«Зюддойчэ цайтунг»: Сікорскаму і Вэстэрвэле не спадабаўся спектакль Лукашэнкі

Источник материала:  
05.11.2010 10:32 — Разное
Перад прэзідэнцкімі выбарамі беларускі кіраўнік, прымаючы ў Мінску эмісараў з Еўропы, спрабуе ўдаваць дэмакрата. Сваю міміку Лукашэнка трымае пад кантролем, але, па сутнасці, ён ужо не можа сябе кантраляваць.

Аляксандр Лукашэнка адкідваецца назад, шырока разводзячы рукі. На яго твары пад вусамі з’яўляецца шырокая ўсмешка. Прэзідэнт скончыў гаварыць, і ён відавочна лічыць, што ўсе істотнае ўжо сказана. Справа ад Лукашэнкі сядзіць нямецкі міністр замежных спраў Гіда Вестэрвэле, а яго польскі калега Радаслаў Сікорскі размясціўся злева ад яго.

Лукашэнка праінфармаваў абодвух аб тым, што можа прапанаваць яго краіна.

Ён таксама паведаміў, што прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на 19 снежня, зусім пэўна будуць дэмакратычнымі.

«Гэта мужны крок з вашага боку — тое, што вы прыехалі перад выбарамі», — кажа Лукашэнка пасля завяршэння свайго выступу. Гэта апошнія ўхвальныя словы, якія абодва міністры чуюць у абклеенай блакітнымі шпалерамі і досыць невялікай па памеры зале для перамоваў у прэзідэнцкім палацы ў Мінску, размешчаным на вуліцы Карла Маркса. Яны прыехалі разам, бо Лукашэнка хацеў перадаць ім пасланне. Кіраўнік Беларусі прымае іх, каб зрабіць выклік Еўропе. Паляк Радаслаў Сікорскі, вядома, не можа дазволіць запалохаць сябе чалавеку, які ў найбліжэйшы час мае намер чацверты раз стаць прэзідэнтам. Многія хочуць бачыць Беларусь «еўрапейскай краінай», кажа ён, а да гэтага адносіцца якраз дэмакратыя і павага правоў меншасцяў», — дадае ён. Сваю міміку Лукашэнка трымае пад кантролем, але, па сутнасці, ён ужо не можа сябе кантраляваць.

«Вы не павінны лавіць мяне на слове, — павучае ён паляка. — Калі ў вас неперадузятае стаўленне, то вы ведаеце, што гэта будуць дэмакратычныя выбары».

Для Сікорскага гэта сігнал да нападу. «Мы спадзяемся, што яны будуць лепшыя за папярэднія, кажа ён. Усмешка замярзае на твары прэзідэнта.

«Нашмат лепшыя, — адказвае ён салодкім як патака голасам. — Калі хочаце».

Вестэрвэле спрабуе праз некаторы час зрабіць гэта ў больш прыязным тоне. Ён кажа пра Еўропу як пра супольнасць, заснаваную на каштоўнасцях, і хваліць тое, што Беларусь запрасіла на выбары назіральнікаў. Ён спадзяецца на тое, што выбары будуць «свабоднымі і сумленнымі», а назіральнікі ўбачаць неабходную празрыстасць. «Вы нават самі можаце падлічыць галасы, калі хочаце», — іранічна кажа Лукашэнка нямецкаму міністру.

«Зразумейце, — звяртаецца да сваіх гасцей Лукашэнка, — легітымнасць для нас важнейшая, чым для каго б там ні было на планеце».

Пакуль, запэўнівае ён, у Беларусі не было недэмакратычных выбараў, што значна звужае праўдападобнасць яго словаў, але гэта зусім не замінае здымкам беларускага дзяржаўнага тэлебачання. Там можна будзе ўбачыць такую карціну: «Бацька», то бок мудры бацька, праводзіць аўдыенцыю, а еўрапейскія палітыкі да яго прыязджаюць.

Вестэрвэле і Сікорскі не першыя і не апошнія эмісары Захаду, якія імкнуцца ўшанаваць Мінск сваёй прысутнасцю. Нядаўна тут была з афіцыйным візітам прэзідэнт суседняй Літвы Даля Грыбаўскайце, а таксама камісар Еўрасаюза па пашырэнні Штэфан Фюле. На гэтым тыдні кіраўнік канцылярыі федэральнага канцлера Рональд Пофала прыязджае ў краіну, якая ў мiнулыя гады была больш вядомая як «апошняя дыктатура Еўропы».

