Рымашэўскі: Журналісты на БТ зашуганыя
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД распавёў у гутарцы з карэспандэнтам «НН» аб сваіх уражаннях ад візіту ў студыю беларускага тэлебачання: «Я запісу выступу не бачыў. Ведаю аб ім толькі са словаў паплечнікаў. З візіту на БТ засталіся збольшага пазітыўныя ўражанні, адно што журналісты там нейкія зашуганыя. Перад пачаткам эфіру да мяне падышла намесніца кіраўніка БТ і прапанавала падпісаць нейкія паперы аб адказнасці за змест маёй прамовы. Я адмовіўся ў рэзкай форме. Яшчэ не задаволіла тое, што каманда, каторая мяне здымала, не была падрыхтаваная. Адмовіліся асвятленне змяніць, калі мы іх папрасілі. Аднак у цэлым не сказаў бы, што пачуваўся дыскамфортна. Сваім выступам задаволены».
Віталь Рымашэўскі таксама зазначыў, што ў незалежных СМІ бракавала інфармацыі аб выступах апазіцыйных кандыдатаў. «У гэтым плане мы яшчэ не гатовыя да дэмакратыі. Трэба выкарыстоўваць любую магчымасць, каб данесці да людзей свае ідэі. У тым ліку і праз выступы на тэлебачанні», — зазначыў ён.
Інфармацыю аб выступах незалежных кандыдатаў можна пабачыць тут.
Алесь Пілецкі