Вясной на экскурсію, летам – на мора
Падчас вясенніх канікул школьнікі раёна актыўна наведвалі прадстаўленні ў тэатры юнага гледача, пабывалі на экскурсіях на шклозаводзе «Нёман» і ў сталічных гандлёва-забаўляльных цэнтрах – «Эўрыка» і «Квантум».
У вучняў Аталезскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа была незабыўная паездка – у мемарыяльны комплекс «Хатынь». Знаёмства аталезскіх школьнікаў з мемарыяльным комплексам супала з 75-годдзем хатынскай трагедыі. У Хатыні, напэўна, павінен пабываць сёлета кожны жыхар нашай краіны, якому дарагія мір і спакой, а сэрцу блізкае будучае роднай Беларусі. Яе багатае гістарычнае мінулае складае аснову многіх турысцкіх і экскурсійных маршрутаў.
– Заяўкі прымаем на красавік, май. З надыходам вясны актывізаваліся не толькі школы, а і прафсаюзныя камітэты прадпрыемстваў і арганізацый, – зазначае дырэктар Стаўбцоўскага бюро падарожжаў і экскурсій Леаніда Высоцкая.
Адметна тое, што асобныя заказчыкі, якія маюць даўні вопыт супрацоўніцтва з бюро падарожжаў і экскурсій, імкнуцца выйсці за межы Беларусі. Пра гэта сведчыць попыт на такія накірункі, як Санкт-Пецярбург, Львоў, Закарпацце. Вялікі выбар прапаноў ад бюро падарожжаў і экскурсій звязаны з летнім сезонам, а менавіта з адпачынкам у Адэсе і Адэскай вобласці. Сярод іх – аўтобусныя туры ў аздараўленчы комплекс «Адэскабель», размешчаны на самым беразе Чорнага мора, санаторый «Залатыя пяскі», атэль «Аквапарк», пансіянат «Горны арол». Ёсць магчымасць сумясціць на працягу пяці дзён наведванне Адэсы, «жамчужыны ля мора», з кароткатэрміновым адпачынкам на моры.
Безумоўна, да паслуг адпачываючых – вялікі выбар санаторыяў Белпрафсаюзкурорта: «Беларусачка» (на беразе вадасховішча Дразды), «Крыніца» (на тэрыторыі курорта рэспубліканскага значэння «Ждановічы»), «Нарач» (курортны пасёлак Нарач), «Нарачанскі бераг» (на тэрыторыі Нацыянальнага парка «Нарачанскі»), «Нарачанка» (на беразе возера Нарач), «Лётцы» (на беразе возера Шэвіна), «Лясныя азёры» (Ушацкі раён), імя У. І. Леніна (на беразе ракі Бярэзіна), «Свіслач» (дзіцячы, Магілёўская вобласць), «Прыдняпроўскі» (на беразе ракі Днепр), «Чонкі» (на беразе ракі Сож), «Буг» (на беразе ракі Мухавец), «Нёман-72″ (у пойме ракі Нёман, да яе прымыкае Аўгустоўская пушча). Кожная з гэтых здраўніц знаходзіцца ў маляўнічым і экалагічна чыстым месцы, мае свой профіль лячэння, у тым ліку гразямі і ўласнымі мінеральнымі водамі.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