«Мы должны сообщать в райисполком обо всех, кто фотографирует»
Гэта не Афганістан. Гэта моцная і квітнеючая. Гліннае Докшыцкага раёна. Фота Кастуся Шыталя. |
Вёска вялікая — насельніцтва пад паўтысячы чалавек. Пасярод Гліннага стаяць тры пустыя двухпавярхоўкі — колішнія саўгасныя дамы, даўно пакінутыя жыхарамі.
Каля двухпавярховак палае вогнішча. Вяскоўцы высякаюць хмызы і спальваюць на агні. Карцінка.
Падыходжу. Дастаю фотаапарат.
Стараюся выбраць найбольш удалыя ракурсы і здымаю людзей за працай.
Праз нейкі час мужчына кажа: «Хопіць табе тут здымаць».
Не рэагую. Потым ён кажа тое ж зноў.
Праз пару хвілін падышла да мяне жанчына. Як высветлілася потым — старшыня Бярэзінскага сельскага савета Валянціна Іванаўна Кургей. «Покажите документы!» Прад’яўляю пасведчанне сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. «А что это за организация?» — запытвае чыноўніца. — «Гэта карпаратыўная арганізацыя, якая аб’ядноўвае журналістаў». — «Это бэнээф? — не сунімаецца жанчына. — Покажите удостоверение ещё раз, я не запомнила вашу фамилию. Я должна сообщить о вас в райисполком». — «Навошта?» — здзіўляюся я. — «Мы должны сообщать в райисполком обо всех, кто фотографирует», — чую ў адказ.Адмаўляюся другі раз паказваць пасведчанне і адыходжу. За спінай чую, як старшыня сельсавета кажа: «Его сюда заслали. Он из бэнээф. Ему за это заплатили», — кажа старшыня сельсавета. Чую, як хтосьці прапанаваў выклікаць міліцыю.
Іду далей па вясковай вуліцы. Мяне абганяе сельсавецкі «жыгулёнак». Хвіліны праз дзве вяртаецца. Побач з кіроўцам сядзіць участковы міліцыянт. «Жыгулёнак» спыняецца. Участковы просіць сесці ў машыну. Запытваецца, навошта я фатаграфую ў вёсцы ды просіць прад’явіць дакуманты. Паглядзеў мой пашпарт і пасведчанне сябра БАЖ’у і выйшаў з машыны, каб патэлефанаваць у РАУС.
Запытваю тым часам ў пільнага сельсаветчыка: «Навошта Вы выклікалі міліцыянта?». — «А чаму вы перад прэзідэнцкімі выбарамі разваліны фатаграфуеце? А раптам вы з бэнээф?», — кажа той. — «А што, калі б я нават быў і з БНФ? Гэта ж афіцыйна зарэгістраваная партыя», — запытваю.
Маўчаць.
Участковы вяртаецца і бярэцца перапісваць мае пашпартныя звесткі. Потым патрабуе, каб я выдаліў здымкі. Адмаўляюся выдаляць. Хвіліны дзве спрачаемся, і ўрэшце адпускае мяне.
Большая частка правінцыйных чыноўнікаў і простых грамадзянаў ніколі не сутыкаліся ні з якімі журналістамі, акрамя карэспандэнтаў «раёнкі». Не бачылі сябраў ніякіх партый і грамадскіх арганізацый, акрамя «Белай Русі» і БРСМ’а.
І таму заезджы дзівак, які фатаграфуе жыццё з непрывабных ракурсаў, збірае подпісы за незалежных кандыдатаў, распаўсюджвае недзяржаўныя газеты, адразу выклікае насцярожанасць.
Вораг? Займаецца «антыдзяржаўнай дзейнасцю»?
Вось такая атмасфера для «свабодных выбараў».
Кастусь Шыталь