Пасля прачытання. Водгук і падзяка ад чытача

Источник материала:  
13.04.2018 — Разное
Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У “раёнцы” ад 30 сакавіка бягучага года  я прачытала артыкул “Гартаючы старонкі гісторыі”. Ён мяне настолькі ўзрушыў, што мне захацелася расказаць аб тым, якую ролю ў жыцці нашай  сям’і адыграў доктар Міхаіл Лычкоўскі.

Пасля прачытання. Водгук і падзяка ад чытача

У 11-гадовым узросце мой брат Казімір знайшоў у полі гранату, якая праляжала каля двух гадоў. “Цацка” зацікавіла яго. Кідаў яе, пакуль яна не ўзарвалася. У выніку былі паранены ногі і моцна пакалечана правая  рука. Прысуд быў адзіны — руку адняць. Бацькі прыйшлі ў роспач — як хлопцу жыць далей без правай рукі? Але Бог паслаў на дапамогу  доктара-хірурга Лычкоўскага. Ён прыняў рашэнне адняць толькі тры пальцы, пакінуўшы ўказальны і вялікі. Аперацыя прайшла паспяхова. Доктар працягваў лячыць раны на нагах і руцэ. Усё скончылася добра.

Ведаючы пра цяжкае становішча нашай сям’і (падчас бамбёжкі в. Агароднікі, дзе жыла  наша сям’я, у нас усё было знішчана датла), доктар Лычкоўскі за праведзеную аперацыю і далейшае лячэнне не ўзяў ніводнай капейкі. Аб гэтым мне расказвала мая нябожчыца мама Марыя Антонаўна Шкраба.

Звыш 45 гадоў Казімір адпрацаваў у сельскай гаспадарцы на розных участках і на розных відах сельгастэхнікі. Сябры і калегі па працы добразычліва называлі  яго “пісталетам”. Сапраўды, доўгі і таўставаты ўказальны палец і кульця ад аднятых пальцаў нагадвалі пісталет.

За добрасумленную працу брат быў узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яму было прысвоена званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі”, ён быў і застаецца ганаровым грамадзянінам Нясвіжа. Памёр на 82-м годзе жыцця 2 красавіка 2017 года.

Хто ведае, як бы склаўся лёс Казіміра, калі б не доктар-хірург Міхаіл Лычкоўскі — наш зямляк, вучоны, вялікі Прафесіянал сваёй справы і проста Чалавек.

Свой успамін пра яго хачу закончыць словамі малітвы: “Вечны адпачынак дай яму, Пане, а святло  вечнае няхай яму свеціць, няхай адпачывае ў супакоі вечным. Амэн”.

Ядзвіга ШКРАБА,

г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

←Вясной на экскурсію, летам – на мора

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика