ПАДВОЕНАЕ САМАГУБСТВА

Источник материала:  
30.04.2012 13:27 — Разное

У Беларусі пад асаблівай увагай знаходзіцца спорт, «элітныя» яго аматары любяць перамогі ў цяплічных умовах. А просты народ, якому не даступны лядовыя палацы, жыве ў спартанскім, экстрэмальным рэжыме.

Мы наперадзе па знішчэнні роднай мовы, па скасаванні шлюбаў, па колькасці самагубстваў. Няўжо беларусы махнулі на сябе рукой, вырашылі пакорліва плысці па волі лёсу?

Сапраўды, настрой панылай асуджанасці, абыякавасці тутэйшага люду да палітычнага і грамадскага жыцця, да ўласнага здароўя і, урэшце, да будучыні нашчадкаў, незалежнай дзяржавы ўражвае не толькі разумных суайчыннікаў, але і ўсіх іншаземцаў. Нават будаўніцтва АЭС на засыпанай радыёактыўнай пошасцю зямлі, дзе людзі пакутуюць ад хвароб, народжаных гіганцкай тэхнагеннай катастрофай, не выклікала ўсенароднага абурэння, гневу і пратэсту. Нешматлікія пікеты, якія імгненна разганяе ўлада, пагоды не робяць. Бяздумна, без аніякага супраціву ўладарным монстрам мы паўзем у атамную прорву так, як трус лезе ў пашчу ўдава. Нават, як ён, не папіскваем.

Я маю права гаварыць пра вялікую трагедыю гранічна адкрыта, з болем, бо не толькі напісаў пра Чарнобыль вершы і дзве паэмы, перакладзеныя на шэраг еўрапейскіх моў, але быў удзельнікам жудасных падзей 1986 года ў Хойніцкім раёне, а затым пасабляў арганізоўваць лячэнне беларускіх дзяцей за мяжой, зарабляў грошы, каб набываць медыцынскае абсталяванне, лекі, вітаміны для дапамогі пацярпелым дома.

Зрэшты, назвы раздзелаў паэм гавораць самі за сябе. Вось «Чорная быль», якая разгортвае народную бяду так: «Выбух», «Зона маўчання», «Чаравічкі», «Чарнобыльскі воўк», «Дождж у Хойніках», «Трэці анёл», «За калючым дротам», «Марадзёры», «Вяртанне», «Пераліванне крыві», «Страх», «Віна», «Палыновая зорка». Не менш эмацыйнай сілы забрала, выпіла з душы і сэрца паэма «Зязюля», у якой перагукаюцца «На беразе тым», «Ку-ку!», «Сучасная балада», «Калыханка», «У зоне», «Сляза», «Мадонна», «Мы», «Галасаванне», «Маленькія людзі», «Гняздо», «Крыж», «Беларуская песня». «У бары пад Брагінам», «Пакаянне», «Свечка», «На беразе гэтым».

Не толькі ў чарговую гадавіну Чарнобыльскай катастрофы, але і ў іншыя дні ўспамінаецца многае: галашэнне жанчын пры высяленні вёсак, ад якога здавалася абрынецца само неба, мужчыны, якія плачуць, разгубленыя вочы маленькіх бежанцаў, ваенны дазіметр, што зашкальвае пры абмерах майго запыленага «уазіка», летні касцюм, які давялося здаць на спецыяльную ўтылізацыю, бяссонныя роздумы ў гасцініцы завода, які таксама працаваў на армію, ноч у зоне, дзе наладжвала жудасны «канцэрт» здзічэлая жывёла. Неяк яшчэ студэнтам я разам з сябрамі правёў ноч у Хатыні, каб яшчэ мацней адчуць народнае гора ў гады вайны. Там і тут пачуцці зашкальвалі…

Трагедыя, якая абрынулася на Беларусь, знаходзілася за межамі чалавечага ўяўлення пра бяду. Ад убачанага патыхала фантасмагорыяй. У жніўні вайскоўцы займаліся дэзактывацыяй школ, дзіцячых садкоў, бальніц, бо было спадзяванне, што ўсё можна адмыць, адчысціць і жыць, як раней. У вёсцы Глінішчы, на радзіме народнага пісьменніка Беларусі І. Мележа, у вольную часіну вяду вайскоўцаў-дазіметрыстаў у хату-музей, расказваю пра раман «Людзі на балоце», пра трагічнасць сталінскай калектывізацыі, пра драматычнае каханне герояў — Ганны і Васіля. Халадок прабягае па душы, калі гляджу, як людзі ў спецыяльнай вопратцы і абутку, падобныя на іншапланецян, ходзяць па запыленых масніцах вясковай хаты, разглядаюць партрэты на сценах, сціплыя экспанаты, слухаюць аповед.

У дзённіку расійскага пісьменніка Ю. Кубланоўскага нядаўна прачытаў: «Человек оказался намного более хищным и безжалостным эксплуататором, превратив природу Земли в колониальный ресурс. Но во вселенском масштабе /…/ мы меньше, чем муравьи. (И хуже, чем муравьи, ибо занимаемся самоубийством)».

Усім, хто зняверыўся ў будучыні нацыі, хто ў адчаі замахваецца нават на сябе, раю пабыць у анкалагічных аддзяленнях бальніц, дзе маленькія пацыенты мужна, упарта і з надзеяй змагаюцца з бязлітаснымі хваробамі. Можа, тады стане зразумелым, які гэта неацэнны дар — чалавечае жыццё, а тым больш існаванне на Зямлі цэлага народа са сваёй мовай, культурай? Цяпер да месца будзе раздзел з «Чорнай былі» пад назвай «Пераліванне крыві», эпіграфам да якога сталі словы народнай песні: «Кроў — не вада, разліці шкада»:

На зялёнай клумбе — мак чырвоны,

А далей — бетонная сцяна.

Вось і ўвесь пейзаж, які штодзённа

Ім відаць з бальнічнага акна.

 

Хочуць зліцца з небам вачаняты,

Носікі прыціснуты да шкла.

Чорны смерч у белыя палаты

Вынес іх з далёкага сяла.

 

Адарваў ад матчынае ласкі,

Ад любімых гульняў і сяброў.

Дзеці,

Нібы скошаныя краскі,

Вянуць,

Бо бяда — бялее кроў.

 

Працэдуры, як закон, без слова,

Быццам шмат было іх на вяку.

Падстаўляе пацыент чарговы

Тоненькую, лёгкую руку.

 

Ён маўчыць, хоць вусны пабялелі,

Ён трывае лепей, чым стары.

Мо таму слязой і накіпелі

Вочы маладзенькай медсястры.

 

З вены кропельку знімае ватай

І руку бінтуе,

І тугу.

Каб не ўчулі, шэпча вінавата:

«Болей не магу я...

Не магу...»

На мой погляд, будаўніцтва АЭС або нават дзвюх (!) у краіне, засыпанай радыенуклідамі, дзеянне амаральнае і нават антыканстытуцыйнае, бо ў галоўным дакуменце запісана: «Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай». Замест валюнтарызму трэба павысіць адказнасць дзяржавы за ахову здароўя грамадзян, наладзіць вытворчасць патрэбных лекаў, забяспечыць медыцынскімі кабінетамі ўсе навучальныя ўстановы, вярнуць пацярпелым ільготы, аздараўляць навакольнае асяроддзе, экасістэмы — асновы жыцця.

Калі для амерыканскіх школьнікаў здароўе знаходзіцца на першым месцы, то для беларускіх — на восьмым. Але лядовыя палацы — не ратаванне. Важней дэмакратычная спартыўная база, трэба, каб звінелі дзіцячымі галасамі школьныя стадыёны, залі, басейны, абсталяваныя пляцоўкі ў дварах.

Які Чарнобыль: духоўны або радыяцыйны — найбольш знішчальны? Як кажуць, хрэн за рэдзьку не саладзей, але жыхары Беларусі чыняць падвоенае самагубства. Яны выпраўляюць нашчадкаў у жорсткі свет без трывалага нацыянальнага падмурку, якімі з’яўляюцца гістарычная памяць, родная мова, традыцыі, высокая мараль, з культурай, насычанай ашалелай папсою: «И целуй меня везде, я ведь взрослая уже…», з аслабленым здароўем. Да гэтага дадаецца фінансавы хамут — даўгі, набраныя аўтарытарным рэжымам, каб утрымаць уладу…

Па праву «адыходзячай натуры», яшчэ і яшчэ раз буду да канца сваіх дзён настойліва звяртацца да «непрабіваемых» суайчыннікаў — прачніцеся, гляньце на сябе, азірніцеся навокал, адкіньце страх і ляноту, скаланіцеся душою!

Вы самі (бясспрэчна, часта не па ўласнай віне!) страцілі свае спадчынныя гістарычныя арыенціры, самабытнасць, любоў да роднай зямлі. Але чаму цяпер, ведаючы пра хваробу, пра комплекс нацыянальнай і грамадзянскай няпаўнавартасці, ва ўгоду неадукаваным уладарным пустадомкам робіце такімі ж манкуртамі любімых дзяцей, унукаў, праўнукаў, знішчаеце будучыню незалежнай Беларусі? Страшней за такое злачынства няма нічога.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

←ЗНЯВАГА

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика