Святар Кірыл БАРДОНАЎ, сакратар курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: Святы Мікалай
Яго ведаюць і любяць у розных краінах свету
У розных народаў традыцыя ўручаць падарункі ў пачатку зімы звязана з рознымі постацямі. Для вялікай колькасці людзей, асабліва на Захадзе, святы Мікалай — вобраз таго, хто раздае дары. Некаторыя лічаць яго выдуманай асобай, арыентуючыся на папулярныя рэкламныя вобразы, аднак гэта не так.
Святы Мікалай нарадзіўся ў горадзе Патара ў Малой Азіі прыкладна ў 270 годзе ў сям’і заможных бацькоў і быў адзіным і доўгачаканым дзіцем. Дакладных звестак пра яго жыццё захавалася мала. З дзіцячых гадоў Мікалай адрозніваўся пабожнасцю і любоўю да бедных. Пасля смерці бацькоў раздаваў іх спадчыну ўбогім, робячы гэта патаемна, каб пазбегнуць лішняй зацікаўленасці. Выхоўваў юнака яго дзядзька — біскуп горада Патары. Мікалай знаходзіўся ў вязніцы ў пачатку IV стагоддзя і быў вызвалены ў 313 годзе.
Потым ён стаў біскупам горада Міра (у сучаснасці Дэмрэ ў Турцыі). Час яго біскупства прыпаў на гады, калі пераследаванні хрысціянаў у Рымскай імперыі пачалі заціхаць. Меў гарачую любоў сваіх вернікаў, паколькі быў добрым душпастырам і клапаціўся пра іх матэрыяльны дабрабыт.
Дзякуючы тым цудам, якія Бог здзейсніў праз святога Мікалая, біскуп з Міры атрымаў найменне Цудатворцы. Традыцыя кажа, што ён яшчэ ў маладым узросце ўваскрасіў памерлага падчас шторму марака. Таму да святога Мікалая звяртаюцца ў цяжкія хвіліны службы маракі. Скіроўваюць да яго свае просьбы і рыбакі, бо ён сваімі малітвамі ўратаваў рыбакоў падчас буры ад немінучай смерці.
Мікалай стаў знакамітым таксама як абаронца справядлівасці. Калі рымскі імператар Канстанцін І асудзіў трох юнакоў з Міры на смяротнае пакаранне за дробнае злачынства, Мікалай асабіста прыбыў у Канстанцінопаль, каб выпрасіць для іх прабачэнне. Падчас эпідэміі, рызыкуючы сваім жыццём, клапаціўся пра хворых.
Прымаў удзел у Нікейскім саборы ў 325 годзе. Памёр прыкладна ў 345—352 гадах. У VI стагоддзі імператар Юыстыніян пабудаваў у Канстанцінопалі храм у гонар Мікалая. Гэта першыя вядомыя праявы ўшанавання святога. У Міру прыходзілі шматлікія пілігрымы, каб выпрасіць праз заступніцтва святога Мікалая неабходныя ласкі ад Бога. Ужо ў IX стагоддзі ў Рыме былі дзве святыні ў гонар святога Мікалая. Папа Рымскі святы Мікалай Вялікі зафундаваў капліцу ў гонар свайго святога апекуна. З цягам часу колькасць святыняў у гонар святога Мікалая ў свеце значна павялічылася.
Да VI стагоддзя належыць найстарэйшая вядомая нам выява святога Мікалая, якая знаходзіцца ў Бейруце. У іканаграфіі яго прадстаўляюць у вопратцы лацінскага або візантыйскага біскупа з рознымі атрыбутамі, звязанымі з яго жыццём і з цудамі, якія ён здзейсніў.
У ХІІІ стагоддзі ўзнікае звычай раздаваць у школах стыпендыі пад патранатам святога Мікалая. Да сённяшняга дня ў некаторых асяроддзях захаваўся звычай рабіць падарункі “ад святога Мікалая”, асабліва дзецям (найчасцей гэта робяць у дзень святога Мікалая — 6 снежня). Пра дары святога Мікалая кажа і адна з гісторый, якую звязваюць з гэтым святым. Паводле яе, калі Мікалай быў яшчэ маладым чалавекам, у яго родным горадзе жыў вельмі бедны чалавек, які не мог выдаць замуж трох сваіх дачок, бо не мог даць ім пасаг. Даведаўшыся пра такую сітуацыю, Мікалай узяў мех з золатам і ўкінуў яго праз акно ў дом гэтага чалавека.
Святога Мікалая ведаюць і любяць у розных краінах, яго падтрымкі просяць у самых розных справах. Многія традыцыі, звязаныя з ушанаваннем гэтага святога, ужо зніклі. Аднак кожны мае магчымасць зрабіць іншаму падарунак і самому стаць такім падарункам.