Датэрмінова сагналі і самі прыйшлі 23,1%
На працягу пяці дзён найбольш актыўна галасавала Віцебская вобласць, дзе ўчасткі наведалі 34,6% выбаршчыкаў. У Брэсцкай вобласці прагаласавалі 18,8%, Гомельскай — 24,1%, Гродзенскай — 23,4%, Мінскай — 20,4%, Магілёўскай — 26,4, у Мінску — 17,7%.
На замежных участках прагаласавалі 28,2% выбаршчыкаў.
На прэзідэнцкіх выбарах 2006 года ў датэрміновым галасаванні ўзялі ўдзел 31,3% выбаршчыкаў.Нагадаем, такі вялікі працэнт тых, хто прагаласаваў датэрмінова, выклікае падазрэнне ў назіральнікаў.
Паводле слоў эксперта ў сферы выбарчага права Сяргея Альфера, практыка датэрміновага галасавання існуе ў большасці краін Еўропы. Аднак паказчык тых, хто датэрмінова галасуе, высокі толькі там, дзе можна галасаваць па пошце, у тым ліку электроннай, падкрэсліў ён. «Па пошце датэрмінова прагаласаваць могуць і 10–20%, таму што гэта зручна», — растлумачыў эксперт.
У тых краінах, дзе выбаршчыкі павінны наведаць участкі, датэрмінова галасуюць, як правіла, 1–2, максімум 5%. «Калі паказчык выбаршчыкаў, якія прагаласавалі датэрмінова, вышэйшы за пару працэнтаў, гэта ўжо выклікае пытанне», — заўважыў Альфер.
БелаПАН