Святочны настрой, адухоўленыя твары, шчырыя віншаванні, далікатныя кветкі, задушэўныя прамовы, хвалюючыя ўспаміны… і засяроджанасць асноўнай дзеі — Нясвіжчына піша разам з усім беларускім светам. Сябры Нясвіжскай раённай арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны” сумесна з супрацоўнікамі раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы запрасілі ахвотных, каб у Дзень роднай мовы далучыцца да 11 агульнанацыянальнай дыктоўкі. Утульная зала запоўнена аж на 105 адсоткаў. Сярод удзельнікаў — настаўнікі і ўрачы, прадаўцы і літаратары, журналісты і прадпрымальнікі.
Для дыктоўкі-2018, другой на Нясвіжчыне, былі падрыхтаваны свае тэксты. “Дзеля карысці сэрцаў” — з Аляксандра Ельскага. Гэта крыху скарочаны ўступ да артыкула “Нясвіж Радзівілаў чвэрць стагоддзя назад і сёння» з настойлівай патрыятычнай дыдактыкай. “Не новы абразок” — другі тэкст, паводле Уладзіслава Сыракомлі. Шчымлівы ўспамін з дзяцінства, з нядзельнай дарогі паміж Свержанем і Нясвіжам. Трэці — удзячныя словы Уладзіміра Ліпскага пра Паўлюка Пранузу, 100-гадовы юбілей якога адзначаецца сёлета.
Выбралі першы, каб напісаць мудрыя словы бліскучага папулярызатара Нясвіжа: “Святы гэта абавязак — з маленства спасцігаць усё тое, што завецца бацькоўскім, уласным, бо толькі такое выхаванне дае Айчыне шчырых грамадзян”. Гонар прадыктаваць іх выпаў выкладчыцы роднай мовы і літаратуры Нясвіжскай гімназіі, дзеючаму педагогу з вопытам і поспехам у працы Наталлі Швайко (акурат на той час і “акенца” было сярод школьных заняткаў).
Пісалі з асалодай. Тым больш, што для кожнага былі падрыхтаваны адмыслова аформленыя дызайнерскія лісты з густоўнай абрэвіятурай АНД (агульнанацыянальная дыктоўка) ды іншымі мясцовымі пазначэннямі. Галоўны музычны камертон сустрэчы ў Дзень роднай мовы — вечныя “Зорачкі” Сяргея Новіка-Пеюна. Меркавалі: ці не быць гэтай песні заўсёднай спадарожніцай, гукавым поклічам нясвіжскіх дыктовак?!
Свята не адпускала: хто цытаваў словы Адама Міцкевіча пра “самую гарманічную і з усіх славянскіх моў найменш змененую”, хто прыгадваў жыццёвыя гісторыі — кампліменты, атрыманыя за родную мову. Ад аматараў прыгожага слоўка (былі і такія) гучалі аўтарскія выслоўі і афарызмы, як гэта: “Агульнанацыянальная дыктоўка не праверка на ПРАВАпіс, а наша самаправерка на ПРАВА жыць з роднай мовай і карыстацца ёю штодня”.
Дыктоўкі з нагоды Дня роднай мовы пісалі на Нясвіжчыне таксама ў працоўных калектывах, школах і садках, бібліятэках.
Наталля ПЛАКСА,
старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі
ГА “Таварыства беларускай мовы
імя Францыска Скарыны”.