ЗНЯВАГА

Источник материала:  
30.04.2012 13:26 — Разное

Суд Аршанскага раёна аштрафаваў 70-гадовага праваабаронцу Валерыя Шчукіна больш як на мільён рублёў за «дэманстратыўнае ляжанне на падлозе і непавагу да міліцыянераў і суду». Чаму ж ён лёг? Таму што яго беспадстаўна не пусцілі на судовае пасяджэнне.

Славуты Дзед…

Скажу адразу:

Няма сакрэту, што заўжды

Яго ўспрымаюць як праказу

І наша ўлада, і суды.

То маршыруе апантана,

А то наладзіць ён пікет…

З яго, марскога капітана,

Усім дзядам, як кажуць, Дзед.

Улада не дае прапіскі,

Каб дэпутатам стаць не змог,

І дом-прытулак самы блізкі —

Ці каталажка, ці астрог.

Няволю зведаўшы, штодзённа

Наш Дзед напружвае мазгі,

Каб у цямніцу, «дом казённы»,

Не трапіў хто-небудзь другі.

Калі «невыязных» у Оршы

Знялі, так мовіць, з цягніка,

Падумаў Дзед:

«Расклад — найгоршы.

«Прышыюць» штось нашармака.

Каб пасадзіць-загнаць за краты,

Напрыклад, «знойдуць наркату».

Ёсць вопыт у «мянтоў» багаты,

Намер іх чую за вярсту…»

Хоць тая Орша не пад бокам,

У шлях няблізкі рушыў Дзед,

Каб прасачыць уласным вокам,

Ці ўсё законна і як след.

Па Канстытуцыі не нова

(Яна і дзейсная нібы),

Што можа на працэс судовы

Патрапіць кожны і любы.

Міліцыянт, мажны і строгі,

Стаў перад Дзедам, як гара.

Калі няма далей дарогі,

Дык іншы крок зрабіць пара.

І Дзед улёгся на парозе,

Сабою «начарціў мяжу»

І патлумачыў:

— Я ў знямозе,

І дзе хачу я — там ляжу.

На шчасце, Орша — не сталіца,

Дзе наш бязлітасны спецназ

Гатовы да знямогі біцца,

Каб, як снапы, пакласці нас.

Аршанцы зладзілі нараду

(Начальства збеглася на кліч):

«Ну як жа даць старому рады,

Каб не «загнуўся» гэты хрыч?»

Міліцыянты ад парога

Пяшчотна Дзеда паднялі

І на руках яго, старога,

Павалаклі не па зямлі…

А потым суд спатоліў прагу,

«Упёкшы» Дзеду аж мільён,

Бо, як ляжаў, нанёс знявагу

Суду, міліцыянтам ён.

* * *

Туды, дзе «слухаў» суд і «важыў»,

Не змог законна трапіць Дзед…

Пытанне: хто каго зняважыў

Найпершым чынам у судзе?..

Алесь НЯЎВЕСЬ

←Николя Саркози обещает засудить «лживые СМИ»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика