Класкоўскі: «Рымашэўскі трымаўся ў кадры досыць упэўнена»
«Выступ не правальны. Я бы сказаў ён добра справіўся з задачай прасоўвання брэнда БХД, але вось наколькі прасунуў свой асабісты брэнд — гэтае пытанне застаецца адкрытым. Тут варта ўлічваць, што бальшыня кандыдатаў проста невядомая шырокай публіцы. І элементарны прыём — паўтарыць сваё імя некалькі разоў — не быў выкананы. Не было прамоўлена некалькі разоў «я — Віталь Рымашэўскі». Я ўпэўнены, што не ўсе простыя выбаршчыкі, абывацелі запомнілі яго прозвішчы.
Паколькі ў Віталя адной з ключавых задач была прапаганда ідэяў БХД і гэта было зроблена дастаткова ўдала. Аднак па‑мойму быў троху перагіб, таму што сам кандыдат заставаўся ў цені. Вось ёсць партыя, ёсць такая сіла, якая прапагандуе такія вось ідэя. Аднак гэта ж Віталь Рымашэўскі прэтэндуе на вышэйшую пасаду, за яго павінны аддаваць ці не аддаваць свой голас. Вось гэтай аргументацыя на карысць персанажа гэтых выбараў мне здаецца бракавала.
Ведаеце, Меркель таксама ў Германіі ўзначальвае хрысціянскіх дэмакратаў, аднак падобную лексіку і словы пра хрысціянскія прынцыпы яна ўжывае значна радзей.
Я не здзіўлюся, калі просты рабацяга потым жонцы скажа: святар мусіць выступаў па тэлебачанні. Я канешне трошку ўтрырую, аднак па‑мойму варта ўлічваць, што электарат, і не толькі беларускі, як кажуць у нас палітолагаў думае страўнікам (гэта не абраза, а канстатацыя).Вось такіх рэчаў, нейкіх пераканаўчых аргументаў было малавата. Напрыклад, што гэтыя партыйныя прынцыпы дадуць дзеля дабрабыту, дзеля таго каб лепей жыў канкрэтны чалавек — вось гэтага бракавала.
Праўда, другая частка выступу, яна была ў добрым сэнсе болей папулісцкаю. Усё ж такі пэўная канкрэтыка болей эканамічна‑сацыяльнага кшталту прагучала.
Тэзы прывабныя. Напрыклад, параўнанне з эканомікай Германіі. Аднак казаць, што грошы на эканоміку мы знойдзем за кошт таго, што выкаранім карупцыю — гэта схема напэўна праставатая.
Да плюсаў можна аднесці тое, што Віталь трымаўся ў кадры досыць упэўнена, была жэстыкуляцыя, была наглядная агітацыя. Здавалася, што яны добра вывучылі хрэстыматыйны выступ Казуліна 2006 году.Ва ўсякім разе гэтае разрыванне элюстрацыяў: Казулін рваў газету «Савецкая Беларусія», а Рымашэўскі партрэты дыктатараў. Гэты ход скапіяваны з Казуліна. І гэта сведчыць пра тое, што Рымашэўскага рыхтавалася, вывучылі вопыт папярэднікаў, тэхналогіі адпаведныя піяраўскія. Гэта выглядала пісьменна.
Запомніўся выдатны афарызм, які напэўна цяпер усе будуць цытаваць: «Абіралі прэзідэнта, абралі цара».На падобных афарызмах у 2006 грунтаваўся выступ Казуліна. Людзі такое запамінаюць, гэта чапляе. Выступ Рымашэўскага мог бы меней грунтавацца на хрысціянскіх традыцыях, а мець паболей такіх цвікоў‑афарызмаў. Гэта сыграла бы на карысць.
Яшчэ раз хачу падкрэсліць, не варта ў прынцыпе перабольшваць магчымасці такой караткачасовай агітацыі ў такім няўдзячным жанры як «гаваркіх галовы». Тое што гэта маналог, што няма ўнутранай драматургіі — гэта рэзка звужвае магчымасці кандыдатаў. 15‑20 хв. далей глядач папросту стамляецца.
Калі параўнаць з выступам Міхалевіча. Ён не надта ўпэўнена трымаўся, але Алеся выратавала, што ён пабудаваў выступ у выглядзе пытанняў і адказаў. Нягледзячы на прыдуманыя пытанні, яму ўдалося драматызаваць выступ.Паўтару, «гаваркія галовы» — вельмі няўдзячны жанр. На жаль, тут цудаў не даводзіцца чакаць, бо калі няма апазіцыі ад выбараў да выбараў і няма сюжэтаў палітычнага жыцця, то цяжка ў такіх выступах «гаваркіх галоваў» зрабіць нейкую рэвалюцыю у галовах людзей.
Трэба яшчэ сказаць, што кандыдаты рваліся ў жывы эфір, аднак гэта жорсткая рэч і яна сапраўды распранае чалавека. Трэба мець вялікі досвед, каб трымацца ў кадры, каб не бегалі вочы. У Міхалевіча было яшчэ горай, чым у Рымашэўскага, бо ён чытаў у кадры. Мне так падалася, што і з грымам і са святлом папрацавалі ў абодвух выпадках не вельмі добра. І эксперты пра гэта папярэджвалі, што не трэба думаць, што перад кандыдатамі хтосьці будзе шчыраваць і старацца зрабіць выйгрышны малюнак. Ніхто спецыяльна нейкіх выйгрышных камфортных умоваў у студыі не ствараў і не будзе ствараць, таму трэба відаць рыхтаваццца камандай да такіх выступаў. Нават да таго, каб нехта з каманды вазіў з сабой пудру і рабіў адпаведны макіяж перад эфірам. Будзем спадзявацца, што наступныя кандыдаты пра гэта паклапоцяцца».
Запісала Настасся Шамрэй