Расійскі палітолаг Аляксей Малашэнка, эксперт Маскоўскага Цэнтра Карнегі, у сваім блогу на сайце радыёстанцыі “Эхо Москвы” падзяліўся сваім меркаваннем наконт трохсерыйнай “Лукашэнкіяны”. Дакладней сказаць, ён піша пра тое, якія думкі можа выклкаць фільм “Хросны бацька” у звычайных расійскіх грамадзян.
Адна з іх вось якая.
“Што, калі Бацька (ён хлопец недурны, у вочы яму зазірніце) возьме і прызнае незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі? Вось ён прыездзе на гэтым тыдні на неафіцыйны саміт АДКБ і прызнае.Я б на яго месцы так бы і зрабіў. Проста з-за кепскага характару, каб паглядзець на расійскіх стратэгаў. Аляксандр Рыгоравіч, га? Зробім падлянку?”
Яшчэ ўчора такі варыянт выглядаў надта экзатычным, амаль неверагодным, бо нават прыезд Аляксандра Лукашэнкі на саміт у Ерэван ставіўся многімі палітолагамі пад сумнеў. Успаміналі леташні саміт АДКБ, які ён дэманстратыўна праігнараваў з-за “малочнага скандалу”. Пісалі пра тое, што прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, нібыта, збіраецца байкатаваць кіраўніка Беларусі, калі той прыездзе ў Ерэван...
Але сёння Лукашэнка ўжо ў Арменіі, і гэта гаворыць аб тым, што ён вельмі сур’ёзна рыхтуецца да ўдзелу ў саміце.Аўтар аднаго з водгукаў у блогу Малашэнкі піша (захоўваю стыль арыгінала): “Ну прызнае Лукашэнка А. і ПА, ну паглядзіць на разгубленыя, залітыя барвай сораму твары рабятаў-тандэмакратаў... Далей што? Прызнанне ж зваротнай сілы не мае. За сваё кароткачасовае маральнае задавальненне Лукашэнка заплаціць рэальнымі рэчамі, а менавіта 1) яшчэ больш сапсуе адносіны з “цывілізаваным светам” 2) трапіць у яшчэ большую залежнасць ад рабятаў-тандэмятаў”.
Трапная заўвага. З адным толькі немагчыма пагадзіцца. Уявіць сабе, каб твары Пуціна ці Мядзведзева паружавелі ад пачуцця сораму? Ды ўявіць “плачучага бальшавіка” куды прасцей! Абодва нават вокам не міргнуць – праглынуць з усімі вантробамі і скажуць: “А якія былі праблемы?” Ды й Лукашэнку са свайго боку наўрад ці моцна хвалююць адносіны з “цывілізаваным светам”. Уявіць іх нашмат горшымі, чым яны былі дагэтуль, даволі цяжка. Іншая справа – адносіны з Расіяй. Патэнцыял для іх далейшага пагаршэння, безумоўна, ёсць. Але ж колькі разоў на нашай памяці напружанасць у гэтых стасунках дасягала, здавалася, вышэйшага напалу, а потым усё мянялася. Колькі разоў Аляксандр Лукашэнка браў свае словы назад (гаспадар слова – хачу даю, хачу забіраю).
Можна не сумнявацца, што і гэтым разам ніводзін мускул не ўздрыганецца на твары кіраўніка дзяржавы ў выпадку, калі ён раптам заявіць аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.І ніякага працягу “Хроснага Бацькі”, зразумела не будзе.
Дык ці заявіць? Альбо прагучаць нейкія іншыя гучныя заявы? У любым выпадку палітолагі, як заўсёды, пасля патлумачаць нам, што менавіта такога развіцця падзей трэба было чакаць.
Засталося пару дзён.
Віталь Тарас