Сёння — выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Источник материала:  
19.12.2010 09:35 — Новости Политики
Сёння — асноўны дзень галасавання на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Выбарчыя ўчасткі адкрыліся ў 8 гадзін раніцы і будуць працаваць да 20.00.

Паводле звестак ЦВК, у датэрміновым галасаванні ўзялі ўдзел 23,1% выбаршчыкаў.

Усяго створана 6.390 выбарчых участкаў, з якіх 44 — за мяжой. З 6.346 участкаў на тэрыторыі Беларусі 281 адкрыты ў стацыянарных лячэбна-прафілактычных установах, 52 — у воінскіх часцях.

Замежныя ўчасткі працуюць у 34 краінах. З іх найбольшая колькасць (па чатыры) — у Польшчы і Расіі; па два ўчасткі створаны ў Германіі, Кітаі, Латвіі і ЗША.

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, узяць удзел у галасаванні маюць права больш як 7 млн. 54 тыс. грамадзян.

За выбарамі ў Беларусі сочаць больш як тысяча міжнародных і звыш 27 тысяч унутраных назіральнікаў.

На пасаду прэзідэнта прэтэндуюць дзесяць чалавек:

— намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў;

— дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка;

— кіраўнік саюза «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч;

— лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў;

— намеснік старшыні Аб`яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук;

— сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі;

— лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў;

— лідар аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч;

— старшыня савета Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Віктар Цярэшчанка;

— дырэктар мінскага ТДА «Трывіум» Дзмітрый Ус.

Пераможцам выбараў будзе кандыдат, які набярэ звыш 50% галасоў. У адваротным выпадку не пазней чым праз два тыдні павінен прайсці другі тур з удзелам двух кандыдатаў, якія набралі найбольшую колькасць галасоў.

Аб ходзе галасавання ЦВК будзе паведамляць на прэс-канферэнцыях, арганізаваных у інфармацыйным цэнтры Цэнтрвыбаркама ў Палацы Рэспублікі. Прэс-канферэнцыі будуць праводзіцца кожныя дзве гадзіны, пачынаючы з 10.00

Першыя звесткі аб выніках выбараў — з закрытых участкаў (бальніцы, санаторыі, воінскія часці) — Цэнтрвыбаркам плануе абнародаваць у 20.00.

Папярэднія вынікі выбараў будуць аб`яўлены ў 23.30.

Выбары прэзідэнта Беларусі асвятляюць 1.025 журналістаў з 50 краін: 670 прадстаўляюць замежныя СМІ, 355 — беларускія. 250 супрацоўнікаў замежных СМІ маюць пастаянную акрэдытацыю ў Беларусі, 410 — атрымалі часовую акрэдытацыю ў МЗС.

***

Большасць дэмакратычных кандыдатаў у прэзідэнты заявілі аб тым, што рыхтуюцца фальсіфікацыі, і заклікалі грамадзян выйсці вечарам 19 снежня на Кастрычніцкую плошчу Мінска, каб адстаяць свой выбар. Пры гэтым Уладзімір Някляеў лічыць неабходным правесці новыя прэзідэнцкія выбары 19 сакавіка 2011 года без удзелу ў іх Аляксандра Лукашэнкі, які, на яго думку, не мае права браць удзел у цяперашніх выбарах, паколькі неаднаразова парушаў заканадаўства.

У сваю чаргу, Генпракуратура заклікала прыхільнікаў апазіцыйных кандыдатаў «не паддавацца на правакацыйныя заклікі» і не выходзіць на плошчу 19 снежня.

Аб масавых парушэннях падчас выбарчай кампаніі заявілі праваабаронцы. Сярод найбольш распаўсюджаных правапарушэнняў — прымус да датэрміновага галасавання і перашкоды працы незалежных назіральнікаў.

ЦВК, у сваю чаргу, заявіў, што выбарчая кампанія праходзіць у адпаведнасці з заканадаўствам.

18 снежня, за дзень да асноўнага галасавання, Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў паведамілі, што гатовы прадаставіць замежным назіральнікам доказы фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.

Краіны Еўрасаюза і ЗША неаднаразова заяўлялі, што іх адносіны з афіцыйным Мінскам будуць у многім залежаць ад ходу цяперашняй выбарчай кампаніі.

Падзяліцца навіной: 
БелаПАН

←Лукашенко проголосует на избирательном участке №1 Центрального района Минска

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика