«Казкі жыцця» – зноў на Стаўбцоўшчыне
Вясна для творчай моладзі Стаўбцоўшчыны пачалася вельмі прыемна. Спачатку ўдзел у I Міжнародным форуме духавога мастацтва «Фанфары Наднямоння – 2018″, які прынёс нам жаданыя ўзнагароды. Цяпер жа – удзел у 24-м Адкрытым рэгіянальным фестывалі дзіцячага тэатра «Казкі жыцця».
Традыцыйны фестываль адкрыўся пад мелодыю песні «Зерне хараства» ў выкананні народнага вакальнага ансамбля «Берагіня», якая стала гімнам «Казак жыцця». Са словамі падтрымкі выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Суднік. Яна пажадала юным артыстам не хвалявацца, з запалам выходзіць на сцэну і паказаць усё, што яны могуць.
У гэтым годзе свае здольнасці дэманстравалі 12 дзіцячых тэатральных калектываў з пяці раёнаў Мінскай вобласці. Сярод іх – чатыры лялечныя тэатры. Наш раён прадстаўлялі два калектывы Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, два – Старасвержанскай ДШМ і чатыры – Дзераўнянскай ДШМ. Таксама былі творчыя калектывы з гарадоў Мінска, Вілейкі, пасёлкаў Івянца і Энергетыкаў.
Прагляды выступленняў адбываліся ў Дзераўнянскай ДШМ і на сцэне Маладзёжнага цэнтра. На працягу двух дзён калектывы здзіўлялі гледачоў і журы сваімі тэатральнымі здольнасцямі. Кожны з іх выступаў па-свойму цікава, таму журы было цяжка выбраць лепшага з лепшых. Але, як і ў любым конкурсе, павінны быць пераможцы.
Пасля доўгіх дыскусій журы вызначыла лаўрэатаў фестывалю «Казкі жыцця». Сярод дзіцячых лялечных тэатраў самым лепшым стаў узорны дзіцячы тэатр лялек «Батлейка» ДУА «Дзераўнянская ДШМ» у намінацыях: «Лепшая рэжысёрская праца» і «Лепшае музычнае афармленне спектакля». Яны выступілі са спектаклем М. Садоўскага «Маша і мядведзь» (кіраўнік – Наталля Сіняўская). Сярод драматычных лепшым быў узорны дзіцячы тэатр «Волшебники» ДУА «Стаўбцоўская ДШМ» пад кіраўніцтвам Вольгі Навіцкай. Яго ўдзельнікі прадэманстравалі пастаноўку А. Усачова «Медвежья колыбельная» і атрымалі вышэйшую ўзнагароду – Гран-пры.
Таксама дыпломамі і сувенірамі былі адзначаны наступныя калектывы Стаўбцоўскага раёна: дзіцячы тэатр «Радуга» тэатральнага аддзялення ДУА «Старасвержанская ДШМ» (В. Станкевіч), узорны дзіцячы тэатр «На-Дзея» ДУА «Дзераўнянская ДШМ» (А. Сенька), дзіцячы тэатр «Іскрынкі» ДУА «Старасвержанская ДШМ» (Д. Касмовіч); за лепшую рэжысёрскую працу – дзіцячы тэатр «Ковчег» ДУА «Дзераўнянская ДШМ» (Н. Сіняўская); за лепшы акцёрскі ансамбль – дзіцячы тэатр «Іскрынкі На-Дзеі» ДУА «Дзераўнянская ДШМ» (А. Шуцько); за лепшае музычнае афармленне – тэатральны клас ДУА «Стаўбцоўская ДШМ» (К. Захарава).
Па традыцыі журы вылучыла лепшых і сярод юных таленавітых акцёраў.
У намінацыі «Лепшая жаночая роля» перамаглі Надзея Пугач (дзіцячы тэатр «Ковчег») і Юлія Грыгарцэвіч (узорны дзіцячы тэатр лялек «Батлейка»). Максім Грыб (узорны дзіцячы тэатр «Волшебники») стаў пераможцам у намінацыі «Лепшая мужчынская роля». Дыпломы за выканаўчае майстэрства атрымалі Ульяна Бурдзейка (дзіцячы тэатр «Іскрынкі На-Дзеі»), Таццяна Пракаповіч (дзіцячы тэатр «Ковчег»), Лізавета Сей і Марыя Рудовіч (тэатральны клас ДУА «Стаўбцоўская ДШМ»), Маргарыта Сінянкова, Дар’я Зянковіч, Таіса Бець (узорны дзіцячы тэатр «Волшебники»).
Правядзенне падобнага мерапрыемства патрабуе падтрымкі. Таму арганізатары фестывалю выказваюць асаблівыя словы падзякі начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі А. В. Суднік за прадастаўленне транспарту ўдзельнікам фестывалю, дырэктару ААТ «Дзераўное» Ю. М. Тарасевічу за арганізацыю харчавання для ўдзельнікаў фестывалю, ляснічаму Хатаўскога лясніцтва А. Г. Бычкевічу за спонсарскую падтрымку, начальніку адзела адукацыі, спорту і турызму Л. М. Стонька за арганізацыю гледачоў.
Гэтыя два дні навучэнцы і іх кіраўнікі правялі час у цудоўным тэатральным асяроддзі. Фестываль даў магчымасць юным талентам паказаць сябе і паглядзець на іншых, запазычыць вопыт. Нягледзячы на тое, што ў школах былі канікулы, глядзельная зала на спектаклях была ўся запоўнена.
Ксенія РУБІН, фота аўтара