Уласна, адносіны былі зразумелыя, і так працягвалася дзесяцігоддзе. Захад не хацеў мець справаў з беларускім парыяй, які таптаў дэмакратыю і правы чалавека. Затое былы дырэктар саўгаса мог разлічваць на брацкую падтрымку Расіі. Усё гэта цяпер у мінулым. Калі раней Лукашэнка рэзка выступаў супраць амерыканцаў, то цяпер ён лае расійскае кіраўніцтва. Адносіны з Пуціным і Мядзведзевым «дрэнныя і, можа быць, нават яшчэ горш», — паскардзіўся ён нядаўна. Несправядліва, як ён лічыць, звольненаму былому мэру Масквы Лужкову ён гатовы даць прытулак. Расійскі прэзідэнт гнеўна на гэта адрэагаваў. Ён выступіў супраць «істэрычных абвінавачанняў» з боку беларускага прэзідэнта і паставіў пад сумнеў наяўнасць у яго «элементарнай чалавечай прыстойнасці». Расійскія сродкі масавай інфармацыі апошнім часам актыўна займаюцца душэўным здароўем беларускага лідара.

Грошы ўнеслі раскол у, здаваліся б, такія цеснымі адносіны. Доўгі час Лукашэнка карыстаўся таннымі пастаўкамі энерганосьбітаў з Расіі і такім чынам фінансаваў свой невялікі эканамічны бум. З саступкамі ў галіне коштаў цяпер скончана, і Лукашэнка шукае сабе новых сяброў. Нядаўна прэзідэнт Чавес паабяцаў яму «нафту на 200 гадоў наперад». У кароткатэрміновым плане гэта не асабліва моцна дапамагае Лукашэнку, і

таму ён перанёс запланаваныя на наступны год прэзідэнцкія выбары на 19 снежня. Справа ў тым, што ўжо са студзеня беларусы сутыкнуцца з павышэннем цэн на энерганосьбіты.

Таму Лукашэнка цяпер з задавальненнем прымае прадстаўнікоў Захаду, хоць яму іх павучанні і дзейнічаюць на нервы. «Як гэта ні банальна — мы зацікаўленыя ў Еўропе, але Еўропа таксама не можа без нас абысціся. Мы знаходзімся ў самым сэрцы кантынента», -кажа Лукашэнка. Ён хоча збліжэння з Еўрасаюзам, і больш-менш свабодныя выбары ўяўляюцца яму не занадта высокай цаной. Паразы ён усё роўна не баіцца, бо апазіцыя занадта слабая. Што датычыць еўрапейцаў, то глыбокая зіма ў расійска-беларускіх адносінах не засталася для іх незаўважанай. Перш за ўсё палякі і літоўцы лічаць, што настаў час зламаць існуючую паміж Беларуссю і Еўрасаюзам «кітайскую сцяну», як яе называе прэзідэнт Грыбаўскайце. Таму Еўрасаюз пераключыўся з палітыкі патрабаванняў на палітыку абяцанняў. Забарона на кантакты з галоўнымі беларускімі палітыкамі быў зняты, і было абяцана дабраславенне партнёрскай палітыкі.

«Мост у Еўропу» адкрыты, абяцае Вестэрвэле ў Мінску, аднак у яго чатыры апоры: «Дэмакратыя, верхавенства закона, правы чалавека, свабодныя і сумленныя выбары».

Якраз падчас нямецка-польскага двайнога візіту такія групы, як Belarus Watch выкарыстоўвалі яго ў якасці падставы для выстаўлення сваіх патрабаванняў. Варта памятаць аб тым, што «праціўнікі рэжыму і незалежныя журналісты ў Беларусі ўсё яшчэ падвяргаюцца запалохванням і пераследу. У Беларусі не скасаванае смяротнае пакаранне, а свабода выказвання меркаванняў, права на стварэнне аб’яднанняў і права правядзення сходаў рэгулярна парушаюцца».

Падзяліцца навіной: 

←Як

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика