Мікалай Халезін: Гэта не яго псіхатып

Источник материала:  
04.09.2010 19:43 — Разное
Пра Алега Бябеніна ўзгадвае кіраўнік «Свабоднага тэатра».

За 16 год сяброўства ў мяне не было ніводнай нагоды, каб адчуць, што ўсё можа скончыцца вось так. Не яго характар, улічваючы, як моцна ён любіў свайго сына.

Ён ніколі не быў дэпрэсіўным чалавекам. Наадварот, гэта быў чалавек, які суцяшае, супакойвае іншых, а не яго ўціхамірваюць. Я бачыў яго не дэпрэсіўным нават, а заклапочаным толькі аднойчы. Калі ён у мяне жыў нейкі час пасля разводу. То ён нават курыць не пачаў.

Неверагоднае пачуцце гумару. Алег і сам любіў пажартаваць і заўсёды гатовы быў падтрымаць у гэтым іншых. Так, у мяне ёсць знаёмыя людзі, пра якіх я магу сказаць, што яны схільныя да падобнага. Але гэта не пра Алега, не яго псіхатып.

Алег быў прафесіяналам, якіх, на маю думку, па пальцах адной рукі ў Беларусі можна пералічыць. У «Імя» ён прыйшоў, калі яму і 20 год не было. Хто б мог падумаць, што гэты хлопчык праз паўгода-год стане начальнікам аддзелу навінаў? У пошуку навінаў яму роўных не было. Тое, якім моцным, папулярным стаў сайт Хартыі, дзякуючы Алегу, таксама само за сябе гаворыць.

Алег быў спакойным, адэкватным чалавекам. Без праблемаў з алкаголем і камунікацыяй, як гэта часта назіраецца ў журналісцкім асяродку. Ён знаходзіў мову з любым супрацоўнікам.

Працуючы журналістам, Алег неаднойчы трапляў у міліцыю. Мы яшчэ жартавалі, кажучы, што для дасягнення ўзроўню сапраўднага журналіста трэба неаднойчы пасядзець у пастарунку. Не да жартаў стала, калі пасля «Чарнобыльскага шляху» ў 1997-м яго выкралі і вывезлі за горад у лес, адабраўшы асабістыя рэчы. Алега прыстрашылі, каб пісаў паменей. Але яго гэта толькі больш мабілізавала. Ён злавіў папутку і, як толькі прыехаў у горад, адразу пайшоў у рэдакцыю. Па яго вачах я зразумеў, што ён насамрэч перажыў, хоць выгляду ён і не падаваў. Гэтыя выпадкі толькі гартавалі Алега.

Як чалавек неверагоднага характару ён сябе праявіў у часе нападу эрэн"ешнікаў на Андрэя Саннікава ў 1999-м. Ён са Змітром Бандарэнкам фактычна выратаваў жыццё Саннікаву. Трэба было бачыць, як ён адначасова біўся з некалькімі нападнікамі, адцягваючы ўвагу на сябе, спыняў аўто.

Цяжка пра гэта ўсё гаварыць. Шмат несупадзенняў у гэтай справе. Пакуль не магу пра іх гаварыць.

Падзяліцца навіной: 
Запісаў Сямён Печанко

←«Алег быў маім сябрам і настаўнікам»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика