця.
Не губляюць Касцюшкі аптымізму і веры ў заўтрашні дзень. Вырасцілі сабе надзейную апору -- траіх сыноў. Цешацца бабуля і дзядуля ўнукамі. Чакаюць чэрвеня, калі “пачнуць пускаць тым спрошчаным пераходам” (маецца на ўвазе беларуска-польскае пагадненне аб малым пагранічным руху. -- Аўт.), каб убачыцца са сваякамі і зноў вярнуцца на сваю малую радзіму -- у Беларусь!
Вставка в текст. Беларусь стала другой Радзімай амаль для пятай часткі сваіх жыхароў. Тут заўсёды з павагай адносіліся да людзей розных нацыянальнасцей і цанілі перш за ўсё іх чалавечыя якасці. Другую (пасля рускіх) па колькасці групу нацыянальных меншасцей Беларусі складаюць палякі -- каля 4 працэнтаў насельніцтва. Пражываюць яны пераважна ў заходніх раёнах Гродзенскай, Брэсцкай, Віцебскай, Мінскай абласцей. Большая частка беларускіх палякаў, калі спасылацца на сацыялагічныя даследаванні, -- сельскія жыхары. Нягледзячы на тое, што амаль усе яны зжыліся з мясцовым асяроддзем, спецыфічныя асаблівасці гутарковай мовы, культуры, побыту, псіхікі, рэлігіі усё ж такі захоўваюць.
Іна ДАБРЫДЗЕНЬ