Экс-амбасадара Ізраілю ў Менску могуць абвінаваціць у карупцыі

У сакавіку 2010 году паліцыя ўжо прапаноўвала пракурору выставіць абвінавачваньні супраць абодвух дыпляматаў, аднак прапанова не была прынятая.
Як падае ізраільскае выданьне Jerusalem Post, сёньня раніцай колішні амбасадар у Беларусі Зэеў Бэн-Ар’е адмовіўся пракамэнтаваць мясцовым СМІ паліцэйскае абвінавачваньне адносна ксэракапіяваньня дасланых у Менск сакрэтных дакумэнтаў.
Ён таксама абверг апублікаваныя раней у мэдыях меркаваньні наконт прычын прызначэньня яго амбасадарам у Менску. Бэн-Ар’е падкрэсьліў, што заявы пра тое, што ён блізкі сябар Лібэрмана, далёкія ад праўды. Паводле слоў дыплямата, амбасада Ізраілю ў Беларусі стваралася ў мэтах спрыяньня інтарэсам абодвух народаў, іх збліжэньня, а ня ў мэтах адмываньня грошай.
Тым часам ізраільская паліцыя заяўляе, што мае дастаткова доказаў таго, што і Лібэрман, і Бэн-Ар’е на сваіх пасадах злоўжывалі даверам дзяржавы і грамадзтва.