Дракахруст: У Лукашэнкі скончыліся рыфмы
Прамова не гучала як перадвыбарчая — проста нязьменны правадыр ставіў задачы і даваў абяцаньні.
Аднак выбарчы кантэкст прарываўся, калі прамоўца, не называючы імёнаў, адказваў сваім
Ужо зараз відавочна, што абвінавачваньне апазыцыйных кандыдатаў у папулізьме стане хіба не галоўнай лініяй контратакі. Лукашэнка красамоўна распавядаў пра бездапаможнасьць апанэнтаў у адказах на пытаньне, дзе ўзяць грошы на іх шчодрыя абяцаньні.
Справа ня ў тым нават, што ў 1994 годзе на пытаньне прэм’ера Кебіча, як ён зьбіраецца запусьціць заводы, кандыдат у прэзыдэнты Лукашэнка адказваў:«Я ведаю як». Бо і зь сёньняшняй прамовы было незразумелым, як будуць дасягнутыя мэты, пастаўленыя ім.
Адкуль возьмуцца грошы на мадэрнізацыю, на перабудову нацыянальнай эканомікі?Навідавоку была супярэчнасьць паміж базавым тэкстам урадавай праграмы, на якой грунтаваўся дакладчык, і яго асабістымі эмацыйнымі «адрывамі» ад тэксту.
У гэтых «адрывах» прадпрымальніцтва трактавалася не як рухавік, не як мэханізм зьмены эканомікі, а як досыць экзатычная, у чымсьці нават карысная зьява, якую дзяржава па сваёй дабрыні не зьбіраецца нішчыць. Лукашэнка з гонарам казаў пра тое, што сустракаецца з кожным замежным бізнэсоўцам, які мае намер укладаць грошы ў беларускую эканоміку. Але гэта наўрад ці сумяшчальна з шырокім патокам замежных інвэстыцыяў.
Гэтак жа трактавалася і прыватызацыя — не як інструмэнт зьмены прыроды нацыянальнай эканомікі, а як нешта, што можна рабіць, а можна і не рабіць, што трэба абстаўляць шматлікімі ўмовамі і разглядаць кожны выпадак асобна і грунтоўна.
Пра што Лукашэнка казаў шчыра і ад душы — дык гэта пра дысцыпліну і парадак, якія могуць на 20% падвысіць эфэктыўнасьць вытворчасьці.Падыход цалкам натуральны ў межах створанай у Беларусі мадэлі. Але тады застаецца незразумелым, за кошт чаго і ў якім накірунку яе трэба мяняць.
Значная і хіба ня самая важная частка прамовы была прысьвечаная
У гэтым сьвятле нават камічна гучалі словы пра тое, што на саміце АБСЭ ў Астане ўсе ўбачылі, як супольна трымаюцца Беларусь і Расея. Здавалася б, усе ўбачылі, што расейскі лідэр ухіліўся ад камунікацыі са сваім беларускім калегам. Але чаго ня скажаш у паэтычным натхненьні!
Пры гэтым рабіліся празрыстыя намёкі на тое, што калі Расея будзе ўпарціцца, то «Беларусь не застанецца бясхознай», гэта «ласы кавалак для ЭЗ і ЗША». Такое ўсьведамленьне пра ўласную краіну ня надта стасавалася з годным заклікам «пазбаўляцца ад лёкайскай псыхалёгіі», але ізноў жа — хто ж патрабуе ад паэзіі лягічнасьці?
Цікавым быў фрагмэнт пра апору на ўласныя рэсурсы. Гэта — ускоснае сьведчаньне таго, што стасункі з Расеяй усё ж наўрад ці вернуцца на ранейшы ўзровень, калі ўсе патрэбы расейскімі рэсурсамі і забясьпечваліся.
Яркім момантам быў зварот да апазыцыйных кандыдатаў: «Можаце выводзіць людзей на плошчу, краіну вы не атрымаеце, мы не дадзім вам яе разьдзерці, яна нам дорага каштавала».
«Мы» — гэта хто? Адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты — іншым?Прамовы Лукашэнкі падчас мінулых выбараў пакідалі ўсё ж больш цэласнае ўражаньне. Тады была пэўная яснасьць: ідзем наперад правільным шляхам, беларускі цуд бездакорны, будзем працаваць і ўсё атрымаецца, а падступнаму Захаду і ўнутраным ворагам дамо рады.
Цяпер і сам Лукашэнка ўсьведамляе, што нешта трэба мяняць. А вось як? Ці то рыфмы скончыліся, ці то адказы састарэлі, толькі адзінадушныя аплядысмэнты засталіся нязьменнымі.
Пакуль.
Юры Дракахруст, Радыё Свабода