Аляксандр Лукашэнка патрабуе большай аддачы ад сельскай гаспадаркі

Источник материала:  

Аб гэтым ён заявіў падчас рабочай паездкі ў Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці, перадае БЕЛТА.

"Сёння мы маем права напружыць сельскую гаспадарку, каб яна давала большую аддачу", — сказаў Прэзідэнт.

Наведваючы адну з малочнатаварных ферм у СВК "Святая Воля", кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прыехаў непроста для таго, каб паглядзець, як добра зрабілі гэту канкрэтную ферму. "Мы ў сельскую гаспадарку ўклалі дастаткова сродкаў. Але яна пакуль яшчэ, напэўна, ні ў адным годзе не выканала тых паказчыкаў, якія даводзіліся. Вы пастаянна недацягвалі 1,5-2 працэнты да таго, што маглі зрабіць", — канстатаваў Прэзідэнт, прызнаўшы пры гэтым, што недзе часам даводзіліся і крыху завышаныя заданні.

Разам з тым, кіраўнік дзяржавы заўважыў: "8 працэнтаў вы наўрад ці дасце, але 5,5-6 працэнтаў павінны прырастаць кожны год".

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу, каб кожная гаспадарка ў наступным годзе за кошт уласных сродкаў рэканструявала і мадэрнізавала адну ферму пад сучасныя тэхналогіі вытворчасці. "Па краіне гэта прыкладна 1200-1300 ферм", — сказаў Прэзідэнт.

"Гэта адно з важнейшых пытанняў і для вас (<І>губернатараў . — Заўвага БЕЛТА) задача на наступны год. Той, хто не выканае гэту задачу, больш губернатарам працаваць не будзе", — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён адзначыў, што размова не ідзе аб тым, што неабходна зрабіць буйную ферму на 800 або 1200 галоў БРЖ. "Зрабіце на 600", — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да губернатара Брэсцкай вобласці Канстанціна Сумара.

"Спісы павінны быць у мяне на стале. Камітэт дзяржкантролю і памочнікі ўсе гэтыя фермы правераць, каб вы туды не ўнеслі ферму, якая ўжо гатова", — сказаў Прэзідэнт.

"Калі мы гэтага не зробім, мы будзем важдацца яшчэ дзесяць пяцігодак з сельскай гаспадаркай, мадэрнізацыяй ферм", — падкрэсліў беларускі лідар.

Гаворачы аб рэканструкцыі і мадэрнізацыі ферм, Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ні ў якім выпадку ў гэтым пытанні нельга спрашчацца. У прыватнасці, як далажыў Канстанцін Сумар, на шэрагу аб'ектаў вядзецца рэканструкцыя са стварэннем малакаправодаў. "Ці не атрымаецца, што мы таксама як скупы плаціць двойчы пойдзем на малакаправоды, а потым нам трэба будзе іх зносіць праз год-два і будаваць даільныя залы", — усумніўся кіраўнік дзяржавы.

"Не дай бог гэта маё даручэнне (аб рэканструкцыі ферм. — Заўвага БЕЛТА) не будзе выканана. Гэта для ўсіх сказана. Я разумею, што гэта страшна цяжкае заданне, але нам гэту задачу трэба вырашыць кроў з носа", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама дадаў, што ніякіх грошай на новае будаўніцтва не будзе выдзяляцца, калі не будзе выконвацца гэта даручэнне. "Мы гэтыя грошы тады будзем укладваць у прамысловасць або іншыя сферы", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь скароціць субсідыі на сельскую гаспадарку да 10 працэнтаў ад валавой вытворчасці ў гэтай сферы.

"Мы ўзялі на сябе абавязацельствы ў Мытным саюзе, АЭП — і Расія, і Казахстан будуць скарачацца ў гэтым плане, і мы таксама. Дарэчы, у іх 10 працэнтаў дапамога, а ў нас 18 працэнтаў. Нам трэба да 10 працэнтаў дайсці, і гэта правільна", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Час ужо не сядзець і чакаць, што вам яшчэ хтосьці дасць крэдыты, дапаможа бюджэт. Так, будзем дапамагаць, але дапамога будзе скарачацца", — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што неабходна ў абавязковым парадку вяртаць узятыя крэдыты. "Жалезнае патрабаванне: усе крэдыты, якія вы ўзялі, вы абавязкова павінны вярнуць у банкі і бюджэт. Грошы будзеце вяртаць, спісання крэдытаў не будзе", — заявіў Прэзідэнт.

Як паведамлялася, выступаючы гэтымі днямі ў Палаце прадстаўнікоў, віцэ-прэм'ер Сяргей Румас заявіў, што ў сувязі з абавязацельствамі беларускага боку, узятымі ў АЭП, да 2017 года краіны "тройкі" павінны гарманізаваць сваё заканадаўства ў галіне падтрымкі сельскай гаспадаркі. У тым ліку субсідыі павінны складаць не больш як 10 працэнтаў.

У ходзе паездкі Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў.

Аб дамоўленасцях з Расіяй

Прэзідэнт Беларусі лічыць вельмі выгаднымі апошнія дамоўленасці ў Маскве.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, прадаўшы 50 працэнтаў "Белтрансгаза", Беларусь значна набывае, атрымаўшы вялікую скідку па прыродным газе. "Гэта эканомія ў год можа скласці $2,5-3 млрд толькі на прыродным газе. Плюс $2,5 млрд яны нам пералічылі. Лічыце, у будучым годзе — $5,5 млрд адразу", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "І гэта ж тры гады, а пасля — прывязка да ўнутрырасійскай цаны. Гэта значыць мы будзем на роўных канкурыраваць у Расійскай Федэрацыі са сваім таварам. Гэта вялікая падтрымка для нашай эканомікі", — падкрэсліў Прэзідэнт.

"Тое, што нам удалося вырашыць, а перагаворы ішлі больш як два гады, гэта добра для беларускага народа", — лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Беларусь, маючы 50 працэнтаў "Белтрансгаза" і не прадаючы яго Расіі, мела б цану на прыродны газ, як Германія. "У нас прыродны газ у наступным годзе дасягнуў бы $400-420 за 1 тыс.куб.м. Мы дамовіліся, што будзе на граніцы гэты газ па $165 за 1 тыс.куб.м. Гэта значыць напалову ўпала цана", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што расіяне даўно ўгаворвалі прадаць другую частку "Белтрансгаза". "Я ім пастаянна гаварыў: "Мы не супраць прадаць 100 працэнтаў трубы, але ўмовы — каб яна была заўсёды запоўнена і каб было прапампоўванне праз Беларусь", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Гэта паступленні ў краіну за транзіт, падаткі, а таксама занятасць беларускіх грамадзян.

Наконт выказваемых абвінавачанняў у распрадажы краіны Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсё рассудзіць час. "Яны які аргумент прыводзяць? Маўляў, Лукашэнка пазбавіўся рычага націску на Расію. Вар'яты. Як быццам Лукашэнка выхапіць з зямлі гэту трубу і пачне, размахваючы, бегаць па Расіі, пагражаць Расіі. Ну, гэта што, разумныя людзі?" — сказаў Прэзідэнт. "Я з Расіяй не збіраюся ваяваць. Вось яны прыйдуць — няхай паспрабуюць, а мне вайна з Расіяй не патрэбна. Я хачу, каб краіна была стабільная, спакойна развівалася", — падкрэсліў Прэзідэнт.   Кіраўнік дзяржавы лічыць, што калі Беларусь у гэтым годзе мела б такую цану на прыродны газ і не было б вывазу значнага аб'ёму валюты ў сувязі з набыццём насельніцтвам аўтамабіляў, у краіне не было б фінансавых праблем. "Вы дайце яшчэ 5 млрд у год валюты, і няма ніякіх праблем. Але наша эканоміка, грамадства не вытрымалі такой нагрузкі. І што, я павінен быў маліцца на гэту ржавую трубу, якая ў зямлі ляжыць?" — сказаў Прэзідэнт. "Ну, вось яны пабудавалі адну трубу "Паўночнага патоку", цяпер другую пабудуюць. Расія — супербагатая краіна, яна можа падарыць нам гэту трубу. Але што ты пампаваць будзеш па гэтай трубе? Прыродны газ — гэта нават не нафта. Нафту мы можам з Венесуэлы прывезці, яшчэ адкуль-небудзь. Прыродны газ не прывязеш", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Вы ведаеце, хто стогне і вые. Вось калі б "Белтрансгаз" купілі Еўрасаюз ці Амерыка, паверце, была б поўная цішыня. І не было б "здрады", не было б "здачы незалежнасці і суверэнітэту", як яны кажуць і енчаць там", — сказаў Прэзідэнт. "Усё гэта гнілая, здохлая палітыка, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я не для таго ў краіне, каб здаваць суверэнітэт і незалежнасць. Я павінен прымаць аптымальныя рашэнні". "Няхай супакояцца і гвалтам не крычаць, асабліва тыя, хто знішчыў краіну — Савецкі Саюз, дзе мы за 2 капейкі мелі дызельнае паліва, бензін нічога не каштаваў. А калі б мне гэта цяпер, то быў бы ў Беларусі аазіс", — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка не выключае магчымасці зніжэння цаны на расійскую нафту ў выпадку дамоўленасці з Расіяй.

Аб размяшчэнні амерыканскай ПРА ў Еўропе

Беларусь падзяляе заклапочанасць Расіі наконт размяшчэння ў Еўропе элементаў амерыканскай проціракетнай абароны (ПРА).

"Я сапраўды заяўляў аб тым, што мы заклапочанасць і рызыкі Расійскай Федэрацыі па абараназдольнасці падзяляем, і не проста падзяляем — размяшчэнне проціракетных сістэм каля граніц Расіі — гэта, бадай што, каля граніц Беларусі. Гэта нашы граніцы, перш за ўсё, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Мы сёння знаходзімся пад аховай ядзернай абароны Расіі. І калі наносіцца ўрон інтарэсам гэтай абароны з боку якой бы там ні было групоўкі, то гэта ўрон і небяспека для нас".

"Значыць, я, напэўна, правільна падзяляю гэту заклапочанасць, таму што ідзе ўзмацненне ўзброеных сіл НАТА каля нашых граніц", — заўважыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, беларусы і расіяне — гэта людзі аднаго дрэва, аднаго кораня. "Я гэта гаварыў і не баюся гаварыць. Рускія нам не ворагі — гэта нашы браты, і мы з імі павінны заўсёды знаходзіцца ў адзінай звязцы, каб выжыць у гэтым цяжкім свеце, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Дзякуй богу, што Расія да нас так ставіцца. Так, былі розныя моманты, было ўсё, але мы сёння прыйшлі да таго, што мы патрэбны адзін аднаму. І Расія зразумела — без Беларусі "і ні туды і ні сюды".

"Што датычыцца проціракетнай абароны — гэта наша заклапочанасць, у тым ліку таму, што гэта ў нашых межах", — яшчэ раз падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб супрацоўніцтве з Расіяй у забеспячэнні ваеннай бяспекі, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на заходнім напрамку ў рамках Саюзнай дзяржавы ў дзвюх краін сфарміравана рэгіянальная групоўка войскаў, аснову якой складае беларуская армія. "75 тыс. штыкоў тут, у Беларусі. Мы атрымліваем па ўнутрырасійскіх цэнах узбраенне, мадэрнізуем. Яны ідуць нам у гэтым плане насустрач. Мы выкарыстоўваем іх палігоны, навучаем нашых людзей у іх ваенных ВНУ па шэрагу напрамкаў. Інакш кажучы, у нас поўная зладжанасць і ўзаемасувязь", — адзначыў Прэзідэнт.

Што датычыцца пытання аб магчымасці размяшчэння ў Беларусі расійскіх ракетных комплексаў "Іскандэр", кіраўнік дзяржавы пакінуў яго без каментарыяў. "Што датычыцца размяшчэння або не размяшчэння, можна сказаць — без каментарыяў. Я пакуль на гэту тэму гаварыць не буду. Мы вядзём перагаворы з Расіяй па ўсіх напрамках. Закрытых тэм для абмеркавання няма, і, калі трэба, мы будзем абараняць землі Смаленшчыны, Пскоўшчыны як свае, і расіяне будуць абараняць Беларусь як сваю родную зямлю", — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Аб некаторых гучных справах

Аляксандр Лукашэнка абяцае ў бліжэйшы час прыняць рашэнне па пытанні магчымага памілавання асуджаных за тэракт у мінскім метро Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.

"У бліжэйшы час мне давядзецца прымаць гэта рашэнне. Але я ўжо аб гэтым думаў пасля вынясення прыгавору, і я чамусьці не сумняваўся, што суд прыйдзе да такога меркавання", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, тое, што адбылося, гэта, па-першае, анамальна для Беларусі, па-другое, недапушчальна, па-трэцяе, загінулі людзі. "Па-чацвёртае, вось так нахабна, вы бачылі, як ён сябе паводзіў на допытах, ён стараўся забіць большую колькасць людзей", — падкрэсліў Прэзідэнт.

З іншага боку, працягнуў ён, бацькі асуджаных, частка грамадства, якая стала на абарону. "І вось пачынаеш усё гэта ўзважваць. Я прыму рашэнне ў бліжэйшы час і абавязкова вас праінфармую, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прадстаўнікоў СМІ. — Хоць гэта цяжкае для мяне рашэнне па гэтых двух, не ведаю, людзьмі мне іх назваць ці як. Але вамі не забыта тое, што было, а мною тым больш. Гэта быў вельмі моцны ўдар па нашым грамадстве. І тое, што суд прыняў такое рашэнне, мне яго няма ў чым папракнуць. Цяпер слова за Прэзідэнтам".

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што ў яго рабоце прыняцце падобных рашэнняў — гэта самае цяжкае. "Я павінен падпісаць указ і пацвердзіць рашэнне суда, або, калі звярнуліся па памілаванне, я павінен разгледзець гэтыя дакументы. Гэта самае цяжкае, што можа быць у рабоце Прэзідэнта", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць гуманным прыгавор праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, асуджанаму на 4,5 года пазбаўлення волі за нявыплату падаткаў.

"Дзякуй богу, што не ў Амерыцы, — за такія грошы мог бы атрымаць не 4,5 (гэта амаль самая нізкая мяжа), а 17 гадоў, і доўга адтуль не вылез бы", — пракаментаваў кіраўнік дзяржавы прыгавор.

Ён таксама адзначыў, што па гэтай справе да яго ніхто не звяртаўся, і ў гэтым выпадку неабавязкова, каб ён яе разглядаў. "Будзе зварот, я яго буду разглядаць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што суд вельмі гуманна паступіў у адносінах да Алеся Бяляцкага. "Ёсць закон — выконвай яго і не будзе праблем. Парушыў закон — адказвай", — падкрэсліў Прэзідэнт.

"Я лічу, што суд дзейнічаў у рамках сваёй кампетэнцыі, па законе", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

АБ перспектывах народнай гаспадаркі

Прэзідэнт Беларусі прызнаў, што крыху расчараваны аддачай сельскай гаспадаркі.

"Скажу вам шчыра: я крыху расчараваны сельскай гаспадаркай. І я пачынаю ўжо два месяцы запар закручваць гайкі. Хопіць сваволіць, мы бачым, куды гэта свавольства прыводзіць, трэба працаваць на ўсю катушку", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У якасці прыкладу ён прывёў задачы, пастаўленыя ў малочнай жывёлагадоўлі, па будаўніцтве ў будучым годзе ў кожнай гаспадарцы за ўласны кошт адной малочнатаварнай фермы. Прэзідэнт адзначыў, што гэта складаная задача. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэта дасць 30 працэнтаў рэнтабельнасці ў год. "Тады і будзе сельская гаспадарка з грашамі. Таму гэта незадаволенасць ад аддачы сельскай гаспадаркі прымушае мяне закручваць гайкі і даводзіць да іх вельмі цяжкія задачы", — падагульніў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што напружаныя задачы ставяцца не толькі сельскай гаспадарцы, але і па ўсіх напрамках развіцця краіны. "Мы проста не маем права спыніцца. Спынімся — вось тады суверэнітэт і незалежнасць страцім", — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што першы варыянт прагнозу ўрада на будучы год з прыростам ВУП паўпрацэнта не можа быць прыняты ў Беларусі, паколькі эканоміка разагрэта, раскручана і яна па інерцыі дасць ужо 4 працэнты росту. "Ну, і дайце яшчэ мне 1,5-2 працэнты. Гэта атрымаецца 105,5-106 працэнтаў", — сказаў Прэзідэнт. "Вы бачыце, як адрэагавалі. Розныя групы па-рознаму. Асабліва завыла пятая калона і іх сродкі масавай інфармацыі. Ну, у іх прафесія такая — выць па кожным выпадку. Але калі мы не будзем развівацца, а развіццё — гэта прыбаўка аб'ёмаў, якасці і адсюль тавараў, толку не будзе", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Калі ў канцы пяцігодкі сельская гаспадарка дасць $7 млрд экспарту і накорміць уласны народ у поўным аб'ёме, мы ёй скажам дзякуй. Значыць, гэтыя грошы мы патрацілі не дарма", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што за апошнія гады ўдалося змяніць не толькі выгляд сельскагаспадарчай вытворчасці, але і ў цэлым увесь выгляд вёскі. "Але, як аказалася, гэта прасцей за ўсё, хоць гэта дорага каштуе. Самая складаная праблема — змяніць чалавека, яго псіхалогію, — сказаў ён. — Але сёння людзі вёскай займаюцца з задавальненнем, таму што адчулі смак, карысць, аддачу, людзі засвоілі, што, працуючы тэхналагічна правільна ад сяўбы да насення, можна мець рэнтабельную вытворчасць, мець добрыя грошы".

Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і БЕЛТА.

←Лукашенко требует существенно большей отдачи от сельского хозяйства в 2012 году

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика