РОЗГАЛАС
Тэхагляд падаражэў на 5 працэнтаў
Рост тарыфаў на паслугi па правядзеннi дзяржаўнага тэхнiчнага агляду транспартных сродкаў у Беларусi складае ў сярэднiм 5 працэнтаў.
Як зазначаюць у Мiнiстэрстве эканомiкi, новы прэйскурант на паслугi па правядзеннi дзяржтэхагляду зацверджаны ў сувязi з тым, што з увядзеннем у дзеянне з 1 студзеня 2010 года Асаблiвай часткi Падатковага кодэкса Беларусi стаўка падатку на дабаўленую вартасць павялiчылася з 18 да 20 працэнтаў i адбылося павелiчэнне затрат на аказанне паслуг. Цяпер кошт тэхагляду, у прыватнасцi легкавога аўтамабiля з рухавiком, якi працуе на бензiне, з улiкам падатку на дабаўленую вартасць складзе 28 200, з рухавiком, якi працуе на дызельным цi газавым палiве, — 29 900 рублёў, аўтобуса з тэхнiчна дапушчальнай масай не больш за 5 тон — 37 600 рублёў, з тэхнiчна дапушчальнай масай больш за 5 тон — 37 900, грузавога аўтамабiля з тэхнiчна дапушчальнай масай не больш за 3,5 тоны — 33 300 рублёў, грузавога аўтамабiля з тэхнiчна дапушчальнай агульнай масай не больш за 3,5 тоны, якi прызначаны для перавозкi пэўных небяспечных грузаў, — 39 100 рублёў, грузавога аўтамабiля цi аўтамабiля-цягача з тэхнiчна дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 i не больш як 12 тон — 37 600, грузавога аўтамабiля цi аўтамабiля-цягача з тэхнiчна-дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 i не больш як 12 тон, якi прызначаны для перавозкi пэўных небяспечных грузаў, — 43 400 рублёў, грузавога аўтамабiля цi аўтамабiля-цягача з тэхнiчна дапушчальнай агульнай масай больш як 12 тон — 43 700 рублёў, грузавога аўтамабiля цi аўтамабiля-цягача з тэхнiчна дапушчальнай агульнай масай больш за 12 тон, якi прызначаны для перавозкi пэўных небяспечных грузаў, — 49 100 рублёў, прычэпаў — ад 9300 да 26 000 рублёў, матацыкла — 12 800 рублёў.
Ігар ГРЫШЫН.
Патануў у паiльным карыцеНа ферме ў Чашнiцкiм раёне ў паiльным карыце для цялят у нецвярозым стане патануў 38-гадовы беспрацоўны. Дарэчы, вартаўнiк фермы не ведаў, што чужы чалавек знаходзiўся ў цялятнiку.
Як паведамiла "Звяздзе" следчы пракуратуры Чашнiцкага раёна Кацярына Азарушкiна, загiнулы ў той ракавы яго дзень падмяняў на ферме жывёлавода. Апошнi папрасiў земляка выручыць, бо з'явiлiся важныя хатнiя справы. Калi на ферме скончыўся працоўны дзень, работнiца фермы налiла вады цялятам у карыта i перадала памяшканне пад ахову вартаўнiку. Як яны не заўважылi прысутнасць чужака? Загiнулы — былы работнiк гаспадаркi, жыў адзiн, злоўжываў спiртным. Падчас следства было ўстаноўлена, што на момант смерцi мужчына знаходзiўся ў цяжкай ступенi алкагольнага ап'янення (4 прамiле!). Шмат для каго гэта смяротная доза.
Аляксандр ПУКШАНСКI.
Пад цяжарам снегу абвалiўся дах двухпавярховага домаУ вёсцы Гарадзiшча Пiнскага раёна надзвычайнае здарэнне справакаваў апошнi снегапад. Дах двухпавярховага цаглянага дома 1957 года пабудовы правалiўся разам са снежнай масай.
Як паведамiў карэспандэнту "Звязды" памочнiк начальнiка Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў, пацярпелых няма. Сем гадоў таму раённай камiсiяй гэты 8-кватэрны дом быў прызнаны як не адпаведны санiтарным нормам пражывання людзей менавiта з-за нездавальняючага стану даху. Тады перасялiлi ў iншае жыллё чатыры сям'i з другога паверха. А на нiжнiм паверсе засталiся жыць таксама чатыры сям'i, усяго адзiнаццаць чалавек.
Пасля здарэння людзi тэрмiнова пераселеныя ў часовыя памяшканнi. А райвыканкам разам з раённай камiсiяй па надзвычайных сiтуацыях днямi вырашыць пытанне наконт забеспячэння iх пастаянным жыллём.
Святлана ЯСКЕВIЧ.
А цi была лазня?Пакуль лазня не згарэла, нiхто не ведаў пра яе iснаванне. Сутнасць у тым, што лазня знаходзiлася на тэрыторыi Брэсцкай крэпасцi, у памяшканнi, якое арандуе ААТ "Брэстрэстаўрацыя".
Старыя казармы цяпер арандуюць многiя арганiзацыi, такiм чынам мемарыяльны комплекс зарабляе дадатковыя сродкi на сваё функцыянаванне. Але аб тым, што пры сваiх кавальскiм i сталярным цэхах абсталяваў невялiкую лазню, арандатар не праiнфармаваў гаспадара. Не было на гэты конт i адпаведных дакументаў. Кiраўнiцтва ж крэпасцi вельмi разгневалася i пагражае санкцыямi. У сваю чаргу кiраўнiцтва арганiзацыi-арандатара сцвярджае, што там не было лазнi, а былi бытавыя памяшканнi для таго, каб рабочыя маглi прыняць душ пасля змены. Вiдаць, да разбору справы будуць прыцягнуты кампетэнтныя органы.
Яна СВЕТАВА.