Мінск упершыню наведаў фінскі калега Дзеда Мароза — Ёулупукі

Источник материала:  
23.11.2010 10:16 — Разное

22 лістапада ў Мінск упершыню прыехаў Ёулупукі з фінскай Лапландыі. У сталічнай ратушы ён сустрэўся з беларускім Дзедам Марозам з Белавежскай пушчы, прадстаўнікамі турыстычнай галіны і журналістамі.

На брыфінгу Ёулупукі паведаміў, што ў беларускім аэрапорце ён ужо падпісаў каля 100 паштовак дзецям. Фінскі Санта-Клаус зазначыў, што чакае шмат прыемных уражанняў ад свайго візіту ў Беларусь: Мінск яму спадабаўся «душэўнымі добрымі людзьмі і цікавай архітэктурай».

У праграме візіту Ёулупукі — наведванне сталічных спартыўных аб’ектаў і цырка. 23 лістапада ён возьме ўдзел у семінары для турфірм аб магчымасцях Фінляндыі, сустрэнецца з дзецьмі.

Ёулупукі таксама паведаміў аб традыцыі святкавання Раства ў Фінляндыі. Напярэдадні свята, 24 снежня, фіны ўстаюць вельмі рана, снедаюць і ідуць у саўну ці лазню. У другой палове дня па традыцыі рыхтуюць і ядуць рысавую кашу, а затым чакаюць візіту Ёулупукі, які паводле легенды жыве са сваёй жонкай цётухнай Моуры ў хаціне на сопцы Карватунтуры. Часцей за ўсё дзеці выконваюць яму папулярную калядную песню «Ёулупукі, Ёулупукі».

Паводле слоў фінскага Санта-Клауса, штогод ён атрымлівае каля мільёна лістоў і паштовак ад дзяцей і дарослых з усёй Еўропы: не толькі з Фінляндыі, але і з Францыі, Грэцыі, Нідэрландаў і іншых краін.

Прычым паток зваротаў узрос: Ёулупукі памятае той час, калі толькі некаторыя бацькі дазвалялі сабе звязацца з Санта-Клаусам. У апошнія гады запытаныя падарункі ўжо не такія «сціплыя», як раней, а дарослыя нярэдка хочуць дарагія рэчы: ролс-ройсы, лімузіны. Ну, а жанчыны часта просяць у лістах добрага мужа.

Як падкрэсліў Ёулупукі, усе, хто напісаў яму, атрымліваюць адказы.

Беларускаму Дзеду Марозу Ёулупукі прывёз рукавіцы, «зробленыя жонкай». У сваю чаргу Дзед Мароз падараваў Ёулупукі кнігу пра гісторыю Белавежскай пушчы.

Дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін заявіў, што візіт Ёулупукі «лішні раз рэкамендуе Беларусь як адкрытую і турыстычную краіну». «Санта-Клаус асацыюецца з надыходам зімы, з падарункамі, з выкананнем жаданняў», — сказаў Кармазін. Паводле яго слоў, гэты візіт таксама дазваляе прыцягнуць увагу да традыцыйных для зімы відаў спорту: катанню на лыжах, каньках, санках.

Кіраўнік інфацэнтра «Мінск» Алена Пліс выказала надзею, што візіт Ёулупукі прынясе з сабой сапраўднае зімовае надвор’е.


Падзяліцца навіной: 
Анастасія Янушэўская, БелаПАН

←4 снежня ў сядзібе Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы адбудзецца свята сустрэчы зімы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика