Сіноптыкі назвалі 3 чэрвеня самым цёплым днём з пачатку года
Сённяшні дзень з’яўляецца самым цёплым за ўвесь вяснова‑летні перыяд, паведаміла начальнік аддзела метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук.
Паводле яе словаў, 3 чэрвеня апоўдні тэмпература паветра вагалася ад 24 градусаў цяпла ў Брэсце да плюс 29 градусаў у Гомелі.
Да канца дня тэмпература паветра яшчэ падвысіцца на 2 градусы і на большай тэрыторыі краіны складзе 30‑31 градус вышэй за нуль.У Мінску апоўдні было плюс 28 градусаў. Да канца дня паветра яшчэ прагрэецца на пару градусаў. Аднак рэкордны максімум тэмпературы не будзе пераадолены. Паводле звестак Рэспубліканскага гідраметэацэнтра,
у Мінску самы цёплы дзень 3 чэрвеня быў адзначаны ў 1995 годзе, калі тэмпература паветра склала 31 градус вышэй за нуль.Спякоту ў другой палове дня 3 чэрвеня аслабяць навальнічныя дажджы, а на поўдні разам з навальніцамі чакаецца шквалістае ўзмацненне ветру, у многіх раёнах пройдуць моцныя дажджы і дзе‑нідзе нават магчымы град.
Людміла Парашчук паведаміла, што 4 чэрвеня надвор’е ў Беларусі ўжо зменіцца. Схаладае. Заўтра на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца моцныя залевы, якія будуць суправаджацца навальніцамі. Пры навальніцах прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі да 15‑20 метраў за секунду.
БЕЛТА