Філіп Гордан: «Выбары стануць магчымасцю для Беларусі прадэманстраваць прагрэс»
«Мы далі зразумець, што хацелі б мець лепшыя, больш канструктыўныя дачыненні з уладамі Беларусі», — адзначыў Гордан. Аднак, паводле намесніка дзяржсакратара ЗША, амерыканскія санкцыі ў адносінах да Беларусі могуць быць знятыя толькі ў выпадку прагрэсу ў пытаннях дэмакратыі і выканання правоў чалавека ў Беларусі:
«Прэзідэнцкія выбары стануць магчымасцю для Беларусі прадэманстраваць прагрэс. Таму мы будзем вельмі ўважліва сачыць за імі і будзем гатовыя дапамагчы ў працэсе з тым, каб беларускія ўлады скарысталіся гэтым».
Філіп Гордан падкрэсліў,
што адпаведнасць снежаньскіх выбараў міжнародным стандартам — перадумова адмены амерыканскіх санкцый.Паводле Гордана, належнае правядзенне афіцыйным Мінскам выбараў можа адкрыць шлях і да аднаўлення функцыянавання пасольства ЗША ў Беларусі ў поўным аб’ёме:
«Прычына, з якой мы не маем пасла ў Беларусі — гэта не наш выбар, гэты іх выбар— у адказ на санкцыі, якія мы ўвялі, кіруючыся матывамі дэмакратыі і правоў чалавека. Мы б хацелі ўбачыць нашага амбасадара там заўтра. Мы не думаем, што адсутнасць амбасадара — гэта шлях, які дазваляе эфектыўна кантактаваць з уладамі».
Радыё Свабода