У спісе закрытых для купання зон адпачынку ў Беларусі пакуль толькі адзін вадаём
Пра гэта паведаміла сёння на прэс‑канферэнцыі доктар‑гігіеніст аддзялення камунальнай гігіены Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Жаўняк.
Паводле слоў спецыяліста, вада ў вадаёмах лічыцца непрыдатнай для купання, калі пагаршаецца яе бактэрыялагічная якасць. Як правіла, гэта звязана з інтэнсіўным размнажэннем мікраводарасцей і масавым купаннем насельніцтва. У купальны сезон бактэрыялагічнае даследаванне вады ў вадаёмах у месцах масавага адпачынку праводзяць кожны тыдзень. Пры атрыманні двух нездавальняючых вынікаў тэрытарыяльнымі органамі дзяржнагляду выносіцца пастанова аб забароне купання.
Пакуль купанне забаронена толькі ў адным вадаёме Беларусі. Паводле слоў урача‑гігіеніста, на працягу лета могуць быць закрыты для купання 40‑50 вадаёмаў. Купанне дазваляюць пры атрыманні двух здавальняючых вынікаў аналізу вады.
У Беларусі налічваецца больш як 600 санкцыянаваных пляжаў. Паводле даных на 1 чэрвеня, санітарна‑гігіенічная служба абследавала больш за 80 працэнтаў гэтых зон адпачынку. Сярод іх тыя ці іншыя парушэнні выяўлены ў 20 працэнтах.
БЕЛТА