Малішэўскі: «Падалося, што Міхалевіч размаўляў з працадаўцамі, а не гледачамі»
«Зразумела, што складана параўноўваць Міхалевіча не згадваючы таго, хто перад ім выступаў. Калі параўноўваць з папярэднім кандыдатам, то Рымашэўскі глядзеўся больш цікава. Напэўна, праблема Міхалевіча была ў тым, што ён другі. Невядома як бы выступіў не першым Рымашэўскі. Цяжка вытрымаць паўгадзіны аднаго чалавека, а потым паўгадзіны іншага, які пра штосьці там вяшчае па тэлевізары — гэта здольныя толькі людзі, якім гэта вельмі цікава. Ну можа яшчэ хвілін 15‑20, калі ён нешта цікавае кажа, а потым хочацца выключыць, ці пераключыць на музыку.
Міхалевіч быў цікавы тым, што ён абраў незвычайную форму падачы адказаў на пытанні, якія яму даслалі людзі на сайце. Калі параўноўваць, то Рымашэўскі больш цікава казаў, але пасля 15 хвілін ужо трошкі паплыў і яго можна было выключаць.Потым ён зноў узяў нейкую цікавую тэму, якая троху цікавей і зноўку узяў ўвагу. У Міхалевіча нягледзячы на цікавую форму падачы, пытанні былі нейкія не чалавечыя. Мова на якой ён адказваў на гэтыя пытанні, таксама не чалавечая.
Мне ў адзін момант здалося, што гэта нейкая размова чыноўніка, але ён жа увогуле не чыноўнік. Гэта для мяне было дзіўна. Зразумела, што ён трошкі згубіўся перад камерай. Але ён казаў не на той мове, на якой мае зносіны са звычайнымі людзьмі. Ён размаўляў на мове чыноўнікаў, якіх збіраецца скарачаць і з якім заклікае змагацца. Другая дзіўная рэч, калі ён расказваў сваю біяграфію. Там было столькі шмат гэтых дат, што ў агульным‑то пасля гэтых дат можна было выключаць. Мне цалкам пофіг у якім годзе ён чаго скончыў штосьці там.
Я думаю не вельмі выйгрышна было, калі ён сказаў: «У маёй праграме вы не знойдзеце пустых абяцанняў». Гэта значыць, што гэтых абяцанняў наогул як бы і няма. Вельмі дзіўная рэч. Зразумела, што далей ён нейкія абяцанні прамаўляў.Але ўвогуле, а што тады ў яго праграме ёсць? Я неяк не зразумеў.
Мне падалося, што гэта была не размова з гледачом, а размова з працадаўцам. Міхалевіч прыйшоў уладкоўвацца на нейкую працу, яму патрэбна пакінуць пра сябе ўражанне, як пра разумнага чалавека, які можа адказаць на любыя пытанні. Ён так і адказваў, на гэтай складанай мове на складаныя пытанні працадаўцы. Яшчэ адна праблема. Ён задаваў сам сабе пытанні і я ў нейкі момант злавіў сябе на думцы, што ён гэтыя пытанні ўпершыню чытае. Ён нібыта не ведае як на іх адказваць і нават спрабуе сысці ад адказаў. Напрыклад, пытанне: «Ці глядзеў ён «Хроснага бацьку». Любы чалавек, які чуе такое пытанне, чакае, што вось цяпер яму нешта пра фільм скажуць. А Міхалевіч сказаў: «Глядзеў, але не ўражаны» — гэта быў адказ на пытанне?
Мне спадабалася, што ён развеяў страхі. Напрыклад, пра войска — «армія застанецца». Ёсць у выбаршчыкаў падобные страхі і Міхалевіч згуляў таксама як і наш прэзідэнт. Пенсійны ўзрост змяншацца не будзе — і вось зніклі страхі.Замест таго, каб нешта там абяцаць, чалавек прагаворвае, што не будзе чапаць. Гэта канешне падмена абяцанняў, але ў такіх сітуацыях, глядзіцца нават выйгрышна.
Мне яшчэ здалося, што калі кожнаму даваць па 30 хвілін, то гэта не выйгрышна. Паўгадзіны напэўна ніхто слухаць не будзе. Акрамя прыхільнікаў, якія ўключылі паслухаць як крута выступае наш кандыдат. Максімальна, што можна даслухаць хвілін 15. Нават форма пытанняў‑адказаў не дапамагае вытрымаць больш.
Калі мяне спытаць цяпер, што было ў гэтых пытаннях Міхалевіча самым галоўным, я не скажу. Напэўна і Міхалевіч сам не скажа. А павінны быць нейкія кручкі, якія ўсё гэта разаграваюць і не даюць састыць цікавасці да таго інтэрв’ю, якое бярэ сам у сябе Міхалевіч. Такіх кручкоў у Алеся не было. Напрыклад, у Рымашэўскага, былі. Напэўна, у апазіцыі кручкамі выступаюць іх спрэчкі з уладамі. Калі ў Рымашэўскага такое было, то ў Міхалевіча наогул не.Наогул было не зразумела, можа Міхалевіч прыйшоў уладкоўвацца на працу да гэтай улады? Ён прадстаўляе сваю праграму, якая дапамагае гэтай уладзе штосьці там змяніць, мадэрнізавать. Вось на што гэта было падобна. Але я не ведаю, сыходзячы з гэтай размовы, якая ў Міхалевіча была мэта.
Хацелася б адзначыць — добрая пара атрымалася Міхалевіч і Рымашэўскі, бо яны розныя. Я думаю, калі б Рымашэўскі і Саньнікаў — гэта глядзелася б даволі аднолькава.Яшчэ я думаю трэба мяняць структуру ўсёй гэтай справы і не гаварыць усе 30 хвілін. Можа не распавядаць ўсе гэтыя 30 хвілін сваю праграму аб усім, нават пра самыя драбніцы? Можа гэтага не трэба, можа больш выгадна ўзяць два нейкія моманты, самыя супярэчлівыя ці два самыя балючыя для народа? І пра гэта пагаварыць? Але трэба неяк змагацца з гэтымі 30 хвілінамі. Добра Някляеву, ён можа вершы пачытаць. Астатнім варта падумаць над гэтай задачкай».
Запісала Настасся Шамрэй